Камбайнавы сямейны экіпаж у складзе Аляксандра і Мікалая Гарэлікаў з «Нарачанскіх зораў» першым у раёне намалаціў тысячу тон збожжавых. Высокапрадукцыйны «Лексіён», багаты жніўны палетак і энтузіязм камбайнераў зрабілі сваю справу. Павіншавалі сына і бацьку з працоўнай перамогай старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Кот і яго першы намеснік, начальнік райсельгасхарчу Ігар Шавялёў (на здымку). Цёплыя пажаданні адрасавалі лідарам старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Наталля Прэпесць і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Леанід Радзевіч.
Блізкія да тысячнага намалоту экіпажы Генадзя Насякайлы і Руслана Садоўскага. Таксама з «Нарачанскіх зораў» .
Яны з раніцы сабраліся на мехдвары, каб павіншаваць лідараў жніва – камбайнавыя экіпажы Валерыя Урагі і Івана Баравога. Чакалі агітбрыгаду райвыканкама з належнай у такім выпадку падзякай ад выканаўчай улады.
Жніво ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Чурлёны» набірае тэмпы. Прадстаіць убраць немалую плошчу жніўных культур – 2225 гектараў. Пасля рэструктурызацыі сельгасарганізацыя адапціравала адно да другога два гаспадарчыя механізмы. Пра гэта расказвае кіраўнік таварыства Пётр Міргалоўскі. А яшчэ пра тое, што ў «Чурлёнах» створаны два кормаўборачных атрады,па колькасці мехдвароў і размешчаных у іх тэхнічных адзінак. Камбайнавыя экіпажы, іх дзевяць, прывязаныя да мясцовасці і без вострай неабходнасці тэхніка не перакідваецца на далёкія адлегласці. Такім чынам і паліва эканоміцца. А з ім, як заўсёды, напружана падчас такіх масавых кампаній.
Праўда, пайшлі грошы за першыя тоны прададзенай збажыны – і сёння з гаручым бачных праблем не існуе: запас – на тры-чатыры дні.
– Адначасовае выспяванне культур, анамальная на фоне халаднаватага лета спёка – значыць, экстрэмальнае жніво?
– Ды не, – з уласцівай яму стрыманасцю ўсміхаецца Пётр Мікалаевіч. – Безумоўна, год на год не прыходзіцца. Але ніякай выключнасці не бачу. І механізатары арыентаваныя на дзелавы, будзённы ход жніва.
– У якім, аднак, павінны быць свае адметнасці?
– Накшталт сённяшняга віншавання. Прыемна людзям атрымаць яго ад выканаўчай улады, ад кіраўніка раённага аб’яднання прафсаюзаў. Гэта добрая практыка нашай ідэалагічнай службы. Калі прынароднае ўшанаванне. Ад душы сказаныя словы. Ды яшчэ пад музыку.
Словы сапраўды былі вымаўлены Наталляй Прэпесць, старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў. У іх – ацэнка хлебаробскай працы, пажаданні здароўя, добрага, надзейнага сямейнага тылу.
Ёсць такі тыл у Валерыя Урагі. З хваляваннем і спагаднай усмешкай сочыць за мужам яго спадарожніца жыцця – Ірына. Сёння яна яшчэ і яго памочнік на хлебнай ніве. Пасля таго, як адбылося ўшанаванне і прагучалі мелодыі ў выкананні Уладзіміра Навуменкава, абодва згадзіліся на кароткае інтэрв’ю. І ў іх адказах была тая агульнасць інтарэсаў, якая ўласціва толькі дружным, з’яднаным духоўнай повяззю парам.
Валерый сёмае жніво на камбайне. Хоць механізатарам, кажа, усё жыццё. З таго часу, як вярнуўся са службы. У Калодках – вёсцы тутэйшых мясцін, яго чакалі бацькі. З Ірынай жа пазнаёміўся, як адчынілі ў Лыцавічах, цэнтры колішняга калгаса імя Кірава, філіял Мінскага гадзіннікавага завода.
– Тады, – смяецца Ірына Леанідаўна, і перажаніліся мясцовыя механізатары. Мы, прыезжыя, пэўна, лепшымі аказаліся, чым вясковыя дзяўчаты…
Лепшыя не лепшыя, але ў сям’і Урагаў усё склалася як мае быць. Атрымалі ад гаспадаркі жыллё, наладзілі быт, дзяцей нарадзілі – дачку і сына. Цяпер ужо ўнукі падрастаюць.
Яшчэ некалькі кінутых на хаду слоў – і заспяшаліся Валерый з Ірынай да свайго камбайна: жніво лічыць час на хвіліны…
Мабыць, таму, экіпажы лідараў жніва адкрытага акцыянернага таварыства «Новая Любанія» мы заспелі ўжо ў полі.
Ссунутая ў валкі салома яшчэ захоўвала ранішнюю вільгаць, нягледзячы на 30-градусную спёку. Напэўна, дзякуючы выпарэнням зямлі. Камбайнавы экіпаж Сяргея Аўгусціновіча і Яўгена Дуброўскага першым спыніўся на ржышчы, заўважыўшы на палявой дарозе гасцей. Першым і прыняў віншаванні, праяўляючы аднак бачную заклапочанасць дзеяй жніва, што разгортвалася на ячменным палетку.
Яўген – памочнік камбайнера, студэнт БНТУ, будучы інжынер-будаўнік цеплавых і атамных электрастанцый. Зусім не выключае магчымасці працаваць на ўзвядзенні Астравецкай АЭС. Наадварот, быў бы ёй вельмі рады.
У складзе другога экіпажа-лідара – Сяргей Барташэвіч і Антон Пыск.
– Антон закончыў будаўнічы каледж у Маладзечне і цяпер дапамагае нам падымаць «Новую Любанію», – з гонарам за сына, без цені жарту, інфармуе Ірына Пыск, брыгадзір акцыянернага таварыства.
– Тут у нас так званы «кішэнны» масіў, асноўнае поле – там, за хмызняком, – ківае ўбок суседняга палетку, на якім зводдаль вылучаюцца сілуэты камбайнаў, Пётр Вяжэвіч, кіраўнік сельгасарганізацыі. Ячменны паток сапраўды запаўняе падкову густалесся, вырываючыся затым на адкрыты прастор шырокага поля. Там – 70 гектараў збажыны, якую сёння жнуць 8 камбайнавых экіпажаў.
– Стаіць рабочае надвор’е. Самы раз убіраць, – аптымізму кіраўніку акцыянернага таварыства не займаць.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов






