Амаль у кожным двары прыватнага сектара райцэнтра чырванеюць вішні. Міжволі погляд шчэміцца цераз платы, каб пацешыцца гэтым прыродным хараством. А ўчэпістая памяць, нібы дыск прайгравальніка зацёртую пласцінку, круціць у свядомасці словы некалі папулярнага шлягера: «Паспелі вішні ў садзе дзядзі Вані…» Сапраўды паспелі. Вішні, маліна, агрэст, чарэшня. Ах, якая вабная чарэшня ў вядзерцах. так і просіцца на дэгустацыю. Толькі належыць яна не дзядзьку Ваню, а Леаніду Маліноўскаму, жыхару Вілейкі, які вынес яе ў якасці тавара на мясцовы рынак.
Гандляры на імправізаваных тарговых месцах уздоўж бардзюра – не прафесіяналы. Ды і тавар у іх сезонны. Чым вабіць? Тым самым таварным выглядам. Калі вішня – дык толькі што з дрэва, агурочкі – з градкі. Малады укроп, чоснік, цыбуля з зялёным пяром – усё такое вабнае, свойскае, распаўсюджвае той непараўнаны пах, які некалі ў дзяцінстве гушкалі пад вольнымі аблокамі дымы сялянскіх хат.
А бульбачка з парэпаным шалупіннем? Так і ўзгадваем яе на прыску ў чыгунку, буйна пасыпаную ўкропам. Дыяпазон цаны – ад 6 да 11 тысяч за кілаграм. Ды што там гэтыя тысячы. Не столькі каштуе людская праца, укладзеная ў вырошчванне гэтых пухнатых клубеньчыкаў… Але з прадаўцамі можна і патаргавацца. Хай сабе і проста так, для прыліку. Атрымаўшы якую тысячу скідкі, адчуваеш сябе сапраўдным асам маркетынгу. Напэўна, тыя ж самыя пачуцці агортваюць згаворлівую душу прадаўца.
На імправізаваным рынку рэдка хто перапрадае тавар: балазе ў цэнах кідкіх разыходжанняў няма. Наадварот, там, дзе гандлююць «тытулаваныя» прадпрымальнікі, пад дахамі так званых «ралетаў», цэны бываюць злёгку вышэйшымі. Як-ніяк, бізнес, які павінен прынесці нейкі дадатковы кошт. Гэта калі прытрымлівацца эканамічнай формулы класіка. Імправізаваныя рынкі абыходзяцца без тэорыі. Арыентуючыся на сярэдні ўзровень цэн, тут прапаноўваюць салодкую і буйную, нібы вінаградны плод, маліну, па цане 30 тысяч за кілаграм, чарніцы – таксама ў гэтым дыяпазоне. Хоць ягады лясныя – вельмі працаёмкія. Пастой над плантацыяй з гэтага прыроднага дарунку ў позе пытальніка хаця б гадзіну, – адчуеш сапраўдны яго кошт. Як і суніц, духмяных, з водарам ляснога ландыша. І ўжо не пашкадуеш заплаціць 20 тысяч за шклянку вітаміннага «напою» немаладога веку жанчыне.
А на прылаўках самачыннага рынку – чырвоныя і чорныя парэчкі (адпаведна па 30 і 80 тысяч за пяцілітровае вядзерца. Лісіцы ўпакаваны ў плацікавыя ёмістасці з-пад маянэзу. адна такая каштуе 15-30 тысяч рублёў. Напэўна, у залежнасці ад выдаткаваных на іх пошукі намаганняў. Агуркі – па 15 тысяч. На крамных паліцах даводзілася бачыць напалавіну таннейшыя. Але ж… таварны выгляд не той.
І ў любы час года над прытуленым да бардзюра рынкам вытворцаў-збіральнікаў пануе кветкавая рапсодыя. Вясною – сціплая, у тон яе першацветам, летам – буйная, мажорная, нібы рознаколерныя лілеі, якія я заўсёды імкнуся наведаць, каб узняць сабе настрой і зазірнуць у зычлівыя вочы іх гаспадыні. Бывае, я сумняваюся ці прадае яна свой тавар. Можа, проста размяшчае яго, як самае дасканалае стварэнне прыроды, каб упрыгожыць гэты стыхійны рынак і ўнесці святло хараства і духоўнасці ў яго будзённую мітусню.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА











