Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у VI з’ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
У сваім выступленні кіраўнік дзяржавы адзначыў той факт, што, нягледзячы на негатыўны ўплыў глабальнага крызісу і рэзкае пагаршэнне кан’юнктуры рынку энерганосьбітаў і іншых рэсурсаў, Беларусь змагла забяспечыць няўхільны ўздым эканомікі, не дапусціўшы падзення вытворчасці і масавага беспрацоўя. Дадатная дынаміка эканамічнага развіцця, стабільнасць і спакой у грамадстве былі і застаюцца характэрнымі рысамі Беларусі, якія выгадна вызначаюць яе на постсавецкай прасторы. На думку кіраўніка дзяржавы, у многім гэтаму садзейнічала сумесная работа органаў улады з прафсаюзамі і працоўнымі калектывамі.
Прэзідэнт нагадаў, што ў будучым перад краінай стаяць напружаныя задачы. «Для паспяховай рэалізацыі такіх маштабных мэт патрэбна кансалідацыя грамадзян Беларусі, аб’яднанне намаганняў і рэсурсаў дзяржавы і грамадства», – лічыць кіраўнік дзяржавы. У той жа час, як паказвае вопыт, у першую чаргу неабходна разлічваць на сябе, свае рэзервы і магчымасці, наводзячы ўзорны парадак ва ўсіх справах у краіне, пры гэтым не адкідваючы ніводнай магчымасці для ўмацавання ўзаемавыгадных адносін са стратэгічнымі партнёрамі.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў працэсе абнаўлення краіны адну з вядучых роляў трэба будзе адыграць Федэрацыі прафсаюзаў. «На гэтым этапе федэрацыя як адна з самых масавых, самых патрыятычна настроеных арганізацый павінна дакладна вызначыцца: што вы можаце даць дзяржаве, дзе падставіце плячо, якую сферу адказнасці прымеце на сябе», – сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы бачыць важнейшы аспект канструктыўных, сапраўды партнёрскіх адносін паміж уладай і грамадскімі арганізацыямі не ў адасабленні, а ў сумесным вырашэнні стратэгічных задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.
«Успомніце, на пятым з’ездзе Федэрацыі прафсаюзаў, калі абмяркоўваліся асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2005-2010 гады, ставіліся амбіцыйныя задачы. Мы планавалі, што валавы ўнутраны прадукт узрасце на 50 працэнтаў, сярэдняя заработная плата дасягне $500 у эквіваленце, удвая скароціцца ўзровень малазабяспечанасці. Тады гэта здавалася вельмі высокай планкай і многімі ўспрымалася скептычна. Але ж мы дасягнулі гэтых рубяжоў, нягледзячы на ўсе складанасці, якія нам паднесла сусветная эканоміка, і, скажам шчыра, не толькі яна», – сказаў Прэзідэнт.
Стаўка – на максімальную актывізацыю прадпрымальніцкай ініцыятывы
«Беларусь робіць стаўку на максімальную актывізацыю прадпрымальніцкай ініцыятывы, выкарыстанне лепшага сусветнага вопыту для павышэння эфектыўнасці гаспадарання ва ўсіх галінах і на ўсіх прадпрыемствах», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь імкнецца, каб яе эканоміка дынамічна развівалася і была прывабная як для айчынных, так і замежных інвестараў. «Мадэрнізацыя эканамічнага ўкладу, пераход на больш высокі тэхналагічны ўзровень вытворчасці, шырокае ўкараненне інавацый ва ўсе сферы – усё гэта павінна забяспечыць павышэнне канкурэнтаздольнасці ў свеце не толькі беларускай прадукцыі, але і нашай краіны ў цэлым», – сказаў Прэзідэнт.
«Я для сябе цвёрда вырашыў і вызначыўся, калі нам трэба будзе яшчэ працаваць, каб вы, работнікі вытворчасці, камерсанты, бізнесмены, не папракалі дзяржаву – мы вам дадзім поўную волю ў будучай пяцігодцы распараджацца ўласнымі сродкамі. Гэта значыць вырабілі, заплацілі падаткі, абавязковыя плацяжы – ёсць у вас грошы – дзяліце і жывіце», – сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама адзначыў, што ў выпадку аб’ектыўных цяжкасцей дзяржава дапаможа, але «на плячах цягнуць нікога не будзе».
Рабочых месцаў паболее
«У Беларусі ў будучай пяцігодцы плануецца больш як на трэць павялічыць колькасць новых рабочых месц, забяспечыць кардынальны рост прадукцыйнасці працы», – сказаў Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што ўздыму эканомікі трэба надаць больш магутны імпульс. За пяцігоддзе неабходна павялічыць амаль у 1,7 раза валавы ўнутраны прадукт. Паводле яго слоў, менавіта на гэтым асноўваюцца прагнозы аб значным павышэнні зарплаты і рэальных даходаў насельніцтва ў цэлым. «Прыярытэтная задача ўлады – каб якасць жыцця людзей ні ў чым не ўступала якасці жыцця ў перадавых дзяржавах свету», – падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што «мы не будуем паветраных замкаў, не прыдумваем гучных папулісцкіх лозунгаў, каб спадабацца людзям». «Паверце, за такімі прывабнымі загалоўкамі нічога не стаіць. Калі абяцаюць знізіць падаткі і ў дзясяткі разоў павысіць зарплату, пенсіі, стыпендыі, не трэба быць эканамістам, каб зразумець галаслоўнасць такіх заяў. Гэта поўная няпраўда», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Мільёны новых рабочых месц» гучыць, вядома, вельмі прыгожа. Толькі аўтары такіх ідэй замоўчваюць тое, што такі «прырост» яны плануюць за кошт скарачэння існуючых рабочых месц. Каму, скажыце, патрэбны такі пыл у вочы? І мільёны новых рабочых месц – гэта сотні мільярдаў долараў. Калі яны ў кагосьці ёсць, то ў гэта можна паверыць», – адзначыў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, «хацелася б усё зрабіць хутчэй: і зарплату даць людзям большую, і стыпендыі павысіць, і бясплатным жыллём забяспечыць усіх жадаючых». «Усе гэтыя гады ўлада была сумленна перад народам і брала на сябе толькі тыя абавязацельствы, у выкананні якіх была ўпэўнена», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт перакананы, што ў краіне ёсць перадумовы для таго, каб зрабіць больш і лепш. «Мы да гэтага ідзём, але паступова, па меры сваіх магчымасцей», – сказаў ён.
Пенсійны ўзрост не павялічыцца
Кіраўнік дзяржавы чарговы раз заявіў, што павялічваць пенсійны ўзрост у краіне не плануецца: «Нам не трэба ўзнімаць пенсійны ўзрост, таму што нашы пенсіянеры, калі ёсць магчымасць, усё роўна працуюць. Тут мы павінны іх падтрымаць. Няхай працуюць, калі хочуць. Паўстае другое пытанне: ён пенсію атрымлівае і заработную плату». Пры гэтым Прэзідэнт заўважыў, што пенсіі ў краіне зусім невысокія. «Дык навошта ламаць коп’і?» – лічыць Аляксандр Лукашэнка. Калі людзі хочуць працаваць – няхай працуюць, гэта ж нядрэнная прыбаўка да пенсіі, і гэта трэба падтрымліваць, сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы заявіў аб тым, што ўсе размовы аб павелічэнні пенсійнага ўзросту трэба раз і назаўсёды забыць, і запэўніў, што ў бліжэйшы час у Беларусі не пойдуць на павелічэнне пенсійнага ўзросту.
Дзяржава пакуль можа гэта вытрымаць. Калі будзе цяжка, будуць зняты іншыя праграмы і праекты, але пенсійны фонд заўсёды будзе забяспечаны, заявіў Прэзідэнт Беларусі.
Жыллёвая праграма –у кантэксце дэмаграфіі
«Калі і ў далейшым мы не будзем забяспечваць дадатнага прыросту насельніцтва, мы як дзяржава не адбудземся, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Нам трэба хоць бы 30 млн. чалавек, а мы да 30 млн. не дацягваем. Што такое 10 млн. на такую тэрыторыю?»
Менавіта таму, як лічыць беларускі лідар, нават жыллёвую праграму трэба карэкціраваць пад вырашэнне гэтай праблемы. Штосьці ў гэтым напрамку ўжо зроблена, але гэтага недастаткова.
«Трэба больш прынцыпова падысці да вырашэння гэтага пытання. З’яўляецца ў сям’і трэцяе дзіця – гарантавана кватэра. І, можа быць, за 25 працэнтаў яе кошту, а можа быць, і бесплатна», – сказаў Прэзідэнт. Толькі ў выпадку належнага матэрыяльнага стымулявання магчыма вырашыць гэту праблему, перакананы кіраўнік дзяржавы. Цяпер для большасці беларускіх сем’яў мець дваіх дзяцей – норма, а вось адважыцца на нараджэнне трэцяга дзіцяці ўжо цяжкавата. «Дзяржава павінна дапамагчы сем’ям для таго, каб яны мелі траіх дзяцей. Трое дзяцей у сям’і – гэта ўжо істотны прырост насельніцтва. А калі мы сканцэнтруем рэсурсы на аказанні дапамогі сям’і пры нараджэнні чацвёртага і пятага дзіцяці, то гэта дапаможа вырашэнню дэмаграфічнай праблемы», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Дзеля падтрымкі сям’і
«Сфера адказнасці прафсаюза – не толькі работнік, але і яго сям’я, таму што плённа можна працаваць толькі ў тым выпадку, калі ведаеш: дома ўсё ў парадку», – сказаў Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што дзяржава ніколі не эканоміла на сям’і. Аб гэтым сведчаць і факты. У прыватнасці, цяпер сістэма дапамог распаўсюджваецца прыкладна на паўмільёна дзяцей, амаль 45 тыс. дзяцей ва ўзросце да 2-х гадоў забяспечаны бясплатным харчаваннем, адрасную дапамогу атрымліваюць больш як 19 тыс. сем’яў з дзецьмі. «Ніводная дзяржава, нават самая багатая, не можа сабе такога дазволіць», – сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўсё гэта садзейнічала пэўнай стабілізацыі дэмаграфічнай сітуацыі. Але, як лічыць Аляксандр Лукашэнка, супакойвацца рана і трэба ісці далей: рэалізаваць комплекс дзейсных мер па матэрыяльнай і маральнай падтрымцы сем’яў.
Прэзідэнт запатрабаваў таксама асаблівую ўвагу ўдзяліць праблеме сацыяльнага сіроцтва. Паводле яго слоў, за апошнія некалькі гадоў удалося істотна палепшыць сітуацыю. У прыватнасці, скарацілася колькасць дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Дзяржава прымусіла нядбайных бацькоў працаваць і плаціць за ўтрыманне сваіх дзяцей. І многія з іх пачынаюць нармальнае жыццё, дзеці вяртаюцца ў свае сем’і.
Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў бліжэйшы час будзе праведзена комплексная праверка стану спраў у гэтай сферы.
Беларускі лідар лічыць, што да бацькоў, якія кінулі сваіх дзяцей, павінны прымяняцца самыя строгія меры. Прафсаюзы павінны таксама ўнесці свой уклад у вырашэнне праблемы сацыяльнага сіроцтва, хаця б у плане кантролю за нядобранадзейнымі сем’ямі.
Кіраўнік дзяржавы таксама сказаў аб тым, што важнай задачай з’яўляецца перасяленне дзяцей з дамоў-інтэрнатаў у дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. У будучай пяцігодцы гэта трэба завяршыць, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама адзначыў, што дзяржава будзе ўсяляк падтрымліваць такія дзіцячыя дамы.
Падтрымка пенсіянераў – клопат дзяржавы
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што асаблівым клопатам дзяржавы з’яўляецца падтрымка пенсіянераў, якія складаюць больш за чвэрць насельніцтва краіны. Для большасці з іх пенсія – адзіная крыніца даходаў. «І мы па меры росту заработнай платы будзем яе павышаць. Ужо ў бліжэйшы час прапрацуем пытанне аб магчымасці правядзення пераразліку пенсій, перш за ўсё самых нізкіх», – сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што дзяржава паклапоціцца і пра сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, якія не пераклалі адказнасці за іх на плечы дзяржавы.
На думку Прэзідэнта, прадпрыемствы павінны больш дапамагаць сваім пенсіянерам і ветэранам. «Усе любяць параўноўваць нашы пенсii з заходнімі. Але там вялікую частку пенсійнага даходу складаюць карпаратыўныя пенсіі, – падкрэсліў ён. – Таму, калі ёсць магчымасць, уключайце адпаведныя палажэнні ў калектыўныя дагаворы, удзельнічайце ў праграмах дадатковага страхавання».
Патрэбны кадры высокай кваліфікацыі
«Цяпер ужо недастаткова гаварыць проста аб занятасці. Трэба працаваць над забеспячэннем эканамічна эфектыўнай занятасці», – лічыць Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што сёння на некаторых беларускіх прадпрыемствах востра стаіць праблема залішняй рабочай сілы, але пры гэтым адначасова ёсць дэфіцыт кваліфікаваных рабочых і спецыялістаў.
«Неабходна, каб кваліфікацыйныя характарыстыкі прэтэндэнтаў на рабочыя месцы адпавядалі запытам наймальніка. Усе не могуць быць юрыстамі, эканамістамі, менеджарамі. Патрэбны кадры высокай кваліфікацыі па рабочых спецыяльнасцях. І гэта вялікі дэфіцыт», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама адзначыў, што апошнім часам у Беларусі абазначылася тэндэнцыя зніжэння прывабнасці рабочых прафесій сярод моладзі. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы лічыць, што прафсаюзы павінны знайсці сваю нішу ў гэтым пытанні. Напрыклад, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў стварыць інфармацыйную базу аб вакансіях рабочых месц, дапамагчы ў працаўладкаванні ў цэлым, і ў пошуку першага рабочага месца для маладых спецыялістаў у прыватнасці.
Праграма адраджэння вёскі будзе прадоўжана
«Праграма адраджэння і развіцця вёскі будзе прадоўжана, але будзе кардынальна перагледжана», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, у галіне сельскай гаспадаркі «мы дакладна вызначыліся, што і дзе будзем вырабляць». У перспектыве праграма і падтрымка АПК будзе будавацца так, каб не панізіць узровень тэхнічнага аснашчэння галіны.
«Тэхнічную аснашчанасць гаспадарак мы будзем трымаць на самым высокім узроўні», – сказаў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што дзяржава ўклала нямала сродкаў для стварэння неабходнай тэхнічнай базы ў вёсцы і аддача павінна быць адпаведнай. «У сакавіку-красавіку будучага года мы будзем патрабаваць за тэхніку, паглядзім, у якім яна стане», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. «Мы забяспечылі ўсе неабходныя ўмовы для развіцця сельскай гаспадаркі, у тым ліку і што датычыцца аснашчанасці, цяпер рухайцеся далей у выбраным напрамку, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. – У далейшым нашы сродкі пойдуць на інавацыйныя праекты, стварэнне суперсучасных прадпрыемстваў.
Прэзідэнт адзначыў, што краіна павінна выйсці на самазабеспячэнне таварамі і тады, як падлічыў Нацыянальны банк, не будзе адмоўнага сальда плацежнага балансу.
Аляксандр Лукашэнка таксама паведаміў, што ў бліжэйшы час будзе разгледжана пытанне рэалізацыі праграмы стварэння аграгарадкоў і ўкаранення там адпаведных стандартаў.
Наступная пяцігодка будзе перыядам абнаўлення
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што на чацвёртым Усебеларускім народным сходзе трэба будзе зацвердзіць Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2011-2015 гады. «Ужо стала палітычнай традыцыяй, што гэты глабальны дакумент, які прадвызначае далейшыя перспектывы дзяржавы, прымаецца не ў чыіх-небудзь кабінетах, няхай нават самых высокіх, а непасрэдна народам у асобе прадстаўнікоў, якім людзі давяраюць такія паўнамоцтвы», – сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама дадаў, што зусім хутка праект праграмы будзе прадстаўлены на ўсеагульнае абмеркаванне, і кожны грамадзянін краіны зможа прыняць удзел у вызначэнні стратэгіі развіцця Беларусі на бліжэйшыя пяць гадоў. Прэзідэнт перакананы, што якім бы маштабным не быў дакумент, ісці ён павінен ад жыцця.
«Думаю, гэта і ёсць нагляднае пацвярджэнне праяўлення ўлады народа. Не якая-небудзь дэмагогія, а такія вось канкрэтныя прыклады, якія даюць магчымасць любому грамадзяніну ажыццяўляць кіраванне дзяржавай», – лічыць Прэзідэнт.
Ён не стаў дэталізаваць змест праграмы, аднак заўважыў, што яна вельмі напружаная і дынамічная. «Інакш і не можа быць, калі мы паставілі за мэту стварыць абноўленае аблічча Беларусі», – перакананы кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што цяперашні з’езд прафсаюзаў – гэта не проста падвядзенне вынікаў і выпрацоўка перспектыў работы федэрацыі, але і важная падзея ў жыцці ўсяго грамадства, паколькі прафсаюзы прадстаўляюць інтарэсы абсалютнай большасці працоўнага насельніцтва краіны. Ён таксама лічыць глыбока сімвалічным, што прафсаюзныя з’езды апошняе дзесяцігоддзе праходзяць напярэдадні пяцігодак, калі распрацоўваюцца і шырока абмяркоўваюцца перспектыўныя планы і асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. «Гэта само па сабе надае нашым форумам асаблівую значнасць, прадастаўляючы магчымасць уносіць свой канкрэтны ўклад у вызначэнне шляхоў развіцця дзяржавы і павышэння дабрабыту народа», – сказаў Прэзідэнт.
Сфарміраваць атмасферу партнёрства
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, галоўная работа прафсаюзаў – у працоўных калектывах. «І ў перыяд эканамічных цяжкасцей, і пры мадэрнізацыі калектыў у любым выпадку ліхаманіць. У першым выпадку – ад праблем, у другім – ад неразумення сваёй будучыні пасля абнаўлення вытворчасці», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. Менавіта таму прафсаюзы павінны забяспечваць баланс інтарэсаў. «Людзі павінны ведаць перспектывы як сваіх галін і прадпрыемстваў, так і свае асабістыя, сваё месца на гэтым прадпрыемстве. Павінен быць забяспечаны пастаянны дыялог паміж наймальнікам і работнікамі. І гэта таксама прафсаюзная справа», – лічыць Аляксандр Лукашэнка.
«Па сваёй прыродзе прафсаюзы прызначаны выконваць шмат функцый, часам дыяметральна процілеглых, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – З аднаго боку, трэба дабівацца задавальнення ўсіх патрэбнасцей работнікаў. З другога, з наймальнікам павінны быць выбудаваны канструктыўныя, я нават сказаў бы, дыпламатычныя адносіны, каб знаходзіць аптымальныя шляхі вырашэння праблем, пры неабходнасці – ісці на кампраміс. І самае галоўнае, узнімаючы тое ці іншае пытанне, вы павінны рэальна ацэньваць эканамічную сітуацыю ў краіне. І ні ў якім выпадку не займацца папулізмам».
«Мы ўжо такое ў нашай гісторыі праходзілі, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Тады дзейнасць прафсаюзаў не мела нічога агульнага з рэальнай абаронай правоў рабочага чалавека, а была накіравана на задавальненне інтарэсаў вярхушкі арганізацыі».
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што прафсаюзы сур’ёзна недапрацоўваюць у пытаннях аховы працы і скарачэння выпадкаў вытворчага траўматызму.
«Мы шмат гаворым аб высокіх матэрыях, інавацыях. Але часам маўчым аб тым, што адной з асноўных прычын гібелі людзей у нашай краіне застаецца вытворчы траўматызм. Лічу, у ХХІ стагоддзі такая сітуацыя выглядае проста абсурдам», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Толькі за 8 месяцаў гэтага года ў выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасці загінула 152 чалавекі і каля 500 траўміраваны. Часта гібель людзей абумоўлена знаходжаннем іх на рабоце ў стане алкагольнага ап’янення.
Прэзідэнт лічыць, што, як правіла, роля прафсаюзных арганізацый зводзіцца да фіксацыі фактаў, а мэтанакіраваная работа па выяўленню і ўстараненню прычын, якія іх спараджаюць, адсутнічае.
БелТА







