У тым далёкім сорак чацвёртым віляйчанцы Леаніле Валынец было чатырнаццаць. Малодшая з траіх дачок старшыні Асіпавіцкага сельсавета Васіля Сыракваша, яна і цяпер, праз сем з «хвосцікам» дзясяткаў гадоў, памятае той чэрвеньскі дзень.
– У той ваенны год на 14 чэрвеня прыпала прыгожае свята – Сёмуха, – прыгадвае Леаніла Васільеўна. – Вайна вайной, а маладым жа хочацца весяліцца. Вось і вечарынку ў нашай вёсцы Ілішчавічы сабраліся зладзіць. А тут раптам з боку шашы Вілейка–Смаргонь як грымнуў выбух! Ужо пазней мы даведаліся, што на першым павароце за мастом праз рэчку Спорню нехта падклаў міну, на якой падарваўся начальнік вілейскага СД Граве са сваёй каханкай. Людзі прыпомнілі, што напярэдадні бачылі незнаёмцаў у нямецкай форме, якія лавілі ля маста рыбу, і здагадаліся, што хутчэй за ўсё гэтыя незнаёмцы і падклалі міну. Усе зразумелі, што над вёскай навісла бяда…
Бліжэй да вечара Ілішчавічы акружылі немцы. Жыхароў – а гэта было чалавек з пяцьсот – сагналі на сярэдзіну вёскі. Тут жа людзей раздзялілі: мужчын выстраілі ўздоўж плоту з аднаго боку, жанчын з дзецьмі і старых – з другога. Немцы адразу ж пачалі высветляць, хто з вяскоўцаў дзяжурыў на шашы ў апошнія дні. Тут трэба растлумачыць, што ў тыя ваенныя гады дарогі разбіваліся на ўчасткі, за стан якіх жыхары прыдарожных вёсак адказвалі сваім жыццём. Яны па чарзе дзяжурылі на замацаваных участках: па загаду немцаў цягалі канём ці самі бароны, каб узрываць закладзеныя партызанамі міны. Немцы праязджалі тады, калі дарогі такім чынам былі правераны. Дык вось менавіта тых, хто дзяжурыў на шашы напярэдадні ўзрыву, і шукалі ворагі.
– Першай выйшла Насця Смірнова, – прыгадала Леаніла Васільеўна. – Ад яе не адсталі дзве дачушкі, хоць маці і адганяла, прасіла не выходзіць. За жанчынай зрабілі крокі ўперад і іншыя. Размова была кароткай – аўтаматная чарга па ўсіх «вінаватых». Жудасная цішыня навісла над знямелымі людзьмі. Затым прагучаў новы загад: выбраныя з натоўпу мужчыны павінны былі цягаць забітых у хлеў мясцовага жыхара Змітра Бядрыцкага. Гэта жудасная карціна не забудзецца ніколі – аднавясковец Васіль Дубовік, спалатнелы ад невыноснага болю і жалю, нясе да хлява цела забітай дачкі Галі…
Тым, хто пераносіў трупы, не суджана было вярнуцца назад – іх палажылі аўтаматныя чэргі побач з забітымі раней. Хтосьці спрабаваў уцякаць, але аўтаматныя чэргі даставалі. А неўзабаве ворагі падпалілі хлеў з забітымі і вярнуліся да натоўпу. І тут…
– Я з мамай і сёстрамі стаяла з аднаго боку, а тата – з другога, – працягвае страшны аповед Леаніла Васільеўна. – Раптам бачым, наш тата, не стрываўшы глядзець на зверствы ворагаў, выйшаў наперад. «За што так людзей? Што вы робіце?» – гэта і нешта яшчэ гнеўна крычаў ён немцам. Ён быў першым старшынёй сельсавета, заўсёды дапамагаў людзям, заступаўся за іх. І тут не стрымаўся…
Васіля Якаўлевіча, як і папярэдніх вяскоўцаў, расстралялі. На вачах жонкі, дачок… І сёння, праз столькі дзясяцігоддзяў пасля трагедыі, Леаніла Васільеўна зноў і зноў перажывае ўбачанае: скошаны кулямі бацька падае, яго цела забойцы чамусьці адвалаклі не ў хлеў, дзе сабраны былі ўсе забітыя, а ў асобную хату. Яна таксама занялася агнём…
– Не перадаць словамі, што гэта было, – мая суразмоўца на хвіліну сціхала, бачна, што старалася суцішыць той даўні боль. – А пасля лінуў такі дождж! Ён патушыў тое страшэннае полымя… Ніколі не забуду, як мая бабуля, здранцвелая ад гора, збірала потым па тым папялішчы татавы костачкі… А маму на другі дзень ворагі пагналі на тое дзяжурства – баранаваць адведзены ўчастак дарогі. Можна толькі ўявіць, што думала яна ў той момант, як перажывала страшэнную трагедыю.
Спіс жыхароў вёскі Ілішчавічы, якія загінулі ў той чэрвеньскі дзень, Леаніла Васільеўна склала сама. У ім – дваццаць сем прозвішчаў. Мацукевічы, Субачы, Бядрыцкія, Дубовікі… Гэтыя распаўсюджаныя для асіпавіцкіх мясцін прозвішчы паўтараюцца ў спісе часта. Названы яшчэ і пяць чалавек з іншых вёсак, якія на той час жылі ў Ілішчавічах – іх таксама знішчылі. Дакладна, правяраючы кожнае слова, складала жанчына гэты спіс. Урэшце, да такіх адносін да справы яе, Леанілу Васільеўну, прывучыла любімая прафесія, якой аддадзены многія гады жыцця. У свой час яна закончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя Леніна, вывучылася на юрыста. Два дзясяткі гадоў працавала ў пракуратуры, была юрысконсультам у райспажыўтаварыстве, а пасля яшчэ чвэрць веку аддала працы ў натарыяльнай канторы. Мноства падзяк, грамат (у тым ліку і за подпісамі тагачасных міністраў юстыцыі і БССР, і СССР) беражліва захоўвае жанчына. Яны – сведчанне яе сумленнай працы, адказнасці за даручанае. Урэшце, такім некалі быў і яе бацька, які любіў малодшую дачушку асаблівай любоўю. Як і яна яго. Вось і кароткія дакументы-лісточкі, якія ён некалі пісаў сваёй рукой, ляжаць у сямейным архіве. І выразка з газеты 1964 года, дзе напісана пра ўзнагароджванне бацькі медалём «За адвагу». Пасмяротна.
Ва ўтульнай кватэры Леанілы Васільеўны разглядаем сямейныя альбомы. Сын, нявестка, унукі, праўнукі… Пра кожнага з іх жанчына гаворыць з вялікай любоўю і гонарам. З імі, клапатлівымі і шчырымі, ёй спакойна і добра. І няхай сабе ўсе маладыя жывуць асобна, а яна сама гаспадарыць у сваёй утульнай кватэры, увагу і клопат дзяцей і ўнукаў адчувае пастаянна. А на самым відным месцы ў зале стаяць вялікія партрэты бацькоў – Васіля Якаўлевіча і Вольгі Маркаўны. Ім наканавана было перажыць многа цяжкасцей і пакут, але гэта не зламала моцных духам людзей. Гэту моц яны перадалі і сваім дзецям. І іх род працягваецца.
Ірына БУДЗЬКО
Крывавае рэха выбуху
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ








