Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Гэта ваш медаль, бацькі…

Напярэдадні прыгожых майскіх святаў старшыні раённага савета ветэранаў Ганне Шэпелевай была ўручана памятная ўзнагарода – юбілейны медаль да 70-годдзя Вялікай Перамогі. Як і многім віляйчанам – ветэранам вайны, малалетнім вязням фашысцкіх канцлагераў.

– Прымала ўзнагароду з падвоеным пачуццём, – расказала Ганна Пятроўна. – З аднаго боку, крыху разгублена, бо ні да катэгорыі ўдзельнікаў вайны, ні да малалетніх вязняў не належу. Хоць так склалася ў жыцці, што з гэтымі людзьмі і для іх я працую. А з другога боку, прымала ўзнагароду з пачуццём вялікай гордасці за маіх блізкіх, якія прайшлі праз вайну, зведалі ўсе яе жахі. Тата, Пётр Антонавіч Норка, быў кіраўніком падпольнай маладзёжнай антыфашысцкай групы. На яго лёс выпала шмат выпрабаванняў, якія ён мужна пераносіў. Гераічны быў чалавек. Гэтак жа магу ахарактарызаваць і майго свёкра, Васіля Іванавіча Шэпелева, франтавіка, які прайшоў усю вайну. Камандзірам мінамётнай гарматы сустрэў перамогу ў Берліне. Быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонага сцяга,Вялікай Айчыннай вайны другой ступені, шматлікімі медалямі. Гледзячы на юбілейны медаль, які мне ўручаны, я ўсведамляю, што гэта ўзнагарода маіх блізкіх за іх подзвіг у той страшнай вайне.
У гэтыя хвалюючыя майскія дні працоўны графік у Ганны Пятроўны распісаны па гадзінах. Запланавана многа паездак, сустрэч, урачыстасцяў, у якіх будуць удзельнічаць і яе падапечныя – ветэраны вайны і вязні фашызму. І ўсюды разам з імі будзе яна, старшыня раённага савета ветэранаў. Не толькі па службе, але і па закліку сэрца. А яшчэ – з удзячнасцю ім, ветэранам, сярод якіх у свой час былі і яе родныя.
– Здароўя, аптымізму, душэўнай маладосці жадаю ўсім нашым ветэранам, – зычыць найлепшага сваім падапечным Ганна Шэпелева. – Будзьце моцнымі, мужнымі. Мы вас паважаем, любім і цэнім. Дзякуй за Вялікую Перамогу.
Ірына БУДЗЬКО.
На здымках: фотаздымкі гераічных бацькоў у сям’і берагуць.
Фота прадастаўлены  Ганнай Шэпелевай

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 185 queries