Віляйчаніна Уладзіміра Ляшкевіча ведаюць многія. І як настаўніка, і як адмысловага пчаляра, і як добрага чалавека… Гэтыя «як» можна пералічваць і яшчэ. Але сёння размова пойдзе не столькі аб самім чалавеку, колькі аб тым, што Уладзіміру Аляксандравічу вельмі дорага.
Ён нарадзіўся ў 1941-ым. Здавалася б, што можа дзіця ў такім узросце памятаць пра вайну. Вядома ж, згаджаецца Уладзімір Аляксандравіч, у памяці толькі нейкія найбольш яркія, разрозненыя моманты, а яшчэ – слёзы і смутак дарослых, сваякоў.
– Вайна закранула і нашу сям’ю, – расказвае ён. – Бацька мой быў на фронце, вярнуўся параненым. Таму і пражыў нядоўга, памёр у 1954-ым. Памятаю цяжкі пасляваенны час, голад, калі блін з бульбы-гнілушкі быў для нас далікатэсам. А вясной елі крапіву, лебяду. Узгадваю вяскоўцаў, каму пашчасціла вярнуцца з фронту хоць параненымі, але ж, на шчасце, жывымі. Не прыпамінаю, каб яны, сабраўшыся разам, ахвотна расказвалі пра вайну, ганарыліся ўзнагародамі. Вось і бацька мой быў такі. Я пра яго ўзнагародны ліст даведаўся не так даўно праз інтэрнэт. Тата быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Лёс яго быў няпростым: ваяваў у Чырвонай Арміі ў грамадзянскую вайну, захварэў тыфам, лячыўся, а пасля доўга дабіраўся дамоў. У Вялікую Айчынную быў двойчы паранены і вярнуўся дамоў толькі ў 1947 годзе. А праз сем гадоў яго не стала… Праз інтэрнэт мы даведаліся і тое, што бацька маёй жонкі, які прапаў без звестак, быў узнагароджаны медалём «За адвагу» – так адзначана смеласць мінамётчыка, які на полі бою па-геройску адбіваў атакі ворагаў. Мая жонка не ведала свайго бацькі-героя, нарадзілася тады, калі ён ужо быў на фронце.
Дванаццаць адважных байцоў, якія загінулі ў тую страшную вайну, – столькі іх, блізкіх і сваякоў сям’і Ляшкевічаў. Іх памятаюць у сям’і, пра іх Уладзімір Аляксандравіч расказвае ўнукам. Вельмі важна, лічыць ён, што ў апошнія гады ў храмах праходзяць памінальныя службы, падчас якіх узгадваюцца тыя, хто загінуў у вайну.
– Вось і мы маем магчымасць успамінаць іх не толькі ў сямейнай малітве, – дзеліцца Уладзімір Ляшкевіч. – А гэта не толькі нашы бацькі, але і мой дзед, забіты ў канцы вайны немцамі, якія адступалі, і сям’я цёткі з Борак, якую спалілі, а засталася ў жывых адна стрыечная сястра Фаіна – адзіная з усёй спаленай вёскі…
На працягу многіх гадоў Уладзімір Аляксандравіч піша вершы. Гэта, мусіць, у іх радні спадчыннае: стрыечны брат Ляшкевіча – знакаміты вілейскі паэт Іван Лашутка. Не стараючыся дагнаць яго ў творчасці і не для таго, каб недзе друкавацца, а больш для таго, каб пакінуць свае ўспаміны дзецям і ўнукам піша Уладзімір Аляксандравіч. «Каб яны ведалі, як жыло, што рабіла і думала наша пакаленне», – тлумачыць ён. Штосьці з напісанага згубілася, але ж многае і засталося. Свае творы Уладзімір Аляксандравіч сабраў у самвыдатаўскі зборнік «Праўда жыцця». «Што бачу, тое і пішу, таму і словам не грашу. Калі хто думае інакш, то нас рассудзіць, пэўна, час». Гэтымі простымі словамі адкрываецца зборнік, які пачынаецца творамі пра цяжкія ваенныя і пасляваенныя гады. «Усё, што пішу, складаю ў скрынку, са слоў бяру толькі скарынку, а большага мне і не трэба, бо я не ем з гэтага хлеба», – зразумела і праўдзіва тлумачыць ён свой любімы занятак. І папаўняецца тая скрынка творамі, якія вельмі цікава (ды і карысна) будзе прачытаць яго нашчадкам.
Сёння ўвазе нашых чытачоў прапаноўваюцца вершы Уладзіміра Ляшкевіча на ваенную тэму.
Ірына БУДЗЬКО








