З вядомага кінафільма «Белае сонца пустыні» перакачаваў гэты выраз: «Мытня дае «дабро». Нярэдка даводзіцца чуць яго ў жыцці. А на днях, пачуўшы пра тую самую мытню, ад душы пасмяялася. Вось што мне расказалі.
Жонка аднаго мужчыны паехала ў санаторый. Муж жа, весяльчак па натуры і нераўнадушны да жаночага полу чалавек, вырашыў сабраць у сябе сяброў. І не толькі іх, а і запрасіць некалькі знаёмых жанчын, якія звычайна не адмаўляюцца ад такіх гулянак. Карацей, усё прадумалі, усё абгаварылі – і гулянка атрымалася на славу. Пракол быў толькі ў адным – чужых жанчын, якія заходзілі ў кватэру (хоць і рабілася гэта патаемна, пад покрывам цемнаты), убачылі пільныя суседзі. І пайшло-паехала, сакрэт мужчыны-зуха раскрыўся…
– Як гэта я не прадугледзеў і не заляпіў іх дзвярное вочка! – перажываў пасля ён. – Гэта ж сапраўдная мытня, якая не дрэмле ні днём, ні ноччу…
Так вось бывае. А мытні такія, мусіць, ёсць на кожнай вуліцы і ў кожным двары. Міма іх незаўважанай не праляціць і муха. Недаацаніў гэтага чалавек…
Не прападаць таму, за што заплачана
Пра ашчаднасць бабулі Мані гаварылі рознае: і што шкадуе грошай сабе на харчаванне, і што ў яе ні макулінкі не змарнуецца, і што не пазычыць нікому нават жменьку солі. Затое ў свой час яна, простая працаўніца, сабрала грошай сыну на машыну, на якой той цяпер наведваецца да маці.
Бабуля Маня ўжо даўно на пенсіі, але пакуль на сваіх нагах. Яшчэ і з гаспадаркі тое-сёе трымае ды з агародам упраўляецца сама. З градак, расказвае, таксама прыбытак ёсць – лішкі вырашчанага бабуля сама прадае на рынку. А капейка да капейкі, як вядома…
Наводзячы парадак да свята, бабуля Маня знайшла ў шуфлядцы нейкую таблетку. Пажаўцелую ад часу, даўнюю. Не доўга думаючы, укінула ў рот, запіла вадой і растлумачыла ўнуку:
– За іх жа, лякарствы, грошы заплачаны, не прападаць жа дабру…
І не стала слухаць натацыі юнака пра шкоду ад пратэрмінаваных лекаў, пайшла па справах. А хлопец парадаваўся за тое, што не трапілася бабулі пад руку ўпакоўка «старых» лякарстваў. І ім яна не дала б прапасці…
…Бо няправільна «дылчэў»
Маленькі Славік любіць дапамагаць дарослым: то дзядулю падасць малаток, калі той рамантуе плот; то бабулі паднясе місачку з кормам для курэй; то старэйшай сястры кніжкі прынясе-аднясе з паліцы. Такі ўжо ён працавіты хлопчык, чатырохгадовы Славік…
Нядаўна цікавасць малога прыцягнуў малады сусед, які корпаўся ля плоту са сваім старым матацыклам. Доўга нешта там стукаў-ладзіў хлопец ды так і не змог адрамантаваць двухколавага сябра – зноў зацягнуў яго ў двор і паставіў. А малы Славік, прыйшоўшы дамоў, агарошыў маці новым пазнаннем, загнуўшы такога мацюка!
– Дзе ты чуў такое, сынок! – схапілася за галаву маці. – Хто так гаварыў?
– Алёша, – кінуў малы галавой у бок суседскага двара.
– На каго? – пацікавілася маці.
– На мацацыкл. Бо ён няправільна дылчэў, – з сур’ёзным выглядам расказаў малы.
Ірына БУДЗЬКО


