Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Вялікі дзень вясны

У перадсвяточных клопатах праходзяць гэтыя дні. Так ужо павялося, што Вялікдзень мы святкуем у чыста прыбраных дамах. Яшчэ нашы продкі да вялікага свята мылі, чысцілі ў хатах, завешвалі вокны прыгожымі фіранкамі, бялілі печы. Да Вялікадня прыбіраліся і падворкі, вуліцы. З усеагульнай чысцінёй (у тым ліку і з душэўнай) асацыіруецца ў мяне гэта прыгожае веснавое свята.
Не ведаю, як хто, а я нават адчуваю непаўторны велікодны пах. У ім – водар свежаспечаных булак, вяндліны, адваранага мяса, фарбы… А яшчэ да ўсяго гэтага дадаецца і пах новага абутку. І я ведаю, чаму гэта: у дзяцінстве да Вялікадня мама абавязкова купляла нам сандалікі.
З лёгкім сумам назіраеш, як змяняецца сёння велікодны стол. Так, ён намнога багацейшы, больш разнастайны, чым быў калісьці ў нашых продкаў. Ды чамусьці не радуе гэты, так бы мовіць, асучаснены варыянт, дзе і мноства разнастайных салатаў, і гарачыя стравы. А раней на святочным стале абавязковымі былі самаробныя сыр, масла, адваранае мяса, прыпасены да свята вэнджаны кумпяк і, безумоўна, яйкі. Ніякіх там гарачых, нічога з таго, што патрабуе ў гэты Вялікі дзень лішніх клопатаў для гаспадыні на кухні. Было ўсеагульнае свята для ўсіх.
Асобная тэма – фарбаваныя яйкі. Імі частавалі кожнага, хто заходзіў у хату, а дзеці, ды і дарослыя, гулялі імі ў біткі. А яшчэ вадой, у якую клалі фарбаванае яйка, велікоднай раніцай дзяўчаты абмывалі твар – каб быць прыгожымі і здаровымі. Сумна, што сёння неяк адыходзяць у нябыт гэтыя традыцыі, і для многіх прыгожае свята праходзіць так, як і многа іншых: ад стала – да тэлевізара і наадварот. Таму і радуюся, калі раніцой Вялікага дня да нас прыбягаюць чародкі хлопчыкаў і дзяўчынак, віншуюць са святамі, а ў якасці падзякі за гэта атрымліваюць яйкі, ласункі. Ах, як нагадвае ўсё гэта маё дзяцінства… І як добра, што мы памятаем перададзенае нам продкамі і ўжо ў сваю чаргу перадаём гэты набытак тым, хто ідзе за намі. Няхай яно так і будзе. Каб ведалі нашы ўнукі і праўнукі, чым і як жылі іх бабулі і дзядулі, каб не задумваліся яны над адказам на радаснае, ад самага сэрца «Хрыстос уваскрос!», каб шанавалі роднае, спаконвечнае.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 39 queries