Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«Плюсы» і «мінусы» мегаполіса

Пачуўшы, што гаспадарка трапіла ў лік лідараў веснавой сяўбы, аграном адкрытага акцыянернага таварыства «Даўгінава» Аляксандр Акушэвіч сціпла пярэчыць:
– Па засеянай плошчы – то так, але ж у нас які аб’ём сяўбы: збожжавы клін ранніх яравых – 2190 гектараў. Выйшлі тры дні таму, 278 гектараў пасеяна. – Колькі ведаю Аляксандра Аляксандравіча, у прагнозах ён заўсёды стрыманы, у ацэнках – сціплы. Праўда, не хавае задаволенасці з прычыны таго, што практычна знята праблема з палівам. Дзяржфонд сістэматычна выдзяляе яго з адтэрміноўкай плацяжу. Затое якасць насеннага матэрыялу не дазваляе разлічваць на адчувальны рост ураджайнасці. Ёсць праблемы з угнаеннямі. На палеткі вывезена 48 тысяч тон арганікі, але з меншай доляй запраўкі засталіся самыя аддаленыя ад жывёлагадоўчых ферм участкі. Напрыклад, ваўкалацкай зоны, дзе даўно ўжо ліквідаваны памяшканні для ўтрымання грамадскага статку. У капейку таварыству выходзяць працяглыя маршруты тэхнічных вандровак. І ў гэтым – адна з праблем рэструктарызаваных гаспадарак. Напэўна, некалі эканамісты скрупулёзна падлічаць усе наяўныя «плюсы» і «мінусы» падобных узбуйненняў. А пакуль працаваць даводзіцца ў такіх маштабных тэрытарыяльных і гаспадарчых мегаполісах, накшталт акцыянернага таварыства «Даўгінава», у якое пачаргова ўліліся дзве суседнія гаспадаркі.
Мой суразмоўца разумее, што статус аднаго з валаўтвараючых сельгаспрадпрыемстваў раёна па збожжаваму намалоту, да многага абавязвае:
– На нашых пясках,чым раней пасеем, тым лепшы вынік будзем мець. Больш вільгаці, менш шкоднікаў, не так хутка хваробы ў культурах развіваюцца… – Мой суразмоўца пералічвае перавагі ранняй сяўбы, якія змяншаюць рызыку, наяўную ў нашым, увогуле рызыкоўным для земляробства, рэгіёне.
…Віктар Шаховіч – адзін з перадавых сеяльшчыкаў таварыства. Пазнаёміцца з ім прапаноўвае галоўны аграном. На абочынах дарогі яшчэ мільгаюць азерцы талай вады. Засталася яна і ў хмызняках. Там, вітаючы вясну, ужо распушыліся суквецці вербалозу. Энерганасычаны «Беларус-3022» з пасяўным агрэгатам упэўнена фарсіруе мокрую раллю. Прыпыняецца для запраўкі насеннем на ўскрайку поля. Віктар Баляслававіч на некалькі хвілін пакідае кабіну. Не зважаючы на непагадзь, наша размова ідзе ў пазітыўным рэчышчы. Віктар запэўнівае, што гэты ўчастак памерам у 38 гектараў, які прымыкае да вёскі Апенькі, ён засее аўсом да канца працоўнага дня. Што зарплата выходзіць неблагая, што тэхніка не падводзіць. Паколькі сам і рыхтаваў яе да выхаду ў поле. Да нашай размовы далучаецца Ігар Адамовіч, вадзіцель «ЗІЛа», які дастаўляе да агрэгата насенне. Вясной, кажа, збожжа на поле дастаўляю, а ўлетку – наадварот, на збожжасклад. Галоўнае, што пастаянна пры хлебе.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 185 queries