Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

На базе Вілейскага раённага Дома рамёстваў адбыўся абласны семінар па роспісу яек «Беларуская пісанка»

24 сакавіка напярэдадні Вялікай светлай “Пасхі” на базе Вілейскага раённага Дома рамёстваў адбыўся абласны семінар па роспісу яек «Беларуская пісанка». На яго з’ехаліся 12 майстроў з розных куткоў сталічнай вобласці. Узначальвала дэлегацыю Ірына Мазюк – этнограф, філолаг, мастак, настаўнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Яна займаецца не толькі Беларускай пісанкай, але яшчэ і адраджае “Беларускую калыханку”, распрацавала некалькі беларускіх народных сімвалаў.
Семінар распачаўся з Палескай велікоднай песні, якую праспявала сама Ірына Васільеўна. Некалькі слоў прысвяціла непасрэдна этнічнаму ўзнікненню пісанкі, расказала і прывяла наглядныя прыклады. З вялікай цікавасцю і адказнасцю ўдзельнікі – майстры аднесліся да практычнай часткі семінара. Ірына Васільеўна паведаміла пра розныя тэхнікі пісанкі – гэта шкрабанка, крапанка і маляванка (васкаванне). Але, нягледзячы на іх разнастайнасць і хараство, асаблівую ўвагу аддалі тэхніцы малявання (васкаванне). Даспадобы прышліся яйкі, абкручаныя ніткамі.
“Гэта тая нітачка, якая знайшлася ў бабулі ў хаце, ёй у старыну абкручвалі яйкі – крыжыкам ці кветачкай. Абкручанае яйка кідалі ў цыбульныя лупінні і гэткім чынам атрымоўвалі непрамалёваныя месцы (малюначкі). Але гэта не выпадковыя ўзоры, яны неслі ў сабе салярную сімволіку”. – адзначыла Ірына Васільеўна.
Пакуль майстры стваралі свае асабістыя вобразы яек, Ірына Васільеўна адчыніла галоўную завесу. Фарбавалі яйкі настоем з альховых шышак, кары дуба, выкарыстоўвалі іржавае жалеза ў якасці закрапляльніка, капусны расол, які нельга было разбаўляць з вадой. Гэтую смесь трэба было настойваць два тыдні ў цёплым памяшканні. Так атрымоўвалі чорны колер. Ну і, канешне, для атрымання чырвонага колеру выкарыстоўвалі лупінні цыбулі, каб атрымаць празрыста-аранжавы колер выкарыстоўвалі моркву, бардовы – бурак. У нашым выпадку майстры фарбавалі яйкі ў цыбульным адвары. Потым пафарбаванае яйка трымалі над свечкай, дзеля таго каб звесці воск і атрымаць жаданы малюнак. Напрыканцы марапрыемства ўдзельнікі павіншавалі адзін аднаго з надыходзячым святам і абмяняліся яйкамі!
Дзякуючы семінару “Беларуская пісанка”, мы кожны год амаль што ў адзін і той жа час вяртаемся да традыцый нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў. І сёння мы з гонарам можам адказаць, што яйка зажыло па-новаму!
Наталля ПАСТАРНАК,  навуковы супрацоўнік
раённага Дома рамёстваў.
Фота прадастаўлена аўтарам

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 132 queries