На палетку з рыжай, нібыта падпаленай сонечнымі промнямі травой, звінеў жаваранак. Птах лунаў дзесьці па-за аблокамі і ніяк не выяўляў сябе абрысамі.
– Не адзін ён тут, а некалькі – цэлы аркестр гучыць, – галоўны аграном «Нарачанскіх зораў» Віктар Драчылоўскі пакінуў марныя намаганні адшукаць у далёкім небе спевакоў. І цяпер яго ўвага была скіравана на агрэгат, што рухаўся паўз меліярацыйнага канала, пакідаючы на пасевах шматгадовых траў шлейф дробных круглаватых гранул ружовага колеру.
– Вядзем падкормку шматгадовых траў – каліем, – рэзюмуе аграном, прадстаўляючы трактарыста Сяргея Роўду, які зімою займаўся тым, што вывозіў на палеткі арганіку. У тых пяцідзесяці тысячах тон угнаення, якія дастаўлены на сёння пад яравую сяўбу, ёсць і гэтага механізатара важкі ўклад. Больш палавіны вывезенага аб’ёму ўжо ўнесены ў глебу. І наогул, што тычыцца ўгнаенняў, то гаспадарка забяспечана імі амаль пад патрэбнасць.
– Ёсць калій і фосфар, – запэўнівае Віктар Ула-дзіміравіч, – з азотам маюцца некаторыя праблемы.
Аб мінулай зіме мой суразмоўца адгукаецца па-добраму. Хоць снегу і малавата выпала, але пасевы не вымерзлі. Вунь як рунее палетак азімай пшаніцы. Вялікі клін памерам у сто гектараў адным бокам упіраецца ў шашу, дзе чыста бялеюць стваламі набрынялыя сокам бярозы. А другі бок губляецца ў даляглядзе, радуючы вока зялёным марывам над небасхілам.
– Адзінае, чаго пашкадавала зіма, – дык гэта вільгаці, – працягвае Віктар Драчылоўскі сваю думку наконт сезонных нюансаў. Каб завуаліраваць іх, акцыянернае таварыства ўжо на ўсіх палетках правяло закрыццё вільгаці. А выйграе той, хто раней іншых выйдзе ў поле з пасяўнымі агрэгатамі, – лічыць мой суразмоўца. І яму можна давяраць. Бо колькі ўжо год ведаю яго як спецыяліста. Пралікаў у прагнозах галоўнага агранома «Нарачанскіх зораў» не назіралася. І нават ва ўвогуле неўраджайныя гады таварыства вытварала даведзены яму вал збажыны, бачна падтрымліваючы імідж рэгіёна.
Сёння гаспадарка ў тэмпе, лічыце, ужо правяла ўвесь комплекс палявых работ. Закрыта вільгаць, унесены мінеральныя ўгнаенні і арганіка. Вядзецца падкормка траў, у тым ліку, і вадкімі ўгнаеннямі. Год пяць таму набыла гаспадарка «Расу». Гэта быў першы ў раёне агрэгат, прызначаны для ранніх веснавых работ на пераўвільготненых землях. Яго ўдзельны ціск на глебу мінімальны, паколькі колы апрануты ў шынную абалонку. «Раса», з расхінутымі паабапал яе серабрыстага корпуса металічнымі шлангамі, кожны з якіх даўжынёй па дзесяць метраў, заўсёды нагадвае мне натапыраную для палёту страказу.
– Гэта трактар ці аўтамабіль? – задаю правакацыйнае пытанне сённяшняму гаспадару «страказы» Сяргею Дубягу.
– У інструкцыі па карыстанню запісана, што гэта «ўніверсальны энергетычны сродак», – парыруе Сяргей, дэманструючы сваю дасведчанасць і адначасова – пачуццё гумару. «Універсальны сродак» спыніўся на ўскрайку поля, выкінуўшы гнуткі гумавы шланг. Зразумела: пачалася чарговая запраўка карбамідна-аміячнай сумессю.
– Нашы многія навацыі былі першымі ў раёне, – каменціруе Віктар Уладзіміравіч. – Ну вось, бачыце «Беларус» з «РУМ-ам», калёсы – спараныя. А гэта значыць – зноў жа высокая праходнасць. Між іншым, такі я, можа, год дзесяць таму ўбачыў у перадавой гаспадарцы Міншчыны – агракамбінаце «Сноў». Нашы майстры перанялі ідэю. Яе сталі ўкараняць суседнія гаспадаркі.
«РУМ» – прычапны агрэгат, прыстасаваны для ўнясення мінеральных угнаенняў, рухаецца па палетку, дзе з зямлі ўжо пралупіліся, нібыта крыльцы нованароджаных птушанят, зялёныя парасткі канюшыны. Фосфарнае ўгнаенне дасць сілу для развіцця кволым на выгляд усходам. А самае цікавае ў гэтым працэсе – яшчэ адна навацыя, якая ўдасканальвае яго ў плане эканоміі ручной працы. Цікавае прыстасаванне на заднім борце аўтамабіля, кузаў якога прызначаны для загрузкі ўгнаеннямі, змайстравана мясцовымі ўмельцамі ў майстэрні таварыства.
– Нашы зваршчыкі на месцы канструявалі. І сёння ідзе свайго роду выпрабавальны эксперымент, – каменціруе галоўны аграном. Праўда, Віктар Уладзіміравіч сціпла змоўчвае, што і сама ідэя яму належыць. Пад ухілам кузава гранулы ссыпаюцца цераз шчыліну па жэлабе ў конусы «РУМа». Падсобнік з рыдлёўкай толькі карэкціруе сітуацыю. Пры практычнай эксплуатацыі выяўляюцца недапрацоўкі інжынернай і канструктарскай думкі…
Загружаны чарговай порцыяй фосфарнай падкормкі агрэгат пакідае месца запраўкі і накіроўваецца ў ваяж па канюшыннаму палетку.
– Канюшына – наша культура, – пазірае яму ўслед Віктар Драчылоўскі. Яна любіць нашы землі. З навукі вядома, што канюшына пакідае пасля сябе на адным гектары да 100 кілаграмаў азоту. Гэта самы лепшы папярэднік для збожжавых.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара.
Працяг сюжэтаў нарачанскай вясны – у наступным нашым выпуску
Эксперыменты для веснавога поля
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ














