Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Ліст з падзякай службе, якая стала для яго ў поўным сэнсе слова выратаваннем

Жаночае свята мінула, а віншаванні з ім яшчэ дайшлі не да ўсіх адрасатаў. Вось і напярэдадні свята ў рэдакцыю завітаў віляйчанін Георгій Ляшкевіч. Ён прынёс ліст з падзякай службе, якая стала для яго ў поўным сэнсе слова выратаваннем. «Ёсць у раёне цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, якім кіруе Людміла Міхайлаўна Сляпцова, – напісаў мужчына. – Адно з яго аддзяленняў – сацыяльнага надомнага абслугоўвання пад кіраўніцтвам Дануты Антонаўны Раманоўскай. Мне гэтая служба вельмі дапамагла. Так атрымалася, што з 2006 года я адзін, праз тры гады перанёс інфаркт, а яшчэ пазней – інсульт. Вось тады мне і прыйшлося звярнуцца ў цэнтр за дапамогай. З тае пары сацыяльныя работнікі сталі найпершымі маімі памочнікамі: і ў бальніцу адпраўлялі, і праведвалі мяне, і дамоў забіралі. Цяпер мне дапамагае сацыяльны работнік Вольга Арцёмаўна Кухта. Гэта залаты чалавек, маё выратаванне, пасланае Богам. Прыходзіць у хату і сама ведае і бачыць, што і дзе зрабіць, усё ў яе руках спорыцца. Кожны тыдзень чакаю яе ў азначаны дзень, як самага блізкага чалавека». Пенсіянер ад усяго сэрца падзякаваў і сваёй памочніцы, і кіраўніцтву цэнтра за клопат і павіншаваў жанчын з прыгожым вясновым святам, пажадаўшы ім усяго найлепшага.
Прыемна было і нам, супрацоўнікам рэдакцыі, прымаць віншаванні з жаночым днём ад нашых чытачоў. Дзякуй за іх усім, хто званіў. Прыемна ўсведамляць, што наша газета людзям патрэбна, дапамагае ў жыцці. «Прачытаю вашы артыкулы – і мне становіцца лягчэй, – сказала Зінаіда Іванаўна Ількевіч, якая патэлефанавала ў рэдакцыю напярэдадні свята. – Хоць крыху забываешся на боль і беды…» Словы віншавання калектыву газеты выказала і даўняя сяброўка выдання Алена Сідараўна Лаўрыновіч з Порсы. Колькі цёплых слоў і шчырых пажаданняў знайшла яна! А самае галоўнае – высокая адзнака чытачамі нашай сціплай працы, якая патрэбна людзям. Дзеля гэтага мы і працуем. А ўсім нашым чытачам – здароўя, сіл і аптымізму.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 184 queries