Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Больш за паўвека з раёнкай

Я пасябравала з раёнкай у далёкім ужо 1957 годзе. Нават месяц назаву – красавік. Чаму так дакладна памятаю? Ды таму, што якраз у гэты час я прыйшла піянерважатай у Рабунскую школу. А як жа працаваць з дзецьмі і не ведаць, што піша мясцовая прэса? З таго далёкага часу і па сёння чытаю «Шлях перамогі» ад першай і да апошняй старонкі. Раней, памятаецца, у газеце друкавалася значна болей пазаштатных аўтараў з усіх куточкаў Вілейшчыны. Цяпер жа іх чамусьці значна меней. Разумею, што ў наш час многія, і асабліва моладзь, аддаюць перавагу інтэрнэту, чытаюць там і пішуць. Але ж газета ёсць газета, кожны нумар яе мае свой твар, захоўвае адметны почырк кожнага аўтара, які ў ёй друкуецца. З якім хваляваннем бярэш сёння ў рукі газету, якая выйшла ў свет некалькі дзясяткаў гадоў назад, гартаеш пажаўцелыя ад часу старонкі, углядаешся ў здымкі людзей, якіх ужо няма на гэтым свеце.
У памяць урэзалася даўняе. Памятаю, праходзіла мерапрыемства ля помніка падпольшчыка Леаніда Малькевіча, і дэлегацыі ўсіх школ прыехалі на гэту ўрачыстасць. Тут жа працавалі і журналісты раёнкі, якія падрыхтавалі для чарговага нумара фотарэпартаж. Памятаю, з якой радасцю прынеслі мне вучні газетны нумар: «Паглядзіце, і мы сфатаграфаваны!» І доўга захоўвалі гэты нумар як вельмі дарагую памяць. Дарэчы, і я сама, і мае вучні нярэдка і самі дасылалі свае заметкі ў газету, і іх друкавалі. А яшчэ памятаю рэпартаж з райвыканкама, калі там праходзіла сустрэча з выпускнікамі педвучылішчаў. Там выступала і я, а фотакарэспандэнт Мікалай Жоўтка зрабіў мой фотаздымак для газеты.
Калі гаварыць пра вілейскіх журналістаў, дык я з многімі з іх была добра знаёмая. Васіль Шкаеў, Рыгор Пагуда, Мікалай Жоўтка, Міраслава Буданава, Наталія Валынец – гэтыя людзі ў свой час працавалі ў раёнцы, і мне даводзілася з імі супрацоўнічаць. Добра ведаю і сённяшніх супрацоўнікаў – Марыю Кузаўкіну, Ірыну Будзько, знаёмая больш па публікацыях і з маладым пакаленнем журналістаў – Таццянай Шаршнёвай, Ірынай Трубач, Марынай Пуцэйка, Анастасіяй Леановіч. З вялікім задавальненнем чытаю матэрыялы пад маімі любімымі рубрыкамі «Людзі і лёсы», «Чалавек і яго справа»,»Абразкі», «Землякі», «Дата». Ніколі не прапускаю публікацыі па патрыятычным выхаванні, да юбілейнай даты Вялікай Перамогі. Калі шчыра, мяне заўсёды здзіўляла, што некаторыя людзі не выпісваюць і не чытаюць мясцовае выданне. Думаецца, яны многае губляюць. А невялічкаму рэдакцыйнаму калектыву, які робіць вялікую і важную справу, жадаю поспехаў ва ўсіх пачынаннях, новых планаў, здзяйснення ўсіх задумак. Поспехаў вам, паважаныя, і з юбілеем нашай газеты!
Лія Цімафееўна ХАДАНОВІЧ,
былая настаўніца, жыхарка вёскі Іжа

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 183 queries