Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У спісках загінуўшых і жывых

Дзядзьку Стася ў вёсцы Багданава ведалі добра ўсе. Ён удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У далёкім дзяцінстве нашы хаты стаялі па-суседску. Таму нам даводзілася іншы раз бачыць даволі дзіўную карціну: дзядзька Стась бегаў па дварышчы і ўсё нешта крычаў, нібыта аддаючы ваенныя каманды. Іншы раз нам, малым, было смешна… Тады мне маці расказала, што дзядзька Стась быў на вайне. Моцна быў паранены ў галаву, ледзь выжыў. А вось ад страшных ваенных падзей адысці не мог… Яму ўсё падавалася, што ён то трымае абарону, то наступае.
У вёсцы даўно на гэта перасталі звяртаць увагу, бо Станіслаў Мікалаевіч Мацукевіч быў вельмі моцны гаспадар, умеў усё рабіць. Таму і звярталіся да яго аднавяскоўцы за дапамогай.
Ён быў безадмоўны, дзядзька Стась. Любіў жарты. Ужо будучы дарослай, я часта гутарыла з гэтым многа перажыўшым чалавекам.
І вось аднойчы я зазірнула ў кнігу «Памяць. Вілейскі раён», дзе і ўбачыла наступнае. У спісах загінуўшых аднавяскоўцаў стаяла прозвішча С. М. Мацкевіча. І ў спісах тых, хто вярнуўся з вайны пераможцам – таксама стаяла прозвішча С. М. Мацкевіча.
І тады я ўзгадала падзеі дзіцячых гадоў, калі маці расказвала аб гэтым мужным чалавеку. Аказваецца, Станіслаў Мікалаевіч быў цяжка паранены ва Усходняй Прусіі. Раненне было такім сур’ёзным, што яго палічылі загінуўшым. Вось і паляцела на радзіму пахавальная… А ён яшчэ доўга лячыўся і вярнуўся дамоў ужо пасля вайны.
Унук Станіслава Мікалаевіча расказаў, што пахавальная да гэтай пары ляжыць дома сярод дакументаў. Вось чаму наш слаўны аднавясковец аказаўся адразу ў двух спісках.
Станіслаў Мікалаевіч пабудаваў прыгожую новую хату. Многа зрабіў дабра сваім родным і аднавяскоўцам. Пражыў ён доўга разам з жонкай, якая падтрымлівала яго ўсё жыццё. Сумленны воін, добры і шчыры чалавек. Яго па-сапраўднаму можна лічыць героем, бо ён, не шкадуючы свайго жыцця, абараніў нас ад ворага. Дзядзька Стась… Дзівак з далёкага дзяцінства.
Клаўдзія ДУБОВІК

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 183 queries