На тэрыторыі кожнага сельсавета жывуць людзі, да якіх адносяцца з асаблівай пашанай. У першую чаргу гэта тыя, хто перажыў ліхалецце страшнай вайны, зведаў яе жахі на сабе. З кагорты такіх і Кацярына Іванаўна Хаванская, жыхарка вёскі Касцяневічы Людвіноўскага сельсавета, якая нядаўна адзначыла сваё дзевяностагоддзе. Павіншаваць любую маму, бабулю, прабабулю сабраліся самыя блізкія – дзеці Кацярыны Іванаўны, яе трое ўнукаў і пяцёра праўнукаў. І цеснавата стала за агульным сталом. Але так добра і цёпла было, столькі тэмаў для размоў знайшлося. Ды і не дзіўна, бо сабраліся блізкія людзі.
Вайна праехала сваёй чорнай калясніцай па сям’і, дзе нарадзілася і расла Кацярына Іванаўна. Старэйшы брат быў у партызанскім атрадзе (на вялікі жаль, ён пазней загінуў), і фашысты, даведаўшыся гэта, ледзь не расправіліся з усёй сям’ёй. На шчасце, Кацярына з маці паспелі ўратавацца ў партызанскім атрадзе, а іх дом карнікі спалілі. Занятак у атрадзе жанчынам знайшоўся – яны пяклі для партызанаў хлеб, дапамагалі ва ўсіх гаспадарчых справах. А іх хапала. Таму вельмі правільна гавораць, што ўсе ваенныя цяжкасці вынесены не толькі на моцных мужчынскіх плячах, але і на жаночых, няхай сабе і кволых, але надзейных…
Усё пасляваеннае жыццё Кацярыны Іванаўны было звязана з медыцынай. Акушэрка ў сельскай бальніцы, яна дапамагла з’явіцца на свет столькім дзеткам! Сёння яны самі ўжо даўно бацькі, а то і бабулі з дзядулямі. Няхай сабе і няпростым быў той пасляваенны час, асноўным відам транспарту быў конік, на якім і ў бальніцу, і з бальніцы дастаўлялі мам з немаўляткамі. Ды і медработнік абыходзіла навакольныя вёскі часцей пешшу. Але жыццё мянялася. Бяззменнай заставалася толькі адказнасць Кацярыны Іванаўны за даручаную справу, адданасць сваёй такой важнай і патрэбнай рабоце і любоў да людзей, якіх ёй – такая ўжо высакародная прафесія – наканавана было першай трымаць на руках.
У дзень прыгожага юбілею павіншаваць Кацярыну Іванаўну сабраліся не толькі родныя. На агеньчык да Хаванскіх зайшлі з цёплымі словамі віншаванняў, музычнымі падарункамі і сувенірам старшыня Людвіноўскага сельсавета Наталія Шавялёва, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Таццяна Лукошка, загадчыца Ерхаўскага сельскага клуба Марына Юркевіч і бібліятэкар Ерхаўскай бібліятэкі Жанна Андрыеўская. За кубкам чаю ішла размова і пра былое, і пра дзень сённяшні. Узгадвалі,жартавалі, сумавалі, спявалі – было ўсё, як звычайна бывае пры такіх сустрэчах. Але ў цэнтры ўвагі была, безумоўна, юбілярша – Кацярына Іванаўна Хаванская, жанчына няпростага лёсу. Здароўя Вам, паважаная, яшчэ на доўгія-доўгія гады!
Ірына БУДЗЬКО.
На здымку: у час віншавання юбіляршы.
Фота прадастаўлена Наталіяй ШАВЯЛЁВАЙ









