Важная і надзвычайна хвалюючая падзея прайшла ў Дзень абаронцаў Айчыны ў раённым выканаўчым камітэце – тут уручаліся юбілейныя медалі «70 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.» удзельнікам тых страшных падзей – франтавікам і ветэранам, малалетнім вязням канцлагераў, тым людзям, хто не з кніг і кінафільмаў ведае пра вайну, а перажыў яе сам.
Вось яны, убеленыя сівізной жанчыны і мужчыны, якія, нягледзячы на гады і хваробы, маладыя душой, лёгкія на пад’ём. Сёння яны ў цэнтры ўвагі, гэта для іх гучаць цёплыя віншаванні і пажаданні ўсяго найлепшага, для іх цудоўныя вершы і песні ў выкананні артыстаў цэнтра эстэтычнага выхавання – народнага калектыву аўтарскай песні «Элегія» і студыі «Дамісолька».
Павіншаваць ветэранаў і раздзяліць з імі гэтыя ўрачыстыя хвіліны прыйшлі прадстаўнікі райвыканкама на чале з першым намеснікам старшыні райвыканкама Ігарам Шавялёвым, намеснікамі старшыні Генадзем Касцевічам і Святланай Дзяруга, старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Шэпелева, раённы ваенны камісар Юрый Ганчыеўскі.
Словамі падзякі ветэранам ад раённага выканаўчага камітэта, нізкім паклонам адкрыў мерапрыемства Ігар Шавялёў. І вось яна – сама ўрачыстасць: гучаць прозвішчы ветэранаў, узгадваецца жыццёвы шлях кожнага з іх, і на грудзях гэтых заслужаных людзей прымацоўваецца яшчэ адзін медаль – юбілейны. Крышку хвалюючыся, яны, перажыўшыя вайну, просяць слова ў адказ: Антаніна Іванаўна Гарчакова прачытала свой верш пра родную хату; Сямён Іосіфавіч Шуберцій узгадаў адзін эпізод са свайго франтавога жыцця; Кацярына Іосіфаўна Малыхіна ўручыла прысутным салодкі сюрпрыз; Зоя Сцяпанаўна Наўрось узгадала, як уся яе сям’я жыла ў партызанскім атрадзе…
Усім прысутным, безумоўна, запомнілася, як цёпла і душэўна вяла праграму Таццяна Захарыч, дырэктар цэнтра эстэтычнага выхавання, як чытаў свае вершы Уладзімір Цанунін, якія цёплыя словы віншаванняў знаходзілі для іх, ветэранаў, усе выступаючыя. І ніколі не забудзецца, як усе-усе прысутныя, разам, спявалі такія блізкія і родныя кожнаму «Эх, дарогі…», «Сінюю хусцінку», «Цёмную ноч», «Смуглянку-малдаванку»… І ў гэтым імправізаваным хоры так звонка гучалі галасы ветэранаў.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА














