Балгарскі Алег Леанідавіч – трактарыст ААТ «Нарачанскія зоры»;
Русак Сяргей Мікалаевіч – жывёлавод фермы «Жары» ААТ «Сцешыцы»;
Ляшкевіч Жанна Міхайлаўна– аператар машыннага даення малочна-таварнай фермы»Забалацце» філіяла «Юнік-Агра» ААТ «Мінскі малочны завод № 1»;
Брыль Аляксандр Сяргеевіч – дырэктар філіяла па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі «Бубны» вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «МІНГАЗ»;
Шаціла Ірына Уладзіміраўна – галоўны эканаміст сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Вілія-агра»;
Прысяжны Ігар Эдуардавіч – электрагазазваршчык цэха асноўнай вытворчасці адкрытага акцыянернага таварыства «Вілейскі рамонтны завод»;
Рогач Марыя Вікенцьеўна – камплектоўшчыца мэблі 5 разраду філіяла Вілейская мэблевая фабрыка Закрытага акцыянернага таварыства «Маладзечнамэбля»;
Смолік Сяргей Віктаравіч – станочнік 4 разраду сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Фабрыка дзвярэй «Лаза»;
Плюсніна Таццяна Іванаўна – начальнік вытворча-тэхналагічнай лабараторыі адкрытага акцыянернага таварыства «Вілейскі камбікормавы завод»;
Круцько Іван Іванавіч – машыніст рубільнай машыны дзяржаўнай вопытнай лесагаспадарчай установы «Вілейскі вопытны лясгас»;
Тумаш Аксана Эдвардаўна – галоўны спецыяліст землеўпарадчай службы Вілейскага райвыканкама;
Санкевіч Вольга Анатольеўна – старшы прадавец магазіна № 3 унітарнага прадпрыемства «Рамашка»;
Джум Любоў Міхайлаўна – прадавец магазіна «Верасок» Вілейскага раённага спажывецкага таварыства;
Хадасевіч Аксана Сяргееўна – цырульнік камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Вілейскі раённы камбінат бытавога абслугоўвання»;
Урбанскі Уладзімір Міхайлавіч – інжынер-праграміст Вілейскага раённага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Артыко»;
Буцько Сяргей Сцяпанавіч – старшы майстар участка «Добраўпарадкаванне і платная аўтастаянка» гарадскога ўнітарнага прадпрыемства «Вілейская ЖКГ»;
Мордас Аляксандр Аляксандравіч – начальнік транспартнага ўчастка раённага камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Вілейскі водаканал»;
Бяглоў Міхаіл Аляксандравіч – муляр 4 разраду дачэрняга ўнітарнага прадпрыемства «ПМК-185» унітарнага прадпрыемства «Мінскаблсельбуд»;
Чабрыцкая Тэрэза Браніславаўна – галоўны бухгалтар філіяла дарожна-будаўнічага ўпраўлення № 13 адкрытага акцыянернага таварыства «Дарожна-будаўнічы трэст № 5»;
Навойчык Андрэй Францавіч – электрагазазваршчык рамонтнага ўчастка Вілейскай міні-ТЭЦ;
Маліноўская Тамара Міхайлаўна – спецыяліст першай катэгорыі Даўгінаўскага сельскага выканаўчага камітэта;
Карыба Зоя Іванаўна – стараста аграгарадка Лыцавічы;
Стрэж Анатолій Аляксандравіч – першы намеснік начальніка Вілейскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях;
Мароз Яўгеній Георгіевіч – настаўнік фізікі дзяржаўнай установы адукацыі «Вілейская гімназія № 1 «Логас»;
Жук Таццяна Леанідаўна – настаўнік фізічнай культуры і здароўя дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 3 г. Вілейкі»;
Дашкевіч Таццяна Міхайлаўна – загадчык дзяржаўнай установы адукацыі «Яслі-сад № 3 г. Вілейкі»;
Новік Алена Пятроўна – урач-кардыёлаг кардыялагічнага кабінета паліклінікі ўстановы аховы здароўя «Вілейская цэнтральная раённая бальніца»;
Дуровіч Жанна Уладзіміраўна – фельчар-лабарант лабараторнага аддзела дзяржаўнай установы «Вілейскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі»;
Гур Фёдар Міхайлавіч – настаўнік дзяржаўнай установы адукацыі «Вілейская дзіцячая школа мастацтваў»;
Руновіч Людміла Леанідаўна – рэгістратар Вілейскага бюро Маладзечанскага філіялу Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Мінскае абласное агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнаму кадастру».
Урачыстасці, накшталт той, што адбылася на мінулым тыдні ў Вілейскім Палацы культуры, заўсёды пакідаюць след у сэрцах яе ўдзельнікаў. Яркі і чысты. Такому доўга наканавана іскрыцца на небасхіле людской памяці. Таму што ўся дзея – шчырая і ненадуманая. Пачынаючы са слоў вядучых і завяршаючы мастацкімі нумарамі, разлічанымі на эмацыянальнае ўспрыняцце сцэнічных сюжэтаў. А паміж імі было галоўнае, дзеля чаго і арганізоўвалася свята: ушанаванне лепшых працаўнікоў народнай гаспадаркі раёна. Яму папярэднічалі святочны антураж фае першага і другога паверхаў, дзе прэзентавалі сваю прадукцыю перапрацоўшчыкі. Дзе дэманстравалі творчы падыход да справы навучальныя ўстановы. Гучала радыёгазета, і пад гукі аркестра залу запаўнялі ўдзельнікі мерапрыемства.
Аптымізм і пазітыўны настрой зыходзіў ад выступлення старшыні райвыканкама Віктара Ката. Свята стварыла для гэтага перадумовы. Але падставы былі сапраўды аб’ектыўныя. За мінулы год прырост аб’ёмаў прамысловай прадукцыі склаў 8,8 працэнта. Высокія тэмпы развіцця прадэманстравалі камбікормавы і рамонты заводы, мэблевая фабрыка і фабрыка дзвярэй «Лаза». Ды і такія прадпрыемствы,як заводы «Зеніт», буддэталей унеслі адчувальны ўклад у эканамічнае развіццё рэгіёна. Асаблівы акцэнт зрабіў старшыня райвыканкама на поспехах вілейскага хлебазавода, які з году ў год пашырае асартымент сваіх вырабаў і рынкі збыту. У мінулым годзе, зазначыў Віктар Кот, на развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы рэгіёна выдаткавана 470 мільярдаў рублёў. Унушальныя сродкі былі накіраваны унітарным прадпрыемствам «Першы Беларускі», філіялам «Юнік-Агра» на ўзвядзенне новых малочна-таварных фермаў. Прадпрыемствы пашырылі свой уплыў на рынкі замежжа, ўключыўшы ў склад сваіх гандлёвых партнёраў новыя краіны – Ірландыю, Румынію, Тайланд, Экватарыяльную Гвінею.
У раёне актыўна развіваецца сетка гандлю і грамадскага харчавання, удасканальваецца і інтэр’ер магазінаў і іх знешні выгляд. Сіламі жыллёва-камунальнай гаспадаркі забяспечана перакладка цеплавых камунікацый, выкананы план капітальнага рамонту жылфонду. Вілейскі водаканал, – канстатаваў кіраўнік выканаўчай улады, забяспечыў выкананне работ па праграме «Чыстая вада» ў аграгарадку Іжа, увёў у эксплуатацыю артэзіянскую шчыліну піццявога водазабеспячэння горада на водазаборы «Гліннае». А раённым упраўленнем «Вілейкарайгаз» пракладзена 25 кіламетраў газаправоду. Адразу ў трох вёсках – Бараўцах, Каловічах і Журыхах з’явіўся прыродны газ. Такім чынам спіс газіфікаваных населеных пунктаў раёна папоўніўся дзясяткамі шчаслівых уладальнікаў блакітнай крыніцы энергіі.
Важнейшы прыярытэт развіцця – жыллёвае будаўніцтва і наогул эфектыўнае функцыяванне будаўнічага комплексу. За мінулы год уведзены ў эксплуатацыю 84 жылыя дамы агульнай плошчай 16,8 тысячы квадратных метраў.
Лепшых вынікаў у вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі дасягнулі акцыянернае таварыства «Нарачанскія зоры», філіялы «Бубны», «Усходні», «Даўгінава».
Апошнім часам, канстатаваў старшыня райвыканкама, значная ўвага ўдзяляецца развіццю сацыяльнай сферы раёна. Актуальнае пытанне стану матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў паспяхова вырашалася ў справаздачным годзе. Актыўна праводзіліся работы гаспадарчым спосабам. Ён дапамог значна сэканоміць фінансавыя сродкі і адначасова абнавіць базу ўстаноў аховы здароўя. З задавальненнем Віктар Іосіфавіч канстатаваў, што па выніках работы ў мінулым годзе першае месца ў вобласці заняў Вілейскі Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Актыўна развіваецца ў раёне сфера адукацыі. Уражальныя поспехі ў спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву, пашырае спектр адукацыйных паслуг вілейскі дзяржаўны каледж. А дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Надзея» мае негалосны статус лепшай у краіне ўстановы падобнага тыпу.
Барыс Цітовіч, Фёдар Гур, Таццяна Слуцкая, Іна Лазар, Таццяна Жук, Таццяна Захарыч, Алеся Высоцкая… – старшыня райвыканкама назваў імёны людзей, якія ўносяць важкі ўклад у фарміраванне духоўнага аблічча Вілейшчыны, захаванне яе гістарычных і эстэтычных каштоўнасцей. І акцэнтаваў увагу на Годзе моладзі, яго пажаданым змесце, ролі ў рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі маладзёжнага накірунку. Радасці, дабрабыту, душэўнага спакою пажадаў віляйчанам кіраўнік раённай выканаўчай улады напрыканцы свайго выступлення.
Наогул жа, добрых пажаданняў у гэты дзень прагучала са сцэны нямала. Іх адрасавала прысутным Святлана Герасімовіч, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. У сілу сваіх службовых абавязкаў Святлана Міхайлаўна займаецца пытаннямі рэгіянальнай палітыкі і мясцовага самакіравання. Плённая яе ўвага да вілейскага рэгіёна, развіццё якога яна курыруе ўжо на працягу шэрагу год.
Павіншаваў прысутных са святам начальнік галоўнага ўпраўлення ведамаснага кантролю аблвыканкама Ягор Сіняк. Адначасова Ганаровай граматай абласнога выканаўчага камітэта былі ўзнагароджаны, за шматгадовую працу, добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў і значны асабісты ўклад у развіццё раёна, Аляксандр Мацкевіч, тынкоўшчык «ПМК-188», Аксана Міцкевіч, настаўнік хіміі Куранецкай школы, Андрэй Ракецкі, станочнік фабрыкі дзвярэй «Лаза». Удзячнасці старшыні Мінаблвыканкама ўдастоены Таццяна Нядзведская, вядучы эканаміст КУП «Садружнасць», Сяргей Стрэж, памочнік урача цэнтральнай раённай бальніцы.
…Самыя ўрачыстыя хвіліны наступаюць для тых, хто ўшанаваны прызнаннем, чые імёны гучаць у святочнай зале пад музыку і дружныя воплескі прысутных. Запаўняецца сцэна. У цэнтры яе – з Пераходнымі сцягамі – кіраўнікі калектываў-пераможцаў: філіяла «Бубны» рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Мінгаз», філіяла «Вілейскі хлебазавод» ААТ «Барысаўхлебпрам», «ПМК-185» УП «Мінскаблсельбуд», «Вілейскага водаканала», Дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра «Надзея».
Ганаровай граматай райвыканкама ўшанаваны калектывы сярэдняй школы № 3, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі,раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы, Куранецкі сельскі выканаўчы камітэт.
Былі і яшчэ ўзнагароджанні, гучалі шчырыя словы падзячнасці. Напэўна, нідзе ў свеце так ярка, маштабна і хвалююча не ўшаноўваецца чалавек працы. І няхай будуць у яго жыцці такія дні, што ўпрыгожваюць аднастайную паўсядзённасць, аздабляюць яе, як кідкая нізка караляў служыць аздобай сціпламу жаночаму ўбору.
Падведзены вынікі штогадовага конкурсу «Чалавек года Вілейшчыны». На гэты раз ганаровага звання ўдастоена начальнік аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Таццяна Цітуленка.
Ушаноўваюцца пераможцы раённага спаборніцтва па закупу малака ад насельніцтва (аб выніках – у наступным нашым выпуску). Летапіс пакаленняў прапануе стварыць на Вілейшчыне старшыня Савета старэйшын пры райвыканкаме Лідзія Драздова. Эстафету сёння прымаюць маладыя. І гэта сімвалічна, паколькі цэлы год будзе прысвечаны ім – іх станаўленню, узмужанню, творчаму ўзлёту.
Папуры на тэмы песень розных гадоў у выкананні артыстаў Палаца культуры яднае пакаленні. У некага – абуджае ўспамін, іншых – натхняе на справы, здзяйсненні і пошук.
А ў завяршэнне – канцэрт заслужанай артысткі Беларусі Ірыны Дарафеевай. Яшчэ раз – са святам.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА



















