Гэта рамантычная назва – зусім не дзеля красамоўства. У фірменным магазіне вілейскага хлебазавода, аднаго з лепшых прамысловых прадпрыемстваў раёна, сапраўды пахне свежым хлебам.
– А іншага ў нас і не бывае, – усміхаецца Ала Варанцова, загадчык гандлёвага прадпрыемства. – Хлеб розных гатункаў, – галоўная прадукцыя завода і, натуральна, яго фірменнага магазіна.
Густы не зраўняем. Але на кожны від хлеба знаходзіцца свой пакупнік. Да таго ж, «Водар хлеба» – адзінае, напэўна, у горадзе прадуктовае гандлёвае прадпрыемства, якое запакоўвае выраб у плёнку на вачах у пакупніка . Прычым, не за асобную плату.
А калі глянуць на вітрыну – вочы разбягаюцца ад адных толькі назваў салодкай прадукцыі: бісквіты, рулеты, тарталеткі. І торты. Ах, якая гэта спакуса для гурманаў! У звычайныя выхадныя, расказвае Ала Варанцова, магазін прадае да двухсот тортаў. А ўжо на святы – па 600-700. У дзень святога Валянціна і напярэдадні разыходзіліся на «ўра» шакаладныя сэрцайкі. Цудоўная магчымасць прызнання: падарыў каханай такую выпечку і… лішніх слоў не трэба.
Марыя КУЗАЎКІНА.
На здымку (злева направа): прадавец 5-ага разраду Віялета Козел, загадчык Ала Варанцова, прадавец 6-ага разраду Алена Малькевіч.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА









