70-ы год адлічвае наш звычайны зямны мірны каляндар. У 70-ы раз пасля той, пераможнай, зноўку наступіць вясна.
У маёй душы заўсёды ўзнікае моцнае абурэнне супраць тых, хто столькі гора прынёс маім родным, усяму майму народу, нанёс такія незагойныя раны душам людзей. Кажуць, душы людзей жывуць, пакуль іх помняць. Пры набліжэнні кожны год свята Перамогі яны, сапраўды, ажываюць, бо ў памяці кожнага беларуса ўзнікае вобраз свайго ваеннага продка…
Сям’я маёй прабабулі, Пташнікавай Ніны, жыла на Міншчыне, калі пачалася вайна. Горад вельмі моцна бамбілі фашысты. Людзі хаваліся ў падвалы, уцякалі невядома куды. Пасля першага налёту ад многіх дамоў засталіся толькі руіны, жыць не было дзе. Праз некалькі дзён сям’я прабабулі аказалася ў вёсцы. Яе бацька, былы сібірак, як расказвае прабабуля, адразу пайшоў у партызаны, быў падрыўніком. У 1943 годзе загінуў, выконваючы заданне. Маці адна засталася з малымі дзяцьмі на руках: сямігадовая Ніна – гэта мая прабабуля, пяцігадовая Вольга, а таксама зусім малыя Іван і Мікалай. Ніна часта хадзіла да немцаў па малако ці хлеб: маці пасылала, бо есці не было чаго. Бывала, штосьці давалі, а другі раз гналі, усяляк абзываючы, але не стралялі. У хуткім часе маці і двое маленькіх яе сыноў памерлі ад тыфу, а дзяўчаткі засталіся жыць. Напэўна, такі іх лёс… А магчыма, як кажа мая бабуля: “Крэпкая” я была, сібірачка ўсё ж”. Ваенныя гады пражылі ў хаце “мачахі” ў голадзе і холадзе (бацька паспеў ажаніцца, ён загінуў пазней, чым памярла маці).
Помніцца прабабулі Дзень Перамогі. Усе людзі шчаслівыя, радасныя, але плакалі. Перажылі вайну, засталіся жыць, чакалі сваіх родных з фронту, марылі аб будучым мірным жыцці, аб вучобе, працы, аднаўленні гарадоў, вёсак, сваіх хат. З акон некаторых хат чуліся песні, музыка, а з некаторых – моцны плач, галашэнне, бо туды ўжо ніколі не вернуцца родныя.
Ніна з сястрой Вольгай былі разгубленыя, не ведалі, што іх чакае далей. У “мачахі” былі свае дзеці, чужыя дзяўчаткі былі “ лішнія ротам”, ды і памочніцы ў гаспадарцы яшчэ слабыя. Прыехаў родны дзядзька, брат пакойнай маці, працаваў дырэктарам Лідскага педвучылішча, забраў дзяўчат на Гродзеншчыну, здаў іх там у дзіцячы дом.
Ізноў голад, холад, папрашайніцтва ў вясковых людзей хлеба ці бульбы, але вялікае жаданне жыць, вучыцца, працаваць перамагло. Напэўна, так чалавек створаны, што ў яго пастаянна ёсць нейкая надзея на лепшае, бо інакш не перажылі б тое ваеннае ліхалецце, а таксама складанасці жыцця пасля вайны. Прабабуля ўспамінае і шмат цудоўнага з жыцця ў дзіцячым доме. Я ўяўляю, як яна была старшынёю піянерскай дружыны, як яна старанна вучылася, як яны ўмелі сябраваць, марылі.
Скончыўшы школу ў дзіцячым доме, Ніна пераехала да свайго дзядзькі, вучылася на бібліятэкара і сустрэла свайго каханага, з якім пражыла больш за 50 гадоў. Яны пабудавалі дом, нарадзілі чацвярых дзяцей, дзякуючы Савецкай уладзе, як кажа бабуля, усім далі вышэйшую адукацыю.
Прадзядуля мой, Якусік Людвік, жыў увесь час на Гродзеншчыне. Калі пачалася вайна, яму было ўжо 13 гадоў. Прадзядуля часта ўспамінаў, як моцна фашысты бамбілі Гродна, Скідзель, а таксама Шчучын, бо там былі ваенныя аэрадромы.
Сям’я вялікая, сямёра дзяцей, бацька памёр яшчэ да вайны. Немцы прыйшлі ў вёску вельмі хутка, занялі самыя лепшыя хаты, гаспадароў выгналі ў хлявы ці да радні або да суседзяў. Немцы не раз прымушалі яго быць фурманам у запрэжанай канём павозцы, каб вазіць іх у Шчучын. Аднойчы конь уздыбіўся і фашыст вельмі моцна пабіў хлопчыка. Каля вёскі ішла чыгунка праз мост, якая злучала Гродна з Масквою. Мост вельмі часта ўзрывалі партызаны. Немцы на другі ж дзень аднаўлялі яе, зганяючы мірных жыхароў вёскі. Людзі падпарадкоўваліся, хацелі жыць. З-пад Ліды прыходзілі партызаны і зноў узрывалі гэты мост. Фашысты звярэлі, часта на слупах вешалі людзей, наганяючы страх на астатніх.
Вось такі лёс чалавека ваенных гадоў. А колькі іх, такіх лёсаў? Шмат, не пералічыць. Колькі людзей не ведаюць магіл сваіх продкаў, так, як і мая прабабуля, якая не ведае нават, калі яна нарадзілася, дзе пахаваны яе бацька. Архіў згарэў, слядоў пасля сябе не пакінуў, затое засталіся дзеці вайны без нікога і без нічога. У дзіцячым доме дзеці выбіралі сабе “дзень нараджэння” – 8 сакавіка, 1 мая або 7 лістапада, а таксама дабаўлялі сабе гады, каб хутчэй пайсці зарабляць сабе на хлеб. Ўсё гэта наступствы самага нечалавечага выпрабавання, самага страшнага звера, імя якому – вайна…
Аляксей ЗУБЕЛЬ, вучань 5 “А” класа СШ № 3 г. Вілейкі.
Фото прадастаўлена аўтарам









