Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У Ільі мясцовыя краязнаўцы ўзяліся за рэалізацыю чарговага цікавага праекта

У Ільі мясцовыя краязнаўцы ўзяліся за рэалізацыю чарговага цікавага праекта. Разам з урачамі ўчастковай бальніцы, неабыякавымі жыхарамі вёскі, настаўнікамі вырашылі напісаць гісторыю развіцця лекарскай справы ў сваім краі. Як нам падаецца – прыклад гэты варты пераймання, бо калі мы дбаем пра будучыню – варта захаваць мінулае, заглянуўшы ў лёсы канкрэтных людзей. Сёння мы змяшчаем гутарку нашага пазаштатнага карэспандэнта Міколы Кутаса з былой работніцай Ільянскай другой бальніцы (так тады называлася), а зараз пенсіянеркай Нінай Аляксандраўнай Дзевяцень. Якраз на гэту тэму.

– Як Вы апынуліся ў Ільі?
– У 1967 годзе я скончыла Слонімскае медыцынскае вучылішча, атрымаўшы прафесію акушэркі. Накіраванне атрымала ў Вілейскі раён. Галоўны ўрач Канстанцін Пышкала паставіўся да мяне, маладога спецыяліста, па-бацькоўску, ведаючы, што мне ў родных мясцінах лягчэй будзе распачынаць працоўнае жыццё. Так што ўжо з дыпломам прыехала я дамоў у сваю родную вёску Кавалі, а ў Ілью на працу дабіралася маршрутным аўтобусам. Гэта ўсяго 4 кіламетры.
– Якой тады была бальніца?
– Яна мела некалькі аддзяленняў. Радзільнае было на 10 ложкаў і займала асобны корпус. Нейкі мінімум абсталявання меўся. Вада была падведзена, але толькі халодная. На пліце пастаянна ў гарачым стане падтрымлівалася вада ў бачках. Медыцынскіх прэпаратаў хапала. Калі здараліся якія ўскладненні, то ў любы час на дапамогу прыходзіў Вілейскі радзільны дом. У тыя часы, як і цяпер, адказна вельмі ставіліся да нараджэння дзяцей.
У нашым аддзяленні было 4 акушэркі. Працавалі па графіку па зменах па 12 гадзін. На змену – адна акушэрка і адна санітарка.
– Ці хутка Вы, скажам так, «уцягнуліся» ў свае прафесійныя абавязкі?
– Я марыла стаць медработнікам. І стала сябе больш паважаць, бо дабілася гэтага. Паколькі я жыла дома з бацькамі, заўважыла, што і аднавяскоўцы прыязна адносяцца да мяне. Думаю, і мама, і тата былі рады майму выбару, бо здаўна прафесія гэта выклікала ў людзей павагу. Так што я – Ніна Аляксандраўна – з дваццаці гадоў.
– Ці запомніліся першыя роды, якія Вы самастойна прымалі?
– Ці першыя, ці якія ні былі яны па ліку – з’ява незабыўна хвалюючая, бо прысутнічаеш пры адной з таямніц прыроды. Упэўненасць мне надавала тое, што ў нашай бальніцы быў урач-гінеколаг Беланоўская Валянціна Рыгораўна. Яе муж таксама працаваў тут хірургам. Абход быў штодзённа. Пры неабходнасці Беланоўскую можна было выклікаць у любы час.
– Напэўна, здараліся якія «нестандартныя» выпадкі?
– Я прыняла некалькі сот родаў ад парадзіх за 13 гадоў працы ў аддзяленні, пакуль яго не перавялі ў Вілейскі радзільны дом у 1980 годзе. Рознае было. Помню ў аднаго плода пупавіна абвілася вакол шыйкі дзіцяці некалькі разоў. Галоўнае ў акушэра – дзейнічаць хутка і прафесійна. Мяркую, мне гэта ўдавалася. Немаўляткі, якіх я першай брала на рукі, ужо даўно павырасталі. У Ільі я іх кожнага помню. Можа, хто і не здагадваецца з іх, але мамы іх, спадзяюся, помняць свае роды ў нашай бальніцы.
– Ці пашкадавалі Вы хоць раз аб сваім выбары?
– Гавару адказна: ні разу! Напачатку было цяжкавата. Гэта цяпер ёсць палатныя сёстры, а ў сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя акушэркі самі глядзелі за нованароджаным: і кармілі, і ў пялёнкі ўкутвалі, і паміж кармленнямі грудным малаком давалі дзеткам кіпячоную ваду або раствор глюкозы. І такі вось клопат на працягу 8 дзён па нормах медыцынскіх. Заработная плата складала ў мяне 67 рублёў. У тыя часы на гэтыя грошы можна было па-летняму танна апрануцца. Але ўжо на ежу грошай не засталося б. Дапамагло тое, што я хутка вышла замуж. Муж мой працаваў галоўным інжынерам у мясцовым саўгасе, тут сям’я атрымала кватэру. Вялі хатнюю гаспадарку – трымалі карову, свіней, кур. У мужа заробкі былі значна вышэйшыя за мае. Выгадавалі дваіх дзяцей. Зараз маю 4 унукаў – усе хлопцы. Мой працоўны стаж – 43 гады.
– Жаночае шчасце, у чым яно, на Вашу думку?
– Маё шчасце ў дзецях, унуках. Мая дачка і сын маюць вышэйшую адукацыю. Дачка пайшла па маіх схільнасцях – таксама медработнік, сын – па бацьку – інжынер. Прыязджаюць. Усе мы адчуваем сябе адной сям’ёй. Я гэтаму радуюся. Яшчэ я радуюся беламу колеру. Бо ён нагадвае мне пра медыцынскі халат, пра бальнічныя палаты агульнага аддзялення, куды я была пераведзена пасля закрыцця радзільнага. У маёй памяці – галасы маленькіх чалавечкаў, якіх я ўздымала да святла, галасы маіх сябровак па працы, з якімі сфатаграфавалася ў далёкім 1975 годзе. Як быццам клічу: Чарняўская І. І., Пракаповіч Т. І., Нездоймышава В. М., Русаковіч Н. А., Буркевіч Г. М. Люблю гэты здымак, я тут у першым радзе першая злева.
Яшчэ я радуюся, што на маіх вачах змянілася ў лепшы бок медыцынскае абслугоўванне насельніцтва. Не пазнаць Ільянскай бальніцы сёння. А здаровы лад жыцця – гэта не лозунг, гэта абавязак кожнага з нас. Раю пра гэта помніць.
Гутарыў Мікола КУТАС.
Фота прадастаўлена аўтарам

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 184 queries