Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

І каханне, і ўсеабдымная любоў

Стала сведкай, як дзве маладзіцы выказваліся наконт Дня закаханых, што сёння адзначаецца. Справа была напярэдадні яго. Жанчыны сустрэліся ў мужчынскім аддзеле ўнівермага.
– Гэтыя святы – галаўная боль, – гаварыла адна, пільна разглядаючы прыгожы джэмпер. – Цяпер думай, што падарыць на Дзень закаханых, а неўзабаве і дваццаць трэцяе – зноў рыхтуй падарункі мужчынам…
– Вой, знайшла ўжо свята – Дзень закаханых, – перабіла яе другая. – Дзе напісана, што гэта свята? Ды яно нават у календары не пазначана! Надуманае ўсё гэта…
– І што, ты нічога не дорыш свайму Вовіку? – здзівілася сяброўка.
– Хіба што сувенірчык які чыста сімвалічна, – прызналася другая. – Ну і абед, вядома ж, святочны, з торцікам…
Ага, як бы там ні абуралася, а ўсё ж віншуе свайго благавернага, міжволі падумалася мне. Вось табе і надуманае…
Не стану яшчэ раз паглыбляцца ў гісторыю, узгадваць легенду пра Святога Валянціна, апекуна закаханых. Было ўсё так ці зусім інакш – невядома, схавана, як кажуць, покрывам даўніны. Але ж прыгожа, светла, рамантычна… Ды і ніколі не будзе лішнім усім нам яшчэ раз звярнуць увагу на тых, хто побач, каго не толькі кахаем, але і любім, і даць ім крышку больш, чым звычайна, сваёй дабрыні і цеплыні.
А Дзень закаханых – свята адметнае. Яно даўно ўжо выйшла з рамак толькі закаханых, а стала днём усеабдымнай любові. Нават малышы прыносяць валянцінкі, зробленыя сваімі рукамі ў дзіцячых садах, сваім блізкім. Асабіста я захоўваю сардэчка, якому ўжо болей дзясятка гадоў, якое падарыла мне дачушка, тады яшчэ вучаніца пачатковых класаў. Гляну на яго, прачытаю «Мамачцы ад мяне ў Дзень Святога Валянціна» – і неяк цёпла на сэрцы становіцца. Такі вось светлы гэты лютаўскі дзень.
А яшчэ, кажуць, у гэты дзень нараджаецца многа новых сямей. Нядаўна размаўляла з начальнікам аддзела ЗАГС райвыканкама Вольгай Мароз, і яна гэта пацвердзіла. Вось і сёлета на 14 лютага было пададзена значна болей заяў на рэгістрацыю, чым на звычайныя суботы. Многія маладыя самі вызначаюць менавіта гэтую дату для сваёй сямейнай урачыстасці. Нават тыя, што ўжо некалькі гадоў жылі ў так называемым грамадзянскім шлюбе, вырашылі афіцыйна зарэгістраваць свае адносіны. І дзень абралі самы падыходзячы – Святога Валянціна. Каб была сям’я моцнай, дружнай і каб вялікая любоў заўсёды сагравала і яднала яе.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 40 queries