Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Одна из участниц народного шоу «Я могу!» с Вилейщины

Пачну з галоўнага: чытачы газеты, напэўна, сочаць за цікавым народным шоу «Я магу!», выпускі якога кожную суботу паказвае тэлеканал «Беларусь 1». На суд журы і гледачоў будзе вынесена 120 выдатных нумароў, якія трэба будзе ацаніць, каб пасля, у вялікім фінале 25 красавіка, аддаць перамогу самаму-самаму. Фокусы, акрабатычныя эцюды, танцы, мініяцюры, спевы – усё гэта можна будзе ўбачыць і ацаніць. Для чаго я гэта ўсё пішу? А для таго, каб вы, сябры, ведалі, што ў паўфінале, які будзе паказаны па тэлебачанні 21 лютага ў 19.15, выступіць цудоўная дзяўчына Яна Ржауская, адзінаццацікласніца гімназіі № 1 горада Барысава. У пасёлку Партызанскім на Вілейшчыне будуць хварэць за спявачку яе бабуля з дзядулем, Валянціна Іосіфаўна і Часлаў Мечыслававіч Дубаневічы. Яно і зразумела, іх таленавітая ўнучка, якая вельмі часта бывае тут, у пасёлку, будзе на вялікай сцэне спаборнічаць з іншымі таленавітымі людзьмі. Як ацэняць выступленне кампетэнтнае журы, гледачы? Вось і мы з вамі, паважаныя нашы чытачы, можам унесці сваю лепту ў галасаванне, якое ажыццяўляецца з дапамогай тэлефоннага званка і адпраўкі смс-паведамлення за артыста, які спадабаўся. Давайце ацэнім выступленне Яны і аддадзім галасы за нумар 8, пад якім дзяўчына будзе выступаць.

– Яна з дзяцінства чалавечык творчы, – расказвае пра ўнучку бабуля Валянціна Іосіфаўна. – Вось і цяпер без яе ўдзелу не абыходзіцца ні адно канцэртнае мерапрыемства ў гімназіі. А ў мінулым годзе Яна стала вядомай і ў рэспубліцы – прывезла Дыплом II ступені з III рэспубліканскага конкурсу мастацтваў «Крыштальная ліра». А яшчэ ў адным рэспубліканскім конкурсе – «Шлях да зорак-2014» – унучцы прысуджаны Дыплом I ступені. Крыху раней Яначка выйшла ў фінал творчага конкурсу юных вакалістаў «Звонкая раніца» і выступіла ў дзіцячым цэнтры «Зубраня». Музыка, спевы – гэта яе, таму і на кастынг народнага шоу «Я магу!» прыйшла. Яе нумар трапіў у лік лепшых, і цяпер пачалося галоўнае – само спаборніцтва. Будзем перажываць за ўнучку і, вядома ж, спадзявацца на поспех.
Зразумелыя радасць і хваляванне родных за таленавітую дзяўчыну. Бабуля з задавальненнем паказвае фотаздымкі: Яначка ў агародзе з вядзерцам, у кветніку, з любімым дзядулем на рыбалцы, у паходзе… Дзяўчынка заўсёды любіла і любіць прыязджаць сюды, да бабулі з дзядулем, каб пабыць на прыродзе, адпачыць, дапамагчы. Як і бабуля, яна любіць кветкі (а іх улетку на падворку – рознакаляровы дыван), як дзядуля, цікавіцца прыродай, спортам.
– Мы з Чаславам Мечыслававічам усё жыццё адпрацавалі ў школе, – падзялілася Валянціна Іосіфаўна. – Ён быў настаўнікам фізкультуры, я – матэматыкі і фізікі, а яшчэ і дырэктарам школы працавала. Дарэчы, настаўніцай стала і дачка Марыя, мама Яначкі. Ужо нямала гадоў мы з мужам на пенсіі, а не сядзім без справы, трымаем гаспадарку, маем пчол, займаемся агародамі. Зімой любім стаць на лыжы – і ў лес. Прыгажосць! А ўлетку – таксама лес, ходзім у грыбы, ягады. Вось і Яна з дзяцінства прывыкла да нашага ўкладу жыцця.
Дубаневічы – людзі творчыя, нераўнадушныя, як кажуць, на генным узроўні. Быў заўзятым музыкам дзядзька Часлава Мечыслававіча. Яго мама, якая цудоўна спявала, іграла на гітары, у далёкім 1957 годзе была дэлегатам фестывалю моладзі і студэнтаў у Маскве. Такая вось таленавітая была прабабуля Яны. Ды і сам Часлаў Мечыслававіч добра іграе на музычных інструментах, у маладосці яны з Валянцінай Іосіфаўнай былі актыўнымі ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці.
У народзе трапна кажуць, што гены пальцам не задушыш. У нашым выпадку – і дзякуй Богу. Няхай перадаюцца яны, тыя гены творчасці, таленту, прыгажосці, дзецям, унукам, праўнукам і радуюць людзей. Гэта ж так цудоўна – ствараць настрой іншым… Згадзіцеся? А выступленне Яны Ржаускай абавязкова паглядзіце і прагаласуйце. Не забудзьцеся: 21 лютага ў 19.15.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота з сямейнага альбома сям’і Дубаневіч

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 186 queries