Сталы мужчына, крэкчучы і войкаючы, цяжка абапіраючыся на кіёк, зайшоў у кабінет да ўрача. Доктар і маладая медсястрычка доўга выслухоўвалі скаргі пенсіянера на розныя балячкі. І ціск у яго, і нервы, а найбольшая бяда з нагамі і спінай – баляць да немагчымасці.
Каб агледзець нямоглага, урач папрасіў таго легчы на кушэтку, распрануцца.
– Дык што, штаны зусім здымаць? – пацікавіўся стары ў медсястрычкі, якая яму дапамагала размясціцца на кушэтцы.
– Дык трэба ж доктару і спіну агледзець, і нагу вашу хворую, – стала тлумачыць дзяўчына.
– Трэба дык трэба, – пагадзіўся дзед і на поўным сур’ёзе заўважыў: – А ты, маладзіца, гледзячы на мяне, «балдзець» будзеш…
Дзяўчына нават не знайшлася што і сказаць. Толькі пазней, ужо адправіўшы хворага, яны з урачом добра пасмяяліся. А што ж, такі кавалер трапіўся…
Ірына БУДЗЬКО


