Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Толькі б ты, мама, жыла

Хату бабулі Веры не давялося доўга шукаць. Панырнуўшы ў зялёную арку кустоўя, амаль што сплеценага верхавінамі, мы тармазнулі каля дзвюх легкавушак іншаземнага паходжання. Разлік быў правільны: людзі прыехалі гуртам на бяседу. Бо з якой яшчэ нагоды ў маленькай паўпустой вёсачцы маглі з’явіцца матарызаваныя аб’екты падобнага кшталту? Дом насупраць, з нядаўна пафарбаваным фасадам, фанабэрыста зыркаў акяніцамі, пасуючы да ўрачыстага выгляду сваёй гаспадыні. Веры Аляксандраўне Бабкевіч сёння споўнілася сто год. Прыбраная ў святочныя строі яна займае пачэснае месца пасярэдзіне двара.IMG_5778

– На троне сядзіць, – жартуюць шматлікія ўнукі. Гэта яны ахінулі крэсла бабулі шыкоўнай тканінай, прыладзіўшы да спінкі два рознаколерныя шары. Гойдаючыся ад ветрыку, яны далікатным дотыкам лагодзяць бабуліны плечы. І яна паблажліва ўсміхаецца з мілых пацех сваіх нашчадкаў. Святочны стол накрыты прама на падворку. А аздобай яму служаць аксамітныя пялёсткі жнівеньскіх кветак – найпершага восеньскага дэкору. Урачыстую цырымонію ўшанавання юбіляршы шматлікая радня дазваляе распачаць афіцыйным асобам. Веру Аляксандраўну шчыра віншуюць намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Таццяна Мікуліч, начальнік ідэалагічнага аддзела райвыканкама Жанна Петух, сакратар Даўгінаўскага сельвыканкама Галіна Ханашчак. Увагаю родных Вера Аляксандраўна ці была калі абдзелена. А вось такая прыхільнасць ад увогуле чужых людзей для яе, па ўсім бачна, упершыню. Ружавее бабулін твар, падбіраючыся да колеру квяцістай хусцінкі, іскрацца непралітай слязінкай вочы… Бярэмя кветак і падарункаў ужо не могуць утрымаць стомленыя рукі. На іх яна гушкала траіх сваіх дзетак, імі лашчыла ўнукаў, праўнукаў і прапраўнукаў, горнучы да роднага гнязда ўсіх птушанят, якім менавіта адсюль, з маленькай вёсачкі Крупнікі, наканавана было мець стартавую пляцоўку для ўзлёту. Гэта зусім не важна, што месцам нараджэння ўнукаў пазначана далёкая Эстонія, ад адной назвы якой вее горыччу адчужэння. Некалі ж, на пачатку пяцідзесятых, гэта братняя рэспубліка была для крупнянскіх птушанят жаданым выраем, дзе тыя меліся знайсці для сябе дабрабыт, прытулак ад вясковай неўладкаванасці, ад тых зменлівых грамадскіх сюжэтаў, якія ў гісторыю ўвайшлі затым пад назваю бяздушнага эксперыменту над сялянствам.IMG_5787
– Чаму паехалі з дому? Не хацелі за кручкі ды палачкі працаваць, як бацькі, – Таіса Іосіфаўна, адна з траіх дзяцей Веры Аляксандраўны, расказвае, як пасля школы апынулася ў Нарве. Вырашылі з сяброўкай паступіць у медвучылішча. Не атрымалася. «Укалвалі простымі рабочымі». Сяброўка пасля выйшла замуж у Талін. Ну, і Таіса, на яе вяселлі, знайшла сабе там жаніха. Пасля братоў да сябе паклікала, старэйшага Анатоля і меньшага Мікалая.
Сама родам з тых мясцін, памятаю, што кожная вёска мела ў той час свае кропкі міграцыі. Крупнікі – Нарву і Талін, Ваўкалатка – Рыгу; Язні, Станькі – Вільнюс. Сялянскія дзеці не бачылі ў тагачаснай вёсцы перспектывы, таму і наважваліся адпраўляцца ў няблізкі свет. І няблага ўладкоўваліся ў ім. Усё было добра да таго часу, пакуль паміж мяжуючымі краінамі не з’явіліся пагранічныя слупы. Гэта толькі так здаецца, што матэрыяльнае і духоўнае існуюць у паралельных прасторах чалавечай свядомасці. Пагранічныя межы стварылі замежжа і ў людскіх, грамадскіх узаемаадносінах. Пачаўся новы паток міграцыі, толькі ўжо ў зваротным напрамку. Мікалай з сям’ёй вярнуўся на Вілейшчыну. Анатоль і Таіса засталіся, асцерагаючыся пакідаць дабротна звітыя гнёзды. Пенсіі Анатолія Іосіфавіча сёння хапае на аплату камунальных паслуг, за жончыну – жывуць. Каб ушанаваць маці, ён праехаў цераз той самы пагранічны кардон. І твар яго сёння – светлы ад сыноўняй любві, ад радасці бачыць маці жывой і здаровай.
– Ты толькі, мама, жыві, – гэтыя словы гучалі не раз у святочны для ўсіх Крупнікаў дзень. І Вера Аляксандраўна абяцала выканаць шчыры наказ сваіх шматлікіх нашчадкаў.
Позірк стогадовай жанчыны слізгае ўздоўж святочнага стала, нібыта завісаючы на густых галінках таксама ўжо немаладых яблынь. Памяць яе ўчэпістая, трывалая, як калючая кветка дзядоўніку. Нават як плакала маці над пахавальнай, прыйшоўшай з фронту першай сусветнай, памятае. Бацька загінуў, а маці трэба было падымаць гаспадарку і расціць дзвюх дзяўчынак, прыгожанькіх, галасістых, як тады казалі «дзявок на ўсю вёску». Давялося зноў замуж выходзіць.Але для дзяўчатак, вядома, не такім ужо салодкім было жыццё з айчымам.
Як з суджаным сышліся? – А ён сам мяне знайшоў, – усміхаецца куточкамі вуснаў бабуля Вера. – Мужык мой з-пад Крывіч, у Крупнікі яго на працу нанялі. Ён з сіроцкай сям’і быў. Хату вось гэту сваімі рукамі будавалі, – задаволена аглядае гаспадыня свой родны куток, які сёння даў прытулак усім яе дарагім гасцям.
– Муж у мяне харошы быў, працавіты. Шафы, крэслы рабіў на продажу.
– Ды ён цябе на руках насіў, – уключаецца ў размову пляменніца Марыя. І задумліва дадае, – не кожнай жанчыне такое дадзена. Ды і не кожная заслугоўвае таго.
Лёгкая, чыстая, бы крынічная вадзіца, плыве, струменіць размова за сталом:
– А памятаеш, як ты мяне танцаваць вучыла? Такія даўнія танцы, я ўжо і назвы ім не прыпомню…
– Ды што там… Галёпу, абэрак, кракавяк, – бабуля Вера нечакана імкліва расстаўляе словы ў адзіны моўны рад і, здаецца, вось-вось адарвецца ад свайго «трону», узмахне паркалёвым рукавом – і пусціцца ў скокі. Да танцаў, праўда, справа не дайшла. А вось песню яна заспявала. Пачаўшы ў нечакана высокай танальнасці, яна так і не збілася з голасу. Усе заварожана слухалі. Прыціхла нават маленькая прапраўнучка. Так хочацца, каб захавала яе дзіцячая памяць бабуліна аблічча. І гэту песню, што ірвалася на вясковы прастор са святочнага панадворка, задуменна плыла над прысадамі, прывяленымі жнівеньскай спякотай. Кажуць людзі, калі выходзілі жанкі на хлебную ніву з сярпамі, прасілі Веру: ты толькі спявай, а мы тут і за цябе ўсё пажнём…
Крупнікі – вёска і майго дзяцінства. Тут некалі, у акаймоўцы бяроз, стаяла пачатковая школка. Тут маладыя настаўнікі Эма Іванаўна і Мікалай Іванавіч Катовічы (муж і жонка) давалі нам першыя свае ўрокі. Школу ўжо даўно знёс час. Травой-быллём зарасла дарагая сэрцу мясціна. Аказваецца, не толькі шаўковым мурагом лашчыць нам ногі далёкі успамін. Калючым болем, бывае, адгукаецца кожны крок па слядах вечна жывой памяці. Таму няхай яшчэ доўга-доўга свецяцца Вашы вочы, бабуля Вера. Для дзяцей, унукаў і праўнукаў – усіх, хто лічыць за шчасце бачыць Вас на гэтай зямлі.
Марыя КУЗАЎКІНА. Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 189 queries