У Мінску 19-20 студзеня ў фармаце адкрытага дыялогу «Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня» прайшоў 42-і з’езд БРСМ. У маштабным форуме, які праходзіць раз у тры гады, прынялі ўдзел 1 тыс. дэлегатаў з’езда з усёй краіны, а таксама госці і запрошаныя – усяго каля 3 тыс. чалавек. У першы дзень работы з’езда стартавала патрыятычная акцыя «Мы помнім і ганарымся», прысвечаная 70-годдзю Вялікай Перамогі. Акцыя прадоўжыцца па ўсёй Беларусі вахтамі памяці, мітынгамі, фестывалямі і форумамі, сустрэчамі з ветэранамі. 20 студзеня ў Палацы Рэспублікі адкрылася выстаўка патрыятычнай фатаграфіі «Разам дом пабудуем», на якой прадстаўлены найбольш яркія моманты з жыцця арганізацыі.
Цэнтральным мерапрыемствам з’езда стаў адкрыты дыялог «Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня», у фармаце якога прайшлі сустрэчы дэлегатаў з’езда з кіраўніком дзяржавы, прадстаўнікамі кіраўніцтва і творчымі дзеячамі рэспублікі.
На з’ездзе падведзены вынікі работы арганізацыі, а таксама выбудавана стратэгія развіцця на бліжэйшыя гады. Першым сакратаром ЦК ГА БРСМ выбраны Андрэй Белякоў, выбраны Цэнтральны камітэт у складзе 27 чалавек, унесены змяненні і дапаўненні ў статут арганізацыі і зацверджаны новы ўзор маладзёжнага білета – у выглядзе банкаўскай карткі. БРСМ прынята рашэнне накіраваць прэмію Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» на стварэнне маладзёжнага патрыятычнага цэнтра на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці. У год высокай палітычнай адказнасці, якім будзе для ўсёй краіны 2015-ы, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі мае намер прыняць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні кампаніі па выбарах Прэзідэнта. Да 70-годдзя Перамогі БРСМ плануе рэалізаваць рэспубліканскі патрыятычны праект «Кветкі Вялікай Перамогі!». Сімвал праекта – кветка яблыні з чырвона-зялёнай стужачкай – сведчанне працвітання і поспеху суверэннай незалежнай Беларусі за апошнія 20 гадоў. У планах БРСМ на 2015 год рэалізацыя шэрага праектаў грамадзянска-патрыятычнай тэматыкі, падтрымка маладзёжных ініцыятыў, забеспячэнне занятасці моладзі, у тым ліку развіццё студатрадаўскага руху.
У заключны дзень форуму ў яго рабоце прыняў удзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. У сваім выступленні ён даў ацэнку дзейнасці БРСМ, закрануў асноўныя праблемы, якія хвалююць сучасную моладзь. Кіраўнік дзяржавы падтрымаў рэспубліканскі патрыятычны праект «Кветкі Вялікай Перамогі!» і ўручыў пераходны сцяг, заснаваны ўказам Прэзідэнта, студэнцкаму будаўнічаму атраду «Дзвіна» імя Героя Савецкага Саюза В.І.Яронькі, які прызнаны лепшым па выніках 2014 года.
З’езд – магчымасць выказаць сваю пазіцыю
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў важнасць таго, што моладзь адкрыта ў шырокім складзе намячае стратэгію дзеянняў БРСМ, ацэньвае работу кіраўніцтва арганізацыі і актыву.
«Нашы з вамі рэгулярныя стасункі – гэта добры прыклад таго, як павінны будавацца адносіны дзяржавы і грамадскіх арганізацый», – адзначыў Прэзідэнт.
«Гэта рэальная магчымасць выказаць сваю пазіцыю па актуальных пытаннях жыцця, данесці ад імя моладзі прапановы і быць пачутымі. А для дзяржавы – гэта добрая пляцоўка, каб разумець, чым жыве моладзь, і знаходзіць найлепшыя формы ўзаемадзеяння на карысць нашай Радзімы», сказаў ён.
Цікава пачуць, як мысліць моладзь, што лічыць важным і карысным для краіны. «І калі ў нас дыялог, то важна, каб і вы мяне не толькі паслухалі, але і пачулі, аб’ектыўна ацанілі ўсё тое, што робіцца ў нашай маладой суверэннай дзяржаве для вас, для паспяховага сучаснага і ўпэўненай будучыні», – сказаў Прэзідэнт.
Ён таксама падкрэсліў, што сёння ва ўсім свеце, Беларусь не з’яўляецца выключэннем, запатрабаваны моцныя, самастойныя, мэтанакіраваныя людзі. Яны патрэбны ўсюды – на вытворчасці і ў палітыцы, у бізнесе і ў навуцы, у адукацыі і дзяржкіраванні. Гэта рухавік прагрэсу, ад энергіі і моцы якога залежыць дынаміка развіцця грамадства.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Беларусь – адна з нямногіх дзяржаў, дзе маладзёжнаму руху ўдзяляецца асаблівая ўвага. Як кіраўнік дзяржавы я стаўлю ў шэраг першарадных стратэгічных задач фарміраванне такога маладога пакалення, якое складала б ядро нашай працавітай, адукаванай і здаровай нацыі».
На думку Прэзідэнта, адказнасць, самастойнасць, ініцыятыва павінны стаць галоўнымі рысамі пакалення моладзі, а разам з ім – і ўсёй краіны. У сваю чаргу дзяржава, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, не здымае з сябе задачы стварэння неабходных умоў для самарэалізацыі і адукацыі моладзі. «Дзяржава па-ранейшаму будзе стаяць на яе абароне, дапамагаць у адаптацыі да сучасных умоў, каб мы ўсе разам змаглі пайсці далей, да больш высокай якасці жыцця», – заявіў Прэзідэнт.
Падтрымка маладых сем’яў – адзін з прыярытэтаў
«Трэба сумленна прызнаць, што ў нечым з гэтымі прыярытэтамі мы нават перагнулі палку, імкнучыся, можа, залішне, папярэдзіць, падстрахаваць або засцерагчы ад цяжкасцей маладога чалавека, які ўступае ў дарослае і самастойнае жыццё. А жыццё не падманеш. Калі не прывучыць сябе да пераадолення меншых цяжкасцей, з вялікімі ніколі не справішся», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў рэгіёнах будзе нарошчвацца будаўніцтва жылля, а ў Мінску скарачацца. «Менавіта з наяўнасцю жылля сямейная моладзь часта звязвае рашэнне мець дзяцей. Нехта з асуджэннем скажа, што гэта вельмі прагматычна. Я адкажу: так, прагматычна. Але і патрыятычна таксама, паколькі гэта залог таго, што дзеці будуць абаронены ад бытавой неўладкаванасці, забяспечаны ўмовамі для нармальнага росту і развіцця», – лічыць Прэзідэнт.
«Згодна з сацыялагічнымі апытаннямі, дзеля будучага сваёй сям’і і дзяцей моладзь гатова да ўнутранай міграцыі. Гэта вельмі добры знак, – адзначыў кіраўнік дзяржавы. – Прыход у Беларусь новых тэхналогій прымушае ацаніць тыя перавагі, якія з’яўляюцца ў маладых людзей у рэгіёнах пры наяўнасці там дастойнай і цікавай работы. Здаровая экалогія, крокавая даступнасць работы і сацыяльных аб’ектаў. А самае галоўнае – магчымасць хутчэй вырашыць жыллёвае пытанне».
Кветкі Вялікай Перамогі
Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі на 42-м з’ездзе грамадскага аб’яднання прадставіў праект «Кветкі Вялікай Перамогі!» і ўручыў Прэзідэнту Беларусі яго сімвал – кветку яблыні з чырвона-зялёнай стужачкай.
Прэзідэнт падтрымаў гэту ініцыятыву моладзі. Рэспубліканскі патрыятычны праект «Кветкі Вялікай Перамогі!» будзе рэалізаваны ў год 70-годдзя Перамогі. Яго сімвалам выбрана кветка яблыні як сведчанне працвітання і поспеху суверэннай незалежнай Беларусі за апошнія 20 гадоў.
«Пераможны май 1945 года асацыіруецца з вялікім пачуццём усенароднай радасці, гонару і шчасця, з водарам квітнеючых яблынь, якія, здавалася б, сама прырода падарыла народу-пераможцу як сімвал адраджэння і ўсенароднага свята, – адзначылі ў саюзе моладзі. – Яблыневы цвет – гэта сімвал вясны, адраджэння, пачатку новага жыцця, што як мага лепш перадае агульнанародную радасць розных пакаленняў у сувязі з Днём Вялікай Перамогі. Вобраз квітнеючага яблыневага саду сімвалізуе ўрадлівасць, дабрабыт, дынамічнае развіццё, поспех і працвітанне суверэннай незалежнай Беларусі за апошнія 20 гадоў. Стужачка ў кветках нацыянальнай сімволікі падкрэслівае гістарычную значнасць Дня Перамогі ў нашым грамадстве, яго вялікую ролю ў станаўленні і развіцці краіны».
Праект прадугледжваецца зрабіць дабрачынным, кветачныя бутаньеркі раздаваць паўсюль за сімвалічную грашовую ўзнагароду. Выручаныя сродкі будуць сабраны на рахунку праекта для аказання адраснай дапамогі ветэранам.
Арганізатары спадзяюцца, што праект знойдзе свой водгук у сэрцах беларусаў, стане штогадовым і агульнанацыянальным.
Гатоўнасць да абароны Айчыны – патрабаванне жыцця
«Адна з важнейшых задач моладзі – гатоўнасць да абароны сваёй Радзімы. Гэта не пафасная фраза, а патрабаванне жыцця. На жаль, ХХІ стагоддзе так і не прынесла чалавецтву збавення ад кашмараў вайны, – канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. – Тое, што адбываецца ў свеце і ўжо ў непасрэднай блізкасці ад нашых граніц, практычна ля парога нашага дома, прымушае ўспомніць урокі гісторыі і запаветы пакалення пераможцаў аб неабходнасці як зрэнку вока берагчы Айчыну, ахоўваць свет і спакой на роднай зямлі».
Прэзідэнт адзначыў, што маладзёжныя праекты, у тым ліку па захаванні памяці аб подзвігу ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, сёння як ніколі важныя. «Страціўшы гэту Вялікую Перамогу, страціўшы тое, што мы не павінны страціць, – страцім будучыню. Таму вашы дзеянні, звернутыя ў сярэдзіну мінулага стагоддзя, як ніколі важныя і актуальныя для нашага грамадства сёння. Таму яны атрымліваюць падтрымку ўлад і будуць атрымліваць», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Няма неабходнасці шукаць поспеху за мяжой
Кіраўнік дзяржавы ў сваім выступленні закрануў тэмы адукацыі і кадравай палітыкі. «Сённяшні тэхналагічны ўклад робіць свет даступным і ў пэўным сэнсе аднолькавым. Выраўноўваюцца магчымасці атрымання адукацыі і арганізацыі вытворчасці, укаранення найноўшых спосабаў лячэння і доступаў інфармацыі, правядзення даследаванняў і арганізацыі гандлю, – сказаў Прэзідэнт. – Таму, каб дабіцца камерцыйнага поспеху, навуковага прызнання, нарэшце, проста сямейнага дабрабыту, няма неабходнасці ехаць за акіян. Для гэтага не трэба нават пераязджаць з глыбінкі ў сталіцу. Усюды патрабуецца максімальнае ўкладанне ўласнай працы і настойлівасць у дасягненні мэты. Важна, каб кожны з вас як мага раней зразумеў і прыняў гэту простую ісціну».
Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ён ні ў якім разе не адгаворвае моладзь ад уласцівага юнацтву жадання пабачыць свет. «Паедзьце і паглядзіце, вучыцеся, калі гатовы, асвойвайце новае, пераймайце карыснае. Але наўрад ці вас чакаюць там з распасцёртымі абдымкамі. Там даўно прывыклі лічыць грошы і проста так нічога не робяць», – адзначыў кіраўнік дзяржавы. «Не цешце сябе, што там вы знойдзеце нешта асаблівае, ісціну ў апошняй інстанцыі, – сказаў Прэзідэнт. – Сёння няма сусветных цэнтраў, дзе акумуляваліся б веды. Веды рассеяны паўсюль і ствараюцца кожнае імгненне адначасова ў розных кропках зямнога шара, у тым ліку ў навуковых цэнтрах і ўніверсітэтах Беларусі. З-за гэтага змяняецца ўся ранейшая сістэма адукацыі, асабліва вышэйшай. Той, хто хоча застацца першым у сваёй сферы, у прафесіі, не перастае вучыцца ўсё жыццё».
Прэзідэнт канстатаваў, што змяняецца і роля дзяржавы ў сістэме адукацыі. «Мы павінны прадаставіць і забяспечыць кожнаму маладому чалавеку якасную базавую адукацыю, а таксама выхаванне – тое, што стане фундаментам яго асобаснай сталасці. Далей – персанальны выбар і індывідуальны шлях развіцця, шлях да вашага дабрабыту і шчасця. Ужо сёння наймальнік глядзіць не толькі на дыплом, але і на дадатковыя веды і вопыт, якія выпускнік набыў, працуючы над сабой: курсы, трэнінгі, школы, стажыроўка, навуковыя даследаванні, самастойная работа», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Здавалася б, да такой сістэмы адукацыі маладое пакаленне гатова лепш, чым папярэдняе. У той жа час маладыя людзі ва ўзросце да 30 гадоў складаюць трэцюю частку беспрацоўных, зарэгістраваных у органах службы занятасці, а гэта больш за 55 тыс. чалавек. «У чым прычына – у недахопе ведаў або ў завышаных патрабаваннях кіраўнікоў?» – задаў пытанне кіраўнік дзяржавы. Але нельга выехаць на шырокую дарогу, не пераадолеўшы старту, не разагнаўшы аўтамабіль, недзе нават не забуксаваўшы.
Год моладзі павінен запомніцца
У Беларусі 2015 год па ініцыятыве БРСМ аб’яўлены Годам моладзі. «Хацелася б, каб ён прайшоў прыкметна. Калі ён пройдзе непрыкметна – грош вам цана», – сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да ўдзельнікаў з’езда.
«Унясіце свае канкрэтныя прапановы, рэалізуйце масу мерапрыемстваў, карысных для нашага грамадства, каб гэты год запомніўся многім пакаленням», – дадаў кіраўнік дзяржавы.
«Вы, маладыя людзі, гатовыя любыя сцены разбурыць, зламаць усё, што перашкаджае нашаму жыццю, павінны былі гэта спланаваць, а калі не зрабілі – зрабіце цяпер, каб правесці гэта ў Год моладзі. Я гатовы ісці з вамі ў першай шарэнзе», – падкрэсліў Прэзідэнт.
Праблему спайсаў трэба вырашыць
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на розныя шкодныя прывычкі і пагрозы здароўю моладзі. «Кожны дзень медыкі вяртаюць да жыцця маладых, юных грамадзян, якія атруціліся так званымі спайсамі і іншай заразай. І гэта самае страшнае, што адбываецца ў маладзёжным асяроддзі. Страшней няма куды, калі мы з-за дурасці імкліва страчваем маладое жыццё. Гэта на самай справе падстава прызадумацца аб нашым будучым. І вырашыць гэту праблему трэба ўсім светам праз актыўны лад жыцця, праз спорт. Любымі лёсамі гэту праблему трэба вырашыць!» – падкрэсліў Прэзідэнт.
На думку кіраўніка дзяржавы, трэба выкарыстоўваць усе магчымасці, каб вывесці падлеткаў і моладзь з вуліц і загрузіць іх карыснымі справамі, каб не было свабоднай хвіліны думаць пра гэту атруту. «А галоўная ж задача БРСМ менавіта ў гэтым. І работа саюза будзе мець сэнс толькі тады, калі арганізацыя пачне вырашаць праблемы моладзі сіламі самой моладзі. У гэтым заключаецца яе прызванне і асноўнае прызначэнне», – адзначыў Прэзідэнт.
Лакаматывам беларускай эканомікі павінны стаць навукаёмістыя галіны
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ад паспяховага развіцця гэтых галін будзе залежаць дабрабыт нашых грамадзян і аўтарытэт дзяржавы. Ён адзначыў, што ўжо стала прывычным хваліць нашых праграмістаў, якія з зайздросным пастаянствам ствараюць інавацыйныя распрацоўкі, запатрабаваныя на міжнародным рынку. Літаральна за некалькі гадоў у Беларусі створана індустрыя праграмнага забеспячэння, узровень развіцця якой не ўступае вядучым краінам Еўропы і Азіі. Напрыклад, доля прадукцыі кампаній – рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій, якая ідзе на экспарт, набліжаецца да 90 працэнтаў. За гэтымі ўражальнымі лічбамі – талент і настойлівасць маладых распрацоўшчыкаў, якія поўныя ідэй і гатовы працаваць дзеля іх рэалізацыі.
Як падкрэсліў Прэзідэнт, будучае ў руках высакакласных спецыялістаў, неабыякавых да лёсу Беларусі. «Менавіта на вас разлічаны новыя высокатэхналагічныя рабочыя месцы, якія мы ствараем з удзелам нашых замежных партнёраў на АЭС у Астраўцы, у індустрыяльным парку «Вялікі камень», на новым заводзе электрапаяздоў, іншых вытворчых аб’ектах прамысловасці, сельскай гаспадаркі, энергетыкі. Ужо сёння ў рэгіён можна ісці за работай, знаходзіць справу даспадобы і з высокім заработкам у сваёй краіне», – сказаў Прэзідэнт.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ўнесеныя на з’ездзе прапановы «не маюць патрэбы ў дадатковай прапрацоўцы, каб іх падтрымаць». Таму Аляксандр Лукашэнка даручыў кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта ўсе прапановы, якія прагучалі і яшчэ прагучаць на з’ездзе, сабраць і, сур’ёзна прааналізаваўшы, выбудаваць план рэалізацыі гэтых мерапрыемстваў.
Закранаючы прапанову БРСМ сфарміраваць кансалідаваны маладзёжны бюджэт, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Мяне здзівіла тое, што дагэтуль дзяржаўныя органы не прынялі прапановы маладзёжнай арганізацыі, каб кансалідаваць сродкі і накіраваць туды, куды трэба. Гэта была разумная прапанова, гэта трэба было зрабіць даўно».
БелТА


