Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Невыносная «лёгкасць» быцця

У жыцці так бывае, што незнаёмы чалавек, які выпадкова аказаўся тваім суседам, напрыклад, у цягніку, адкрывае табе сваю душу, як добраму знаёмаму.
Неаднаразова, яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце, едучы дадому ў цягніку, даводзілася выступаць у ролі гэткага уважлівага слухача-cпавядальніка. Ну хочацца чалавеку пагаварыць, падзяліцца набалелым альбо пахваліцца поспехамі дзяцей ці ўнукаў, калі ласка – дарога доўгая…

У даўнішнія часы людзі, калі была патрэба ачысціць душу, ішлі ў спавядальню да святара, за мяжой цяпер ідуць да псіхолага, а мы рэалізуем гэтую патрэбу праз «сіндром спадарожніка». У чым прычына той лёгкасці, з якой усе драбніцы свайго жыцця, яго светлыя і змрочныя моманты мы ахвотна давяраем чужому чалавеку? Галоўная прычына ў тым, што разумеем: шанц зноў сустрэць гэтага чалавека – адзін на мільён, і найверагодней, ён не раскажа пра цябе нікому. Тым больш, не стане ўшчуваць, даваць станоўчыя або адмоўныя адзнакі былым тваім учынкам: проста ўважліва выслухае. Проста выслухаць, не перабіваючы, не каменціруючы, – гэта так проста…і так складана. Наш час дыктуе аператыўна-спартыўныя ўмовы, і каб ўсюды паспець, трэба бегчы, спяшацца, ляцець. І ўсё менш часу на размовы, і ўсё больш часу на дзеянні, і ўсё меней часу на блізкіх, і ўсё болей часу на стасункі з чужымі людзьмі…
У ранейшыя часы, многія са мной пагодзяцца, людзі былі болей адкрытыя душой і шчырыя сэрцам, работ-клопатаў у іх было не меней, але знаходзілі час сабрацца ўсёй сям`ёй, каб абмеркаваць і вырашыць бытавыя ды іншыя больш значныя праблемы, адсвяткаваць важную падзею, а то і проста, сабраўшыся разам, пагутарыць, зазірнуць адзін аднаму ў вочы. Цяперашняе жыццё, заўважаюць сталыя людзі, лёгкае, маючы на ўвазе побытавыя справы. Ад сябе дабаўлю, што надзвычай «лёгкімі» сталі і адносіны людзей: не задумваючыся, бацька пакідае сям`ю з трыма дзецьмі, не плаціць аліменты на іх ўтрыманне, маці сябруе з»горкай», а побач у антысанітарных умовах растуць, як трава пры дарозе, дзеці, маладыя людзі вырашаюць, не пабраўшыся шлюбам, «пажыць» разам, а праз два-тры месяцы разбягаюцца, як абданыя кіпенем, у розныя бакі, не знайшоўшы (а можа, і не шукаўшы) агульнага пункту погляду…
У сям`і, у яе адзінстве – сіла, і калі гэты падмурак – адзінства – слабее, чалавек шукае ў незнаёмым прыязнага суразмоўцу.
Выслухаць роднага чалавека – няўжо гэта цяжка? «Зусім не!» – адразу ж запэўняць мяне многія. А выслухаць – і пачуць?..
Таццяна ШАРШНЁВА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 127 queries