Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Свечка памяці

Наш сумесны з краязнаўчым музеем праект – не толькі пра салдат Вялікай Айчыннай. Тых, што засталіся на палях крывавых бітваў і што вярнуліся, каб на слядах, пакінутых смерцю, адбудоўваць жыццё. Па агульнай задуме заснавальнікаў, мы прысвяцім свае спецвыпускі памяці. Неўміручай, якая вярэдзіць свядомасць юных, напаўняючы іх сэрцы ўдзячнасцю да высокай самаахвярнасці дзядоў. Вайна – гэта той непатапляльны айсберг, які нямым абеліскам будзе ўзвышацца вечна над бязмоўем хвіліны памяці. Усе мы – яе пакутнікі, яе ахвяры, абдзеленыя ў нечым лёсам. Бо самыя кідкія, самыя светлыя абліччы з ліку нашых продкаў засталіся недзе там, за мяжой вечнасці. І непераадольны да іх шлях.

Мы маем рацыю, калі сцвярджаем, што кожная ў Беларусі сям’я паранена вайной. І ў агульнасці шчымлівай долі падранкаў – сэнс нашай еднасці, згуртаванасці перад знешнімі пагрозамі. Тымі, што могуць прынесці віхуры ў наш ацішаны пасля вайны і прыстасаваны да мірнага жыцця свет.
Напярэдадні выхаду гэтай прэзентацыі мы сабраліся нашым невялічкім рэдакцыйным калектывам, каб абмеркаваць версію нованароджанага праекта. І сышліся на тым, што не толькі журналісты, а практычна кожны з супрацоўнікаў можа прыняць у ім удзел. І падзяліцца асеўшай у сэрцы, як смуга на папялішчы, непазбытай горыччу страт. У працэсе рэалізацыі праекта мы абавязкова гэта зробім. Магчыма, і я падзялюся данесенымі да мяне ўспамінамі пра дзеда, якога лёс не наканаваў пабачыць і за светлую памяць якога ўжо колькі год запар на дзень усіх святых стаўлю ў храме памінальную свечку.
Заснавальнікі праекта звяртаюцца да моладзі, настаўнікаў, бацькоў тых, чые юныя галовы, магчыма, ужо затлумлены каштоўнасцямі іншага кшталту. Напярэдадні вялікага дня давайце спынемся, акінем уражлівым поглядам мінулае, дзякуючы якому наступіў сённяшні дзень… І ўспомнім. Каб пакінуць сваю памяць нашчадкам. Каб светлае будучае мела наша Радзіма і ўся планета пад іменем Зямля.
Марыя КУЗАЎКІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 183 queries