Люблю гэтыя снежаньскія дні за тое, што яны напоўнены прадчуваннем прыгожых святаў. А прадчуванне, згадзіцеся, часам дае мацнейшыя эмоцыі, чым само свята. Рыхтуемся да Новага года, Калядаў – і стараемся ачысціць свае душы ад той непатрэбшчыны, што назбіралі за год, і з першага дня студзеня пачаць жыць па-новаму. «Пачну з новага года» – гэта кожны з нас, напэўна, думаў і сам, і чуў ад іншых. Што «пачну»? А што заўгодна: асвойваць новую справу, збіраць грошы на нейкую пакупку, вывучаць замежную мову… А жанчыны звычайна збіраюцца з новага года заняцца сабой, сесці на дыету, каб хутчэй збавіцца ад лішніх кілаграмаў, набраных за святочнымі сталамі. Карацей, з новага года плануем многа карысных спраў. Праўда, нярэдка планы застаюцца планамі, а на справе ўсё застаецца па-ранейшаму. Але гэта, як кажуць, іншая гісторыя, бо я не пра канкрэтныя справы і не пра канчатковы вынік, я – пра пераднавагоднія прадчуванні свята і прыгажосці.
А навагоднія падарункі… Так хочацца парадаваць блізкіх нечым арыгінальным, чаго ім яшчэ не дарылі і што запомніцца надоўга. Сурвэткі, камплекты, посуд, парфум – гэта ўсё, прызнацца, вельмі звыкла. На Новы год хочацца нечага іншага, больш рамантычнага і прыгожага. Да прыкладу, атрымаць у падарунак цікавую паездку. Нічога сабе падаруначак, скажа нехта з чытачоў, гэта ж колькі трэба патраціць на такое! Ды я, сябры, не пра Егіпет ці Ізраіль, я пра тое, што даступна кожнаму. Вось, да прыкладу, у вёсачцы, дзе жывуць мае бацькі, хату для лецішча набыла маладая пара з сталіцы. І для іх, гарадскіх інтэлігентаў, вялікая радасць сустракаць Новы год у глухой лясной вёсачцы. Цішыня, прыбраная ёлка, патрэскванне дроў у печцы – і яны удвух, удалечыні ад гулу, людскога натоўпу і ўзрываў петард. Рамантыка! І прыгожае адчуванне еднасці з прыродай.
«Нічога сабе свята – сядзець у вясковай хаце, нецікава», – прадбачу, што прыкладна так скажа нехта з чытачоў. – Мне б падарыць і атрымаць нешта такое… Незвычайнае, многаабяцаючае, з тонкім намёкам на шчаслівую будучыню…» Што ж, гэта што і як падкажа фантазія. Можна падарыць нават латарэю – і многаабяцаюча, і з намёкам на шчаслівае заўтра (а як жа, нават кватэра «свеціць»). Магчыма, і пашанцуе.
Ірына БУДЗЬКО
Многаабяцаюча і з намёкам
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов