«Нешчаслівая» – і так сябе шкада
– Вось ужо праўду кажуць, што як не пашанцуе з маленства, дык і да канца, – любіць паўтараць Вера. – Нічога добрага не бачыла дзіцём, ды і цяпер таксама.
Яна з тых людзей, што любяць плакацца. Па любой прычыне, а іншы раз і без яе.
– Пагляджу, як цяпер дзеці жывуць і так шкада сябе становіцца, – разважае далей яна. – Прыгожа апранутыя, накормленыя такімі ласункамі, якія мне ў дзяцінстве і не сніліся… Дома нічагусенькі не робяць, толькі і ведаюць, што тэлевізар, камп’ютар, гульні… А я ж у іх узросце і на агародзе маці дапамагала, і кароў пасвіла, і нянькай для малодшых была. Не хапала ў бацькоў грошай на ласункі, з’есці пернік ці цукерку-падушачку было для нас найвялікшай асалодай…
Вера доўга можа расказваць пра старэнькую сукенку, якая дасталася ёй ад сястры і якую доўга насіла, пра адзіныя для сясцёр туфлі на абцасіку… І пра пазнейшае гаворыць ледзь не са слязьмі: як маталіся з мужам па здымных кватэрах, як недасыпала, гадуючы дзяцей-пагодкаў, а калі тыя падраслі, адпраўляла на вучобу ў сталіцу, ладуючы штотыдзень сумкі з прадуктамі… Карацей, скардзіцца Вера, нешчаслівая яна і ўсё. І нават усплакне іншы раз.
Некалькі разоў, чуючы гэтыя скаргі, я не стрымлівалася і казала жанчыне, што такімі ж «нешчаслівымі» могуць лічыць сябе вельмі многія, хто нарадзіўся і рос у нялёгкія пасляваенныя гады. Дык жа наадварот, яны, людзі таго пакалення, кажуць, што жылі хоць і бедна, але з радасцю, што перамаглі ворага, і верай у светлае будучае. Працавалі да сёмага поту, недаядалі, сціпла апраналіся, а вось нешчаслівымі сябе не лічылі.
Усё перамаглі, усё перажывалі. Акрамя аднаго – страты дзяцей. Гэта і ёсць найстрашнейшае, што можа здарыцца ў жыцці.
А Вера… Моцная для сваіх гадоў, у дзяцей – поўны парадак і лад. Мусіць, ёй вельмі прыемна шкадаваць сябе, «нешчаслівую»…
Аюсь, дзік!
Даўно гэта было,і расказваў мне гэту гісторыю калега, якога ўжо няма ў жывых.
Быў сезон палявання на дзікоў. Сабраліся неяк вілейскія паляўнічыя і паехалі ў лес з надзеяй атрымаць трафей – дзікага кабана. У кампаніі былі і спрактыкаваныя паляўнічыя, і навічкі, хто, што называецца, не нюхаў пораху, а калі і нюхаў, то, як кажуць, за кампанію.
У гэты раз пашанцавала. Паляўнічыя занялі адпаведныя пазіцыі і пачалі чакаць, калі сабакі вось-вось выганяць дзіка. «Убачылі, адразу страляем», – дамовіліся мужчыны і сталі чакаць… Шчасце прываліла аднаму з навічкоў – дзік выскачыў непадалёк ад яго і, здаецца, скіраваўся проста на паляўнічага. А той, забыўшыся пра ружжо, разгубіўся і пачаў адмахвацца ад жывёліны з крыкам: «Аюсь!»
Як і што было далей, не ведаю. З таго аповеду запомнілася толькі гэта – пра «аюсь».
А раптам маладая пакахае…
Ёсць крылатыя выразы, невялічкія анекдоты, якія мы бяром з жыцця. Вось і гэты, вынесены ў загаловак, «нарадзіўся» некалі даўно ў нашай вёсцы. Калісьці жыў тут нейкі бабыль. Ужо ў гадах, а ўсё адзін і адзін. Ну, склалася так у чалавека… Аднаго разу збіраўся ён кудысьці па справах. Так, звычайная работа, штодзённая. Аднак выбіраўся чалавек доўга, усё ніяк не мог саўладаць са сваёй непаслухмянай чупрынай. Яго нават падганяць сталі, маўляў, не на свята ж ідзеш. Ён у адказ так сур’ёзна: «А раптам маладая пакахае…»
З тае пары, калі пачую нейкую заўвагу на доўгія зборы, іншы раз і пажартую гэтым «а раптам»… І ад душы пасмяёмся.
p








