Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Абмеркавана на рабочай нарадзе

Калі колы аўтамабіля пры тармажэнні яшчэ злёгку слізгаюць, працягваючы рух, значыць, прыйшла зіма. Знешняя прыродная атрыбутыка ў выглядзе снегу, марозу і аб’інелага наваколля толькі дабаўляе ўражанняў у наша новае светаадчуванне. У вадзіцеляў яно памножана на пачуццё патэнцыяльнай небяспекі. У выпадку, калі дарожнае палатно адлівае цёмнай слюдой наледзі, не кранутай пясчана-салявой сумессю.

– Такой небяспекі не будзе, – запэўнілі тых, хто прысутнічаў на нарадзе, кіраўнікі дарожнай службы.
Андрэй Квяткевіч, начальнік ДЭУ-63:
– Усе пяць аўтадарог, якія мы абслугоўваем у Вілейскім раёне, падрыхтаваны да зімовага сезону: герметызаваны трэшчыны, выкананы ямачны рамонт. – Яшчэ Андрэй Анатольевіч засведчыў, што нарыхтаваны супрацьлёдныя матэрыялы, устанаўліваюцца ўздоўж дарог снегазатрымліваючыя сеткі.
Дарожна-эксплуатацыйны ўчастак мае ў наяўнасці 26 адзінак тэхнікі, у тым ліку пескасолераскідвальнікі, пагрузчыкі, аўтагрэйдары, гатовыя выйсці на трасы пры звыклых зімовых і экстрэмальных сітуацыях. Ёсць дамоўленасць аб экстранай дапамозе з іншымі дарожнымі службамі рэгіёна. Між іншым, створаны дзве комплексныя брыгады для навядзення парадку на прыдарожных палосах.
Пазітыўную інфармацыю пачулі прысутныя і з вуснаў начальніка ДРБУ-162 Аляксандра Майстровіча, дырэктара жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віктара Паўлоўскага. Камунальнікі арганізавалі кругласутачнае дзяжурства адказных за ўтрыманне вулічна-дарожнай сеткі і ўжо двойчы з пачатку сезону выходзілі на дарогі з мэтай падсыпкі іх пясочна-солевай сумессю. Перадумовы для гэтай неабходнасці ўжо ствараліся прыродай.
Выкананы ў райцэнтры і аграгарадках ямачны рамонт вуліц, добраўпарадкаваны на прадмет бяспекі руху дваровыя тэрыторыі, абсталяваны аўтастаянкі. Камунальная гаспадарка набыла па лізінгу да сезону тры трактары са снегаачышчальным абсталяваннем.
Сіноптыкі губляюцца ў прагнозах. Таму нас чакае ў многім непрадказальная зіма. І найлепш сустрэць яе ў поўным узбраенні: з надзейна падрыхтаванай тэхнікай і гатовымі пераадолець любы экстрым людзьмі.

У кантэксце  абмеркавання

Аб выкананні звяртанняў і прапаноў, выказаных насельніцтвам у ходзе дзён дэпутата праінфармавала прысутных старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталія Радзевіч. Выдзяленне зямельных участкаў пад жыллёвае будаўніцтва, стан безбар’ернага асяроддзя, праблемы дзяцей-інвалідаў і хворых на цукровы дыябет, – гэтыя і шэраг іншых пытанняў былі пастаўленымі выбаршчыкамі ў ходзе іх сустрэч са сваімі выбраннікамі.
Чым займаецца раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «БРСМ»? Вольга Міцкевіч, першы сакратар райкама, расказала аб галоўных прыярытэтах дзейнасці моладзі: ідэйна-маральнаму, патрыятычнаму выхаванню, прафілактыцы правапарушэнняў. Зыходзячы з іх, раённы камітэт плануе рознага роду акцыі, мерапрыемствы, накіраваныя на арганізацыю вольнага часу, сямейнага адпачынку, прысвечаныя спорту і здароваму ладу жыцця.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота прадастаўлена Наталіяй РАДЗЕВІЧ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 184 queries