28 кастрычніка 2014 года на базе Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН РБ праходзіў VI Беларускі касмічны кангрэс, мэтай якога было садзейнічанне развіццю навукі. На ім прысутнічалі нашы землякі лётчыкі-касманаўты Клімук П.І., Кавалёнак У.В., Навіцкі А.В., прадстаўнік Расійскага касмічнага агенцтва Макараў Ю.М., намеснік генеральнага канструктара канструктарскага бюро «Паўднёвае» г. Днепрапятроўск Дзягцяр М.А.
Адкрыў кангрэс генеральны дырэктар аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Тузікаў А.В. Прывітанне ад урада РБ, падпісанае першым намеснікам прэм’ер-міністра Сямашкам У.І., зачытаў акадэмік Віцязь П.С. З прывітаннем ад Цэнтра падрыхтоўкі і атрада касманаўтаў выступіў лётчык-касманаўт генерал-палкоўнік Клімук П.І. З дакладам пра работу КБ «Паўднёвае» выступіў Дзягцяр М.Б. Пасля даклада быў паказаны дакументальны фільм, прысвечаны гэтаму канструктарскаму бюро. Міхаіл Анатольевіч адзначыў: нягледзячы на рознагалоссі палітыкаў, навукоўцы павінны прыкладваць агульныя намаганні для развіцця навукі. З дакладам «Адбор, падрыхтоўка, палёт і пасляпалётная рэабілітацыя касманаўтаў» выступіў лётчык-касманаўт палкоўнік Навіцкі А.В. Многа было заслухана цікавых навуковых дакладаў, прысвечаных стану і перспектывам развіцця касманаўтыкі. Ішла гаворка аб падрыхтоўцы да запуску другога беларускага касмічнага апарата.
Мне пашанцавала пагутарыць з землякамі-касманаўтамі. Я ўзяў у іх аўтографы. Гэта стала папаўненнем у маю касмічную калекцыю. Алег Навіцкі падзякаваў мне за віншаванне яго ў сакавіку мінулага года з паспяховым завяршэннем касмічнага палёта. Пры размове з Уладзімірам Кавалёнкам я падзякаваў яму, як прэзідэнту федэрацыі касманаўтыкі Расіі, за тое, што ў 2012 годзе я быў узнагароджаны Граматай федэрацыі касманаўтыкі Расіі «За актыўную работу па прапагандзе гісторыі і дасягненняў касманаўтыкі». Я сказаў Уладзіміру Васільевічу, што расце ў нашым горадзе на плошчы Леніна рабіна, пасаджаная ім у час наведвання Вілейкі ў 1981 годзе і прапанаваў яму, каб федэрацыя касманаўтыкі выступіла перад урадам Расіі з прапановай аб прысваенні Маскоўскаму энергетычнаму інстытуту імя акадэміка Барыса Яўсеевіча Чартака, які ў свой час закончыў яго. Трэба ўвекавечыць імя гэтага вучонага, які па значнасці займае другое месца ў савецкай касманаўтыцы пасля С.П. Каралёва. Уладзімір Васільевіч пагадзіўся са мной.
Гэта сустрэча са сваімі землякамі-героямі космаса запомніцца мне на ўсё жыццё.
Аляксандр КЛЯШНЯК, удзельнік кангрэса.
Фота з сайта http://sit.basnet.by/congress6/index/photo5









