Вілейская пярвічная арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» існуе з 1994 года. А ў 1997 годзе мы далучыліся да рэспубліканскай арганізацыі і атрымалі статус юрыдычнай асобы. Вось гэты год і лічым годам нараджэння. Першыя гады былі вельмі цяжкімі, грамадскасць адносілася да нас з насцярожанасцю, але на дапамогу прыйшоў старшыня раённага аддзялення Дзіцячага фонду Мікалай Гіро, які падтрымаў нас. Раённая ўлада таксама зразумела і аддала нам у карыстанне памяшканне, дзе мы змаглі збірацца, дзяліцца нашымі праблемамі.Прайшлі гады. За гэты час хтосьці выбыў па ўзросту (па статуту арганізацыі гэта 31 год), у некаторых знята група інваліднасці і самае цяжкае, калі недзе сям’я засталася без свайго дзіцяці.
На працягу гэтых гадоў у нашай арганізацыі праводзілася многа мерапрыемстваў. Мы кожны год прымаем удзел у рэспубліканскім свяце для дзяцей з абмежаванасцямі. «Запалі сваю зорку», у фестывалі «Крылы дзяцінства», які праводзіўся грамадскім аб’яднаннем «Культурны абмен». На працягу ўсіх гадоў мы ўдзельнічалі ў дабрачынным марафоне «Рабіць вялікае, не чакаючы вялікага».
Стала добрай традыцыяй праводзіць турыстычныя злёты па беразе вадасховішча і ўдзельнічаць у злёце ў Смаргоні. Нашы дзеці адпачывалі ў «Лясной казцы», у арганізацыі «Карытас» Мінска-Магілёўскай Архіепархіі, у аздараўленчым цэнтры «Надзея-XXI стагоддзе». Кожны год мы наведваем заапарк, Батанічны сад, бываем на экскурсіях у Мінску. І адчуваем сябе мы роўнымі сярод роўных і, не бяда, што хтосьці сядзіць у калясцы, а каму патрэбна рука дапамогі.
На працягу ўсяго існавання арганізацыі побач з намі былі добрыя, чулыя людзі. А гэта старшыня раённага аддзялення Дзіцячага фонду Гіро М.М., райвыканкам, раённае аддзяленне Чырвонага Крыжа і ўсе, хто дапамагаў нам на працягу гэтых гадоў.
Хочацца сказаць дзякуй Галіне Лазаравай, першаму старшыні арганізацыі, за тое, што яна не пабаялася усіх цяжкасцей і сабрала нас у адну вялікую сям’ю. Калі у каго ёсць магчымасці і жаданне дапамагчы, нашы рэквізіты такія: р/р 3015063200369 ф-л 601 у ЦБА № 632 г. Вілейка ААТ «Беларусбанк» г. Маладзечна, код 769.
Людміла СВЯТОХА, старшыня пярвічнай арганізацыі
грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-
інвалідам і маладым інвалідам»
Роўныя сярод роўных
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов


