Незвычайным было набажэнства, што адбылося напачатку гэтага месяца ў Вілейскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа. Бо прысвячалася яно памяці чалавека, які, пэўна, мог пражыць доўгае зямное жыццё. З верай у Бога, у неаспрэчныя біблейскія ісціны, што ніколькі не абвяргае, а толькі сцвярджае кожны новы віток сусветнага развіцця.
Айцец Андрэй Ахрэм – наш зямляк, уступіў у Ордэн Францішканаў у 2005 годзе, стаў святаром на пачатку чэрвеня 2013-ага. Жыў 32 гады. Так напісана на мемарыяльнай дошцы, адкрытай у касцёле падчас набажэнства і асвечанай Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам. На чорным мармуры шлях у вечнасць асветлены промнямі ад выявы святога крыжа, узнятага на вышыню рукамі Легіёна Марыі, членам якога і быў айцец Андрэй. На барэльефе – удумны твар, той усеабдымны погляд, які дамагаецца пасцігнуць і ў сабе, і ў акаляючых тое адметна важнае, што з’яўляецца ісцінай альбо яшчэ толькі служыць яе пачаткам.
Манаства – гэта адрачэнне. Ад сям’і, ад уласнай маёмасці, ад дабрабыту ў тым сэнсе, якога мы зычым сабе і блізкім для ўмацавання сваёй і іхняй матэрыяльнай забяспечанасці, фізічнай дасканаласці. Вера – гэта, пэўна, не апантанасць. Гэта – узлёт, лунанне чалавечай душы. Большасць з нас ведаюць, як выглядае зямны ландшафт з вышыні палёту самалёта. І наколькі мізэрнымі, не вартымі ўвагі падаюцца на ім аб’екты таго, ужо на некаторы час аддаленага ад нас, жыцця… Гэтак жа дробна ўспрымае бытавыя каштоўнасці матэрыяльнага свету чалавек, які малітоўнаю сілай, прагай пасціжэння вышэйшай ісціны ўзнёсся ў духоўны свет. Аскетызм – мабыць, адна з адметных рысаў каталіцкага святара, заснавальніка ордэна Францішканаў. Напэўна, жаданне больш глыбокага жыцця на шляху служэння ісціне прывяло айца Андрэя Ахрэма ў манаскую супольнасць. Толькі Усявышні выбраў для яго іншы шлях паклікання. Год таму малады святар загінуў у аўтакатастрофе. Пахавальныя ўрачыстасці адбыліся ў касцёле святога Міхаіла Арханёла ў Івянцы – на Валожыншчыне. Там ён і пахаваны.
Целебруючы святую імшу ў Вілейскім касцёле, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч зазначыў, што ніхто з нас не ведае ні дня, ні гадзіны, калі Бог яго пакліча. А з пункту погляду вечнасці кароткае жыццё можа быць Боскім благаслаўленнем. Праўда, усвядоміць гэта чалавечым розумам велькі цяжка.
Не толькі каранямі, але і справамі духоўнымі, сардэчнай схільнасцю быў звязаны айцец Андрэй з вілейскай зямлёй.
– Якім Вы памятаеце яго? – пытаюся ў ксяндза Аляксандра Барылы, дзекана Вілейскага і пробашча парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы.
– Вельмі сціплы, глыбокай веры малады чалавек. Дакладны ў выкананні даручэнняў. Глыбока духоўны…
Подых смерці згасіў свечку маладога жыцця. Але нябачная прысутнасць Андрэя Ахрэма заўсёды будзе адчувацца ў нашым касцёле. Яго погляд з мемарыяльнай дошкі нясе ў сабе веданне той ісціны, якую ён спасціг, ступіўшы за парог вечнасці. У валадарстве Усявышняга – хай будзе яго духоўны працяг.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара