Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Абышлося без крадзяжоў

Гэты званок з вёскі Сакалоўка, трэба прызнацца, усхваляваў. Жанчыны на тым канцы провада закранулі праблему, якая датычыць кожнага, у каго ў невялічкіх вёсачках жывуць бацькі-пенсіянеры. Вось і мае ніяк не жадаюць памяняць бязлюдную вёску на горад: пакуль, маўляў, удваіх – будзем дома, у сваёй хаце. Штовечар набіраю нумар іх тэлефона і супакойваюся, калі чую звыклае «ў нас усё добра». Што тут казаць, неспакойна за іх, адкрытых, даверлівых, ужо немаладых. Асабліва цяпер, калі сярод нас столькі, мякка кажучы, нядобрых людзей…

Як, мусіць, і ў кожнай вёсцы, бываюць іншы раз візіты незнаёмцаў і да нас. Гаваркія жанчыны-незнаёмкі прапаноўваюць нешта купіць, настойліва дэманструючы сваё «багацце» і ўгаворваючы да хрыпаты. Іншы раз нават злуюцца, калі купляць у іх адмаўляюцца. А колькі чуем выпадкаў, калі такія «гандляры» пакідаюць людзей без капейкі…
Дык вось пра падобных «карабейнікаў» расказалі і пенсіянеркі з Сакалоўкі.
– Ці гэта супадзенне, ці не, але награнулі незнаёмыя прадаўшчыцы нейкага там тавару якраз на другі дзень пасля таго, як мы атрымалі пенсію, – расказвала адна з жанчын. – Бачу,на мой падворак прыйшла адна і адразу ж – у сені. Я ёй – што нічога не буду купляць, а яна настойліва лезе ў хату. Разумею, што добрым тут не закончыцца. Тады я: «Пазваню ўчастковаму!», а сама набрала нумар нашага дэпутата Таццяны Лявонцьеўны Косцік. Тая аператыўна паведаміла ўчастковаму Віктару Іванавічу Якубчыку. Дзякуй яму, прыехаў хуценька і затрымаў нязваных гасцей…
Таццяну Косцік, да якой людзі звярнуліся за дапамогай, пытанне «карабейнікаў» хвалюе і абурае даўно. Як можна, разважае яна, быць такімі нахабнымі, бесчалавечнымі і ашукваць немаладых людзей!
– На гэты раз абышлося без крадзяжоў, бо спрацавалі мы ўсе разам і аператыўна, – падзялілася Таццяна Лявонцьеўна. – А магло б быць і ўсякае, як-ніяк чатыры назойлівыя «прадаўшчыцы» рушылі па хатах, а быў яшчэ і вадзіцель. Добра, што не разгубіліся пенсіянеркі, а адразу патэлефанавалі, пачалі даваць нязваным візіцёрам адпор.
Нахабных гандляроў супрацоўнікі міліцыі даставілі ў райаддзел, устанавілі іх асобы, пакінулі ў базе даных усе належныя звесткі пра іх. Цяпер гэтыя людзі наўрад ці асмеляцца дзесьці «свяціцца» – іх знойдуць вельмі хутка.
– Гэтыя, канешне, будуць баяцца, – зазначыў участковы Віктар Якубчык. – Але ж ёсць многа іншых… Хацелася б, каб усе людзі, да якіх наведваюцца падобныя «прадаўцы», дзейнічалі так, як гэта рабілі пенсіянеркі ў Сакалоўцы. Па магчымасці не пускайце гэтых «гасцей» у дом, не ўступайце з імі ў размовы, паведамляйце пра незнаёмцаў у міліцыю. Агульнымі намаганнямі з гэтым злом змагацца намнога лягчэй.
Такая вось гісторыя, якая павінна стаць павучальнай.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 183 queries