Хто, скажыце, з поўнай дакладнасцю можа назваць тую ўзроставую мяжу, якая аддзяляе юнацтва ад даросласці, маладосць – ад сталення, сталасць – ад старасці? З гадамі ўшчыльняецца час. Калі нам дваццаць, саракагадовы чалавек падаецца ўжо стараватым. Набіраем гады – і расшыраецца ўзроставы далягляд… Што датычыць Міколы Кутаса – час, здаецца, не мяняе яго аблічча і чалавечай сутнасці. Тая ж філасофская асэнсаванасць рэчаіснасці, той жа ўсталяваны, некалькі сузіральны, погляд на жыццё, нейкі няўтольна лірычны настрой, які нясе яго радок на хвалях эмоцый, робячы пранікнёна шчырым, стылёва адточаным і сюжэтна яскравым.Падсілкоўваюць яго творчы імпэт сокі роднай зямлі. Хоць родам ён не з Вілейшчыны, але з гэтым краем звязана ўсё яго дарослае жыццё. «Быў дырэктарам школы, партыйным важаком буйнейшай некалі ў раёне партарганізацыі Ільянскага саўгаса-тэхнікума. Неаднойчы выбіраўся дэпутатам раённага і сельскага Саветаў» – так падае Мікола Кутас аб сабе біяграфічныя звесткі. На маёй кніжнай паліцы захоўваецца яго зборнік паэзіі «Перазвоны», а нядаўна выйшла кніга прозы «Сведчаць землякі». Ёсць вершы ў Міколы, якія я з задавальненнем цытую на старонках газеты, а некаторыя радкі трывала трымаю ў памяці: «Ліхтары на каштанах, глядзі, зноўку буйна ўспеніла квецень. Валасы твае кратае вецер. Мае права ён гэта адзін…» Простыя, не закручаныя мудрагеліста радкі, лёгкі верш, а запамінаецца, узнаўляе некалі перажытыя пачуцці. Бо кожны меў ці мае іх у сваім жыцці. Паэзія Міколы Кутаса тым і каштоўная, што стрымана, ненавязліва вядзе чытача па свеце яго душэўных пакут і радасцей, яшчэ раз пацвярджаючы вядомую ісціну: чалавеку ўласціва ўсё чалавечае.
Мікола Кутас – даўні сябра газеты і наш пазаштатны аўтар. Калектыў рэдакцыі шчыра віншуе яго з юбілеем, зычыць заўсёднага творчага натхнення, радасці ад штодзённага адкрыцця новых рэалій свету. Менавіта гэта сілкуе і ўзнаўляе духоўныя сілы творцы.
З задавальненнем прапануем чытачам новыя творы паэта.
Марыя КУЗАЎКІНА
1 жніўня вядомаму на Вілейшчыне паэту Міколу Кутасу спаўняецца 65 год
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов


