Кажуць, пажар страшней за любога злодзея, бо апошні хоць сцены цэлымі пакіне, а агонь жа «з’ядае» ўсё, нават чалавечыя жыцці. Каму давялося зведаць гэта на сабе, той усё жыццё будзе насіць у сабе цяжкае пачуццё са сплаву жаху, жалю, незваротнасці… А яшчэ – сваёй віны, бо практычна кожнаму пажару папярэднічаюць людская абыякавасць і безгаспадарчасць.
Каб яшчэ раз нагадаць пра страшныя паследствы пажараў і іншых надзвычайных сітуацый, днямі жыхароў Куранца – дарослых і школьнікаў – супрацоўнікі Вілейскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сабралі ў мясцовым Доме культуры на сельскі сход. Цяпер, з надыходам ацяпляльнага сезону, вельмі дарэчы яшчэ раз нагадаць і аб патрабаваннях да печаў, якія грэюць людзей у гэтыя дні, і аб надзейнасці электраправодкі, на якую сёння таксама не такая нагрузка, як гэта было раней, і аб выпальванні сухой расліннасці (сухая восень дазваляе рабіць гэта і цяпер), што таксама пагражае бядой. Акрамя супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях на чале з кіраўніком службы Аляксандрам Яхімовічам, прадстаўніка раённай дзяржаўтаінспекцыі Аляксея Бараноўскага, у мерапрыемстве прыняў удзел начальнік цэнтра прапаганды і навучання абласнога ўпраўлення МНС Валерый Вайцяховіч. На сходзе прысутнічаў і выступіў перад прысутнымі старшыня Куранецкага сельскага Савета Віктар Уліцкі.
Не ад добрага жыцця тэма пажараў закранаецца зноў і зноў, адзначыў Валерый Вайцяховіч. Ёсць такая страшная статыстыка: за прайшоўшы перыяд бягучага года ў Беларусі зарэгістравана больш за чатыры з паловай тысячы пажараў, на якіх загінула каля пяцісот чалавек, у тым ліку дзесяць дзяцей (даныя на 17 лістапада. Аўт.). Валерый Аляксандравіч прывёў і некалькі канкрэтных прыкладаў. Так, у Ждановічах Мінскага раёна ў лістападзе здарылася трагедыя ў доме, дзе пражывае маці з трыма дзецьмі. Увечары жанчына са старэйшай дачкой пайшлі на працу, а дома засталіся непаўнагадовы хлопчык-інвалід пад наглядам 19-гадовага брата. Старэйшы пакінуў хворага дома, а сам пайшоў да суседзяў глядзець па тэлебачанні футбол. Калі вярнуўся дамоў, убачыў задымленую кухню і малодшага брата, які ляжаў на падлозе. На жаль, выратаваць хлопчыка не ўдалося. Мяркуецца, што прычынай загарання стала кароткае замыканне электрычнага чайніка.
Не даведзеныя да ладу печы, старая электраправодка, курэнне ў ложку, дзіцячыя гульні з агнём – вось галоўныя прычыны, па якіх адбываюцца пажары. На гэтым засяродзіў увагу і Аляксандр Яхімовіч, які таксама прывёў прыклады пажараў, што адбыліся на Вілейшчыне, у тым ліку і тыя, падчас якіх загінулі дзеці. Ён не прамінуў сказаць і пра аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, функцыя якіх надзвычайна важная. Вось і ў гэтым годзе толькі дзякуючы апавяшчальніку засталіся жывымі пенсіянеры з Нарачы. Трэба, каб гэты маленькі выратавальнік пасяліўся ў кожным доме, дзе жывуць нямоглыя і гадуюцца дзеці.
Вельмі павучальнымі былі відэа- і фотаматэрыялы, якімі суправаджалі свае выступленні супрацоўнікі МНС. Усім прысутным (а сабралася цэлая зала людзей) былі прапанаваны і друкаваныя матэрыялы на супрацьпажарную тэматыку.
– У бягучым годзе ў нашым сельсавеце няма загінуўшых ні на пажарах, ні пры нейкіх іншых надзвычайных сітуацыях, – адзначыў Віктар Уліцкі. – Хоць гадоў некалькі назад такія трагедыі былі. Праводзім прафілактычную работу, стараемся дапамагаць людзям у рамонце печаў і ўвогуле дамоў. Так, у нас нават свой індывідуальны прадпрымальнік ёсць – Анатоль Бура, які кваліфікавана робіць гэтыя рамонты.
Пра акцыю «Пешаход» і правілы дарожнага руху нагадаў прысутным Аляксей Бараноўскі. А затым юныя насельнікі аграгарадка з задавальненнем пазнаёміліся з сучаснай пажарнай машынай і нават пасядзелі ў кабіне гэтай сур’ёзнай тэхнікі.
Думаю, ніхто з тых, хто прысутнічаў на гэтым сходзе, не пашкадаваў, што знайшоў на яго час. Бо перасцярога ніколі не бывае лішняй. Ні дзіцяці, ні даросламу.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара






