Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Фарватар для ўзыходжання

Калі гаворка заходзіць аб навацыях у сельскагаспадарчай галіне Вілейшчыны, на першым плане традыцыйна фігурыруюць «Нарачанскія зоры». Тут з’явіўся першы ў раёне даільны зал. Пад новую тэхналогію даення была рэканструявана ферма «Рускае Сяло». І гэта ў той час, калі размова аб буйнамаштабнай мадэрнізацыі малочнай галіны ў краіне яшчэ не вялася. Таварыства – пастаянны лідар па вытворчасці малака сярод сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна і ўваходзіць у лік валаўтвараючых гаспадарак рэспублікі. Аналізуючы аператыўную інфармацыю сельгасупраўлення, разумееш, што эпізадычнае лідарства – не ў практыцы эканамічнага развіцця гаспадаркі. Тут стабільна высокія паказчыкі, якой бы галіне яны не належылі. І зноў дзякуючы папярэдне пракладзенаму фарватару ўзыходжання, падмацаванаму сучаснымі тэхналогіямі, нестандартнасцю мыслення кіраўніка і спецыялістаў. А яны – ва ўсім. Памятаюцца сёлетнія корманарыхтоўкі. Спёка на сенажацях – вынік планетных прыродных катаклізмаў, – так сведчыць навука. Хлебаробу, праўда, не да падзей планетарнага маштабу. Яго справы – больш зямныя і канкрэтныя і, напэўна, больш карысныя ў плане іх прывязкі да актуальных чалавечых інтарэсаў. Так падумала, назіраючы за работай прэс-падборшчыка, у мінулым годзе набытага таварыствам. Ён прызначаны для ўпакоўкі сенажу ў палімерную плёнку. Карацей кажучы, для кансервацыі корму. Шматфункцыянальны прэс-падборшчык прызначаны яшчэ і для рулоннай уборкі сена з выкарыстаннем упаковачнай сеткі. Гэта сучасная тэхніка дазволіла таварыству нарыхтаваць сёлета такім спосабам 2300 тон сенажу. А пра эфект ад такога кансерваванага корму ў гаспадарцы ведаюць: ён дазваляе на МТФ «Рускае Сяло» прымяняць тэхналогію круглагадзічнага аднатыпнага кармлення. Тут ужо традыцыйна ствараецца для гэтага неабходны запас кармоў. Тэхнічныя навінкі ў рэалізацыі гэтай задачы – справа не другарадная.
Акрамя прэс-падборшчыка для кансервацыі сенажу, «Нарачанскія зоры» маюць яшчэ шыроказахопную касілку і «кронаўскія граблі». Да іх прыгледзеўся галоўны аграном таварыства Віктар Драчылоўскі на адной з сельскагаспадарчых выстаў. Набывалі за ўласныя грошы і без растэрміноўкі плацяжоў. Напружыліся, але выцягнулі.
Заўсёды ўражвае буйны травастой нарачанскіх сенажацей. Бо клопат аб кармавой базе ў сапраўдных гаспадароў – спрадвечны. Люцэрна, доннік, збожжабабовыя сумесі вырошчваюцца па даўно адпрацаваных тэхналогіях, выкананне якіх скрупулёзна кантралюе агранамічная служба.
Можна многа гаварыць аб тых традыцыях і навацыях, дзякуючы якім «Нарачанскія зоры» застаюцца ў рэчышчы тэхнічнага прагрэсу. І іх кіраўнік Генадзь Кучко, і спецыялісты, якім ён безумоўна давярае, рашэнні якіх не аспрэчвае і не падвяргае сумненню, глыбока вераць ва ўнутраную сілу зямлі. А яна адказвае ім узаемнасцю.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота з архіву рэдакцыі

Дырэктар ААТ “Нарачанскія зоры” Генадзь Кучко на раённых дажынках
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 184 queries