Лепш адным кавалкам падавіцца – так звычайна гавораць тым, хто, не ўжыўшыся ў адным шлюбе, шукае шчасця ў другім. Гэта народная мудрасць нібыта папярэджвае: калі ўжо не склалася ў першы раз, то далей будзе і таго горш. Здараецца, так яно і бывае. Але бывае і па-іншаму.
Алеся выйшла замуж па вялікім каханні. З Валодзем яны сябравалі са школьных гадоў, былі, як кажуць, як нітачка з іголкай. Здавалася, за доўгі час паспелі вывучыць характары адно аднаго і пераканацца ў правільнасці выбару. Калі гулялі вяселле, бацькі маладых былі ўпэўнены, што нараджаецца моцная сям’я. Як жа інакш – дзеці іх сур’ёзныя, з прафесіямі, не сапсаваныя рознымі так заганнымі звычкамі. А што яшчэ трэба, як кажуць, для поўнага шчасця?
Ды нездарма ў вядомай некалі песні спявалася, што для яго, гэтага шчасця, чагосьці павінна не хапаць. Вось і маладой сям’і напачатку здавалася, што ў іх адзіная праблема – адсутнасць уласнага жылля. З бацькамі Алесі Валодзя катэгарычна адмовіўся жыць (маўляў, будзе адчуваць з імі сябе прымакам), таму паспрабавалі асталявацца з яго роднымі. Праз пэўны час зразумелі – не знаходзяць агульнай мовы нявестка і свякроў. Вырашылі пайсці на здымную кватэру. Напачатку здавалася, што цяпер у іх сямейным гняздзечку, дзе ўжо падрастала і дачушка, будзе лад. Урэшце, так і было, пакуль не пачалі адчуваць фінансавыя цяжкасці – не вельмі ладзіліся справы на прадпрыемстве, дзе працаваў муж, таму і зарплаты былі адпаведныя. Усё часцейшымі сталі высвятленні адносінаў на глебе грошай. За гады сумеснага жыцця Алесі адкрыўся зусім іншы Валодзя – без жадання нешта мяняць у жыцці, безыніцыятыўны, раўнівы, грубы, сынок сваіх бацькоў. Ён жа нярэдка называў жонку няўмекай (вось і гатуе зусім не так, як умее яго мама), ганарліўкай, што корчыць з сябе невядома каго… Карацей, ішлі гады, і вочы маладых бачылі ўсё болей і болей хібаў у характары і знешнасці свайго спадарожніка жыцця. Непаладкі ў сямейных справах паступова ператварылі некалі вясёлую і жыццярадасную дзяўчыну ў раздражнёную, заўсёды незадаволеную асобу, якая, як тая запалка, успыхвала па самых дробязных прычынах. Маладая жанчына лавіла сябе на тым, што зрываецца на калегах па працы, нярэдка – і на дачцы-першакласніцы. І тады Алеся цвёрда вырашыла, што трэба нешта ў жыцці змяніць. Інакш… Перспектыва незайздросная.
Калі яны развяліся, жанчына напачатку нібыта разгубілася: што рабіць далей? З чаго пачынаць новае жыццё? Употай нават плакала. Не таму, што шкадавала страчанае, а з-за таго, што так няўдала склалася яе жыццё. Алесі здавалася, што ў яе ўсё страчана і нічога добрага (і гэта ў яе трыццаць чатыры!) ужо не будзе… «Буду жыць для дачкі», – казала маладая жанчына і верыла ў гэта…
Гады тры мы з Алесяй не бачыліся. А на днях сустрэліся – і я яе ледзь пазнала. Усмешлівая, з загадкавымі агеньчыкамі ў вачах, яна нібыта зноў стала той, колішняй вясёлай дзяўчынай. Як дачушка? Усё выдатна, добра вучыцца, займаецца спортам. Як сама? Загадкава ўсміхнулася, інтрыгуючы памаўчала, а пасля расказала:
– Ужо два гады, як маю надзейную апору – Аляксея. Жывём пакуль у маіх бацькоў – і нармальна, ужываемся. Спагадлівы, разумны, вясёлы, ён знайшоў агульную мову і з дачкой, і з бацькамі. Любіць і паважае мяне, і гэта адчуваю нават у дробязях. Мне з ім надзейна і спакойна.
Парадавалася за Алесю і яшчэ раз узгадала пра кавалак, якім лепш раз падавіцца. Гэта людзі так кажуць, а ў жыцці здараецца па-рознаму. Бываюць і такія вось прыемныя выключэнні. На тое яно і жыццё.
Ірына БУДЗЬКО
Адным кавалкам? Як выпадае…
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов


