Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Ільянскую школу наведалі знакамітыя госці

Гэта цудоўнае свята адбылося ў сонечны кастрычніцкі дзень у Ільянскай сярэдняй школе імя А.А Грымаця.

Школа вядома ў рэспубліцы тым, што ў ёй ёсць і рупна працуюць два народныя музеі: “Вілейшчына літаратурная” і краязнаўчы – “Ільянскія далягляды”. Больш дваццаці год у школе працуе клуб “Цікавыя сустрэчы”. На гэты раз сустрэча вылілася ў сапраўднае паэтычнае свята, бо школу і музеі наведалі знакамітыя госці: першы сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі, член-карэспандэнт Міжнароднай Славянскай Акадэміі навук, адукацыі, мастацтва і культуры Генадзь Пашкоў, член Саюза пісьменнікаў Беларусі беларускі паэт і празаік Анатоль Зэкаў, паэтка Іна Фралова, артыстка Белдзяржфілармоніі Зінаіда Феакцістава. Вяла сустрэчу загадчыца культурна-адукацыйнага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзія Шагойка. Сустрэча праходзіла ў рамках праекта “Літаратурнае падарожжа”. Да сустрэчы мы падрыхтавалі матэрыялы пра кожнага аўтара, каб навучэнцы былі гатовы задаць пытанні або набыць аўтографы знакамітых гасцей.
Сустрэча была прымеркавана да 100-годдзя Першай сусветнай вайны і 70-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў, 70-годдзя Перамогі.
Лідзія Паўлаўна распавяла пра праект “Літаратурнае падарожжа”, прапанавала далучыцца калектыву нашай школы да гэтага праекта, што мы і зрабілі з радасцю. Трэба ведаць і берагчы нашу прыгожую светлую зямлю, бо, як сказаў Васіль Быкаў “вайна супярэчыць чалавечай прыродзе”. Нашы вучні – экскурсаводы музеяў – распавядаюць пра тыя трагічныя ваенным часы. У музеі “Вілейшчына літаратурная” прадстаўлены матэрыял пра літаратурных творцаў – Лявона Гмырака і Касьяна Вясёлага, якія загінулі на імперыялістычнай вайне, вялікі матэрыял пра час Вялікай Айчыннай вайны і яе ўдзельнікаў.
У сваім выступленні Пашкоў Г.П. коратка расказаў пра сябе і сваю сям’ю, пра тое, што мы амаль землякі. Войстам, дзе вучыўся паэт, на мяжы з нашым раёнам. Ён нават сябраваў з паэтам Іванам Станкевічам з Вілейшчыны і вучыўся з ім у адной школе.
Выступленне Генадзя Пятровіча было прасякнута шчырым пачуццём любові да Радзімы, да беларускай культуры, беларускай мовы. Прагучалі яго вершы “Гудзеевічы”,”Пісьмо”, і іншыя. Саюз пісьменнікаў Беларусі налічвае больш шасцісот творцаў. Пад яго крылом выходзяць часопісы “Полымя”, “Маладосць”, “Нёман”. Разам з Расійскім Саюзам пісьменнікаў праходзяць сумесныя Пленумы (у Курску), правялі сумеснае мерапрыемства ў Брэсце. Два гады таму вырашылі стварыць літаратурны часопіс “Белая вежа”. Кіруе ім Мікалай Чаргінец, асоба вядомая ў Беларусі. Творы ў часопісе друкуюцца на рускай і беларускай мовах.
Іну Фралову мы лічым нашай зямлячкай, бо яе дзед і бабуля з вёскі Шыпкі нашага раёна. Паэтка і сама з задавальненнем распавяла пра сваё дзяцінства ў Шыпках, пра свае любімыя мясціны і дарагіх людзей. Свой аповед аўтарка «разбаўляла» прыгожымі вершамі: “Шыпкі”, “Там у светлых барах”. Дзедава хата стаіць на беразе ракі ”Ілья”. На рацэ, у лесе, сярод вясковай малечы і дарослых прайшла Іна свае ўніверсітэты выхавання.
Час ідзе спорнай хадою. Іна стала дарослай, мае трое дзетак. Член Мінскага гарадскога Саюза пісьменнікаў. Але тое роднае, што прыйшло з дзяцінства, не пакідае, па-ранейшаму застаецца галоўным. Часта ўспамінаецца дзед Старадуб з вёскі Капусціна. Ён не шматслоўны, стрыманы, з застарэлай тугой у вачах па тых родных, якіх забрала полымя вайны. Усе яны пахаваны ў Капусціне. Па іх і іншых капусцянцах пастаўлены помнік ахвярам вайны. Дзедаў малодшы брат Іван, 1922 года нараджэння, загінуў 21 студзеня 1945 года ў Літве. Летам была ў Віцебскай вобласці ў Шунейках, гэта месца таксама напаткаў лёс Хатыні. Гучыць верш “Шунейкаўская цішыня”. І, безумоўна, прагучаў цудоўны верш пра родную мову, якой аўтарка валодае дасканала і заклікае слухачоў берагчы сваё – роднае.
Феакцістава З.У. працуе ў адным з самых складаных жанраў – жанры мастацкага слова. Ва ўступным слове яна хораша сказала пра памяць аб мінулым і значэнні ведання яго для моладзі. Зінаіда Уладзіміраўна мае 25 розных праграм. Гэта пачатак тэатра слова. Нам яна прачытала ўрыўкі з дзённікаў “На імперыялістычнай вайне” Максіма Гарэцкага, які быў цяжка паранены на фронце. Эмацыянальнае ўздзеянне мастацкага чытання гэтага твора на прысутных цяжка перадаць словамі. Мне здаецца, што многія ўпершыню адчулі, што такое вайна.
Зэкава А.М. многія вучні ведаюць па публікацыях у часопісе “Вясёлка”. У Анатоля дзед загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны. Уразілі вершы паэта: ”Сябры”, “Разлучаныя лёсы”, “Рускія і беларусы”, “Мова”. Некаторыя вершы дзеці чыталі разам з аўтарам. Спадабалася вучням, што правілы па мове можна вучыць праз вершы. Цыкл вясковых назіранняў таксама быў блізкі юным слухачам: ”Лазня”, “Клямка“. Весела прагучалі пародыі “Жар кахання”, “Валун”, ”Адналюб”, верш ”Унучачцы Машы”.
Са шчырымі словамі падзякі выступіла Ярашонак Валянціна, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўніца беларускай мовы. Нашы госці падаравалі бібліятэчку сучаснай прозы і паэзіі, свае ўласныя кнігі з аўтографамі, уручылі Дыплом за актыўны ўдзел у прапагандзе беларускай літаратуры і гісторыі роднага краю за подпісам М.І. Чаргінца.
Роза ШЭРАЯ,  кіраўнік народнага музея
“Вілейшчына літаратурная“

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 185 queries