Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Узгадалі, паглядзелі… Нават Рыбака сустрэлі

Ужо некалькі мерапрыемстваў правялі разам раённы савет ветэранаў і тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання, які зараз рэалізоўвае праект «МОСТ». Старшыня ветэранскай арганізацыі раёна Ганна Шэпелева і каардынатар вышэйназванага праекта Марына Макарава прыйшлі да думкі, што мэты ў іх адны і тыя ж, катэгорыя людзей – таксама. Дык чаму б не рабіць добрую справу сумеснымі намаганнямі? Паспрабавалі – атрымалася вельмі добра.

Нядаўна ў рамках святкавання 70-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў Саветам ветэранаў і тэрытарыяльным цэнтрам была арганізавана цікавая экскурсія ў Мінск. Чатыры дзясяткі людзей – у іх ліку былі ветэраны вайны і працы, вязні, валанцёры, ветэраны ДТСААФ, воіны-інтэрнацыяналісты, заслужаныя работнікі прамысловасці і іншыя – пабывалі ў новым музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, на Востраве слёз і ў тэатры музычнай камедыі.
Незабыўныя ўражанні засталіся ад музея. Людзі, якія яшчэ памятаюць вайну, нібыта зноў вярнуліся ў той суровы час, прыгадалі перажытае. «Гэта наша памяць, напамін нашым нашчадкам пра той страшны час, – дзяліліся яны. – Трэба гэта ведаць і памятаць – каб падобныя жахі ніколі не паўтарыліся».
У вайну, якая была яшчэ нядаўна, экскурсанты вярнуліся падчас наведання Вострава слёз. І тут ужо перажытае ўзгадвалі воіны-інтэрнацыяналісты…
Не толькі гэтыя хвалююча-запамінальныя моманты будуць памятаць віляйчане. Светлыя і вельмі цёплыя ўражанні ў іх засталіся ад тэатра музкамедыі (з задавальненнем паглядзелі яны «Блакітную камею»), а яшчэ і ад нечаканай сустрэчы з папулярным спеваком беларускага паходжання Аляксандрам Рыбаком, які таксама быў на спектаклі. Той-сёй з віляйчан нават паспеў сфатаграфавацца з вядомым земляком.
Экскурсія ўдалася (трэба дадаць, што з групай на дабрачыннай аснове ездзіла і працавала экскурсавод Марыя Легуш) – гэта меркаванне ўсіх удзельнікаў. А яшчэ ў сэрцах застануцца падзяка арганізатарам паездкі і многа ўражанняў ад стасункаў паміж сабой. Без гэтага людзям проста немагчыма.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 169 queries