Мы працягваем публікаваць матэрыялы, датасаваныя да 70-годдзя нашага выдання. Вашай увазе прапануецца водгук аб газеце вядомага паэта Вілейшчыны Міколы Кутаса. Ён – наш даўні аўтар, з кола тых творчых натур, каго мы называем сваімі сябрамі. Пазнаёмцеся, калі ласка, яго зацікаўленым, не пазбаўленым эмоцый, поглядам на ўчарашні і сённяшні дзень «раёнкі».
З Вілейшчынай я ўпершыню пазнаёміўся зімой 1967-68 года, нават і не здагадваючыся, што правяду тут усё сваё працоўнае жыццё, што палюблю гэты край шчыра і назаўсёды. Мяне, студэнта Мінскага педінстытута, накіравалі на практыку ў Сцешыцкую сярэднюю школу. Выкладаў я тут беларускую мову і літаратуру, а таксама англійскую мову. Мне было 22 гады, спецыяліст, як цяпер разумею, быў яшчэ «зялёны», але стараўся выконваць усё, чаму вучылі. Пісаў і літаратурныя творы, некаторыя мае вершы друкаваліся ўжо ў рэспубліканскіх газетах і часопісах. Дзеці, відаць, каб дагадзіць мне, на пытанне: «Каго вы ведаеце з сучасных беларускіх паэтаў?» – называлі і маё прозвішча. Аўтарытэт мой, як тады мне падалося, вырас, калі раённая газета «Шлях перамогі» змясціла падборку маіх вершаў з фотаздымкам. Пазнаёміўся я з Барысам Манцэвічам, намеснікам рэдактара, які на грамадскіх пачатках займаўся з творчай моладдзю, вёў пасяджэнні літаратурнага аб’яднання ў газеце. Сябрую я з гэтым чалавекам і па сённяшні дзень. Ён адчувае слова, лёгка ўспрымае падтэкст, любіць гумар. Пазнаёміўся я пазней, ужо стала працуючы на Вілейшчыне на розных пасадах і ў розных арганізацыях, і з рэдактарам газеты Шкаевым Васілём Сямёнавічам, які запрашаў мяне на працу карэспандэнтам. Ведаў усіх супрацоўнікаў газеты асабіста. Мяне радавала, што яны ўмелі пісаць на розныя тэмы па-журналісцку цікава. Бачылі перад сабой найперш чытача, маглі яго заінтрыгаваць матэрыялам, уплываць на яго свядомасць. Я заўсёды ўспрымаў рэдакцыю газеты «Шлях перамогі» як тэрыторыю духоўнасці, а саму газету – як пісьмовае ўвасабленне рэчаіснасці. Не разумею людзей, якія жывуць, не ведаючы, якая ў раёне ўраджайнасць, напрыклад, збожжавых культур, якія надоі малака, якія перадавыя гаспадаркі, або, чым славіцца Вілейшчына праз стагоддзі і г. д. Усе гэтыя бакі жыцця, мінулага і сучаснага, шырока асвятляе наша раёнка. Дастаткова выпісаць яе і чытаць – і будзеш інфармаваным хоць у некаторай ступені. Хачу падзякаваць калектыў рэдакцыі за высокую моўную культуру, якая нязменна прысутнічае і стала нормай публікацый. Шмат удалых здымкаў у кожным нумары. Чакаю яе, як аднадумца, дарадцу, сябра.
Шырокія веды, крэатыўнае мысленне, дэмакратычныя ўзаемаадносіны з калектывам – такія рысы вызначаюць сённяшняе кіраўніцтва рэдакцыі. Наша раёнка – сапраўдная залацінка ў моры розных выданняў, што зараз прапаноўваюцца.
Мікола КУТАС, чытач з в. Ілья.
Фота з архіву рэдакцыі



