З сям’ёй Васіля Міхайлавіча Лыскаўца і Любові Міхайлаўны Чыгрынавай з Забалацця знаёма даўно. Дакладней, знаёма з гаспадыняй, неардынарнай жанчынай, творчай і таленавітай. Ужо многа гадоў раёнка змяшчае цудоўныя вершы Любові Міхайлаўны, дасканалыя і кранаючыя, якія не зблытаеш з іншымі. А яшчэ гэта жанчына вельмі нераўнадушная да ўсяго, што адбываецца і ў родным Забалацці, і ў краіне, і ў свеце. Яе чулае сэрца кранаюць і боль дзетак бацькоў-п’яніц, і адзінота пакінутых роднымі старых, і тое, што юныя сёння вельмі мала чытаюць (а ёй, былому бібліятэкару, гэта асабліва «баліць»), і што жыццё ўжо зусім іншае – няпростае, прагматычнае… Усё гэта і дае тэмы для новых вершаў Любові Міхайлаўны.
Аддаўшы многа гадоў працы ў мясцовай гаспадарцы (быў галоўным эканамістам, намеснікам дырэктара), не пажадаў сядзець без справы на пенсіі і Васіль Міхайлавіч. Яму, чалавеку паважанаму і кампетэнтнаму, людзі даверылі быць, як кажуць, галоўным на вёсцы – старастам. І вось ужо некалькі гадоў ён стараецца апраўдваць гэты давер. Звыклым для старасты сталі перыядычныя абходы сваёй тэрыторыі – Забалацця і некалькіх маленькіх навакольных вёсак. Васіль Міхайлавіч заходзіць у хаты, гутарыць з людзьмі, высвятляе іх запатрабаванні. – Вось у Сачыўках, напрыклад, жывуць толькі чатыры жанчыны-пенсіянеркі, – расказаў ён. – Вёсачка выміраючая, нават дзікі ўжо нічога не баяцца і ледзь не па вуліцы ходзяць. Цяпер восень, цямнее рана. Як гэтым жанчынам на вуліцу выйсці? Канешне ж, патрэбна вулічнае асвятленне. З’ездзілі са старшынёй сельсавета Мікалаем Русаком у вёску, агледзелі ўсё, перагаварылі з людзьмі і яшчэ раз пераканаліся, што без вулічнага асвятлення тут проста ніяк. Цяпер вёсачка асветлена – і хоць крыху аблегчыцца быт пенсіянерак. Самыя розныя пытанні сцякаюцца да вясковага старасты: выдзяленне «сотак» і нарыхтоўка сена, добраўпарадкаванне і суседскія канфлікты (вось і нядаўна вырашалі пытанне аднаго пчалавода з суседзямі), асартымент прадуктаў у аўталаўках і сацкультбыт у населеных пунктах – над вырашэннем гэтых і многіх іншых праблем працуе мясцовая ўлада не без дапамогі галоўных людзей на вёсцы. Не так даўно ўстала пытанне аб закрыцці паштовага аддзялення ў Забалацці. Вядома ж, і мясцовыя жыхары, і стараста былі супраць гэтага. Яно і зразумела – пошта для іх была не толькі поштай у нашым звыклым разуменні, але і гандлёвым пунктам, дзе можна было набыць вельмі многае, ад пральнага парашку да насення. Сёння загадчыца пошты працуе ў першай палове дня ў Мацькаўцах, а пасля абеду некалькі гадзін – тут, у Забалацці. І такая сітуацыя, кажуць вяскоўцы, іх задавальняе. Вельмі рады жыхары населенага пункта, што выйшла з дэкрэтнага адпачынку загадчыца мясцовага магазіна. Што і казаць, засумавалі без яе аднавяскоўцы… Сёння ў магазіне парадак, па ўсім бачна, што за прылаўкам чалавек нераўнадушны,зацікаўлены ў багатым асартыменце на паліцах і ў задавальненні ўсіх запатрабаванняў аднасяльчан. Забалацце – даволі вялікі населены пункт. Тут пражывае болей за 160 жыхароў, а ўлетку дадаюцца яшчэ і дачнікі. Пустуючых дамоў тут практычна няма, іх ахвотна раскупляюць гараджане. Праўда, даводзіць да ладу свае летнікі спяшаюцца пакуль не ўсе, і гэта таксама непакоіць старасту. Прайсці па вуліцы, гаспадарскім вокам акінуць падворкі, дзе трэба – нагадаць людзям пра навядзенне парадку – гэта ўжо традыцыя ў Васіля Міхайлавіча. І людзі прыслухаюцца да яго. – Праўда, бываюць зрэдку і такія выпадкі, – пачаў расказваць Васіль Лыскавец. – Зайшоў неяк на адно падвор’е, зрабіў заўвагу маладому гаспадару, што трэба было б абкасіць ды прыбраць ля хаты. А ён у адказ: «А ты хто такі?». Растлумачыў, што мясцовы стараста. Той толькі рукой махнуў, маўляў, не ведаю нічога і ведаць не хачу. Думаю, і ў іншых старастаў іншы раз здараецца падобнае. Можа, было б правільным, каб нам выдавалі нейкія пасведчанні ці штосьці накшталт гэтага? Тады было б прасцей, не трэба было б тлумачыць тым, хто не ведае і не жадае ведаць, чым і як жыве яго вёска. – А што ў планах? – гэтае пытанне задала старасту і пачула ў адказ: – Многае. Будзем і надалей працаваць па добраўпарадкаванні могільніка, які запланавалі абнесці агароджай. Вось і царкву нашу ў гэтым годзе з аднаго боку абнеслі бетоннай агароджай (людзі сабралі на яе грошы), а з другога боку паставім агароджу ўжо ў наступным годзе. Ёсць у нас вельмі актыўныя людзі, якія бяруцца за любую справу, арганізоўваюць іншых. Так жывуць і працуюць у цеснай сувязі з мясцовай уладай. Чалавека неабыякавага і вопытнага, Васіля Міхайлавіча хвалюе, якім будуць Забалацце і навакольныя вёсачкі праз пяць, дзесяць гадоў. Непакоіць яго, што старэе вясковае насельніцтва, а сельская моладзь шукае шчасця ў гарадах; што цяпер вельмі даступнай стала вышэйшая адукацыя (толькі плаці грошы!), а раней было намнога меней выпускнікоў інстытутаў ды ўніверсітэтаў (затое, зазначыў мой суразмоўца, з сапраўднымі, грунтоўнымі ведамі), ды і адносіны да вучобы і ў студэнтаў, і ў выкладчыкаў былі іншымі… А жыццё працягваецца. Вось і ў Забалацці яшчэ звіняць дзіцячыя галасы, падрастае маладая змена сённяшнім працаўнікам земляробам. Хочацца, каб з гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак выраслі адданыя сваёй зямлі людзі, якія не стануць шукаць шчасце ў свеце. І жыццё тут будзе працягвацца.
Ірына БУДЗЬКО. Фота аўтара


