Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Рейд по городским кварталам

З восенню гарадскі пейзаж пазбаўляецца стабільнасці. Ён зменлівы, як асенняе неба, што патанае раніцой у густых хвалях шэрага туману, а днём дорыць далікатную ўсмешку прыкрытага хмарамі сонца. Учора ты блукаў па пажухлым лісці, слухаючы яго лёгкі шоргат. А сёння яго шматколерны дыван у адначас знікнуў, засмактаны і здробнены гумавым шлангам садовага пыласосу. Такая вось арыгінальная тэхніка стаіць сёння на ўзбраенні ў вілейскіх камунальшчыкаў.

Назіраць за яе работай – адно задавальненне. Вокамгненна вызваляе пыласос ад вынікаў восеньскай замеці вулічныя кварталы. Праўда, у адначас пазбавіцца іх не атрымоўваецца. Яшчэ доўга будзе гойдацца на дрэвах пажоўклая лістота, нагадваючы нам аб непазбежнасці зімы і неахвотна пакідаючы ўжо схопленае першымі замаразкамі вецце.
Пра гэтыя прыродныя асаблівасці, што трымаюць у пастаянным напружанні камунальную службу, а роўна і ўсіх адказных за добраўпарадкаванне Вілейкі, мы разважалі падчас рэйду па гарадскіх кварталах у складзе рабочай групы, створанай згодна пратакола даручэнняў старшыні райвыканкама. Кідалася ў вочы некаторая кантраснасць у стане тэрыторый суседніх арганізацый, кідкая менавіта з-за гэтага суседства. Чуць не ідэальны стан забяспечаны тэрыторыі прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Назіраючы яе камфортнасць, разумееш, што і змаганне з апаўшай лістотай, калі яно не эпізадычнае, дае свае станоўчыя вынікі. Побач – адміністрацыйны будынак райаграсэрвіса, за агароджай – зараснікі з пажухлай травой, засыпанай лісцем. Недалёка – аўтобусны прыпынак, дарожная траса, якая вядзе ў горад. Напэўна, нам трэба павысіць сваю адказнасць за яго імідж, праявіўшы найперш клопат аб знешнім выглядзе гарадскіх ускраін. І не толькі іх.
Рэйд нашай рабочай групы прыйшоўся на пятніцу. Вуліцы не стваралі ўражанне некранутасці. Аб гэтым сведчылі кучы лістоты, якія, у чаканні пагрузкі, спакваля разносіліся ветрам. Праўда, некаторыя арганізацыі адказна аднесліся да выканання мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні. Парадавала вока прыбраным выглядам вуліца Маркава, замацаваная за ДРБУ-162, вуліца Талстога (аграпрамэнэрга). А вось вуліц Астроўскага (ПМК-185), Камсамольскай (СМУ-2),бачна, яшчэ не краналася рука «карэктыроўшчыка» восеньскага свавольства.
Больш-менш наведзены парадак на тэрыторыях гаражных кааператываў «Збіно» і «Зеніт». Кантэйнеры вызвалены ад смецця, прыбраны праезды паміж гаражамі, і нават у прылягаючым кустоўі – бачныя сляды гаспадарскага клопату. Чаго не скажаш пра гаражны кааператыў №3, дзе кантэйнерныя ёмістасці даўно не ўмяшчаюць бытавое смецце і адыходы аўтамабільнага сэрвіса.
Даўно заўважана, што акаляючае асяроддзе стварае чалавеку настрой. Пазітыўны ці негатыўны. Бывае, нават на мяжы стрэсу. Гэта ў залежнасці ад таго, чым нас уражвае ландшафт. Выгляд пакрытай хмызняком паласы, прымыкаючай да чыгункі ў мікрараёне Воўкаўшчына, наўрад ці можа выклікаць у каго станоўчыя эмоцыі. Пакуль сцяжынкі, усеяныя смеццем, шчыльна прыкрыты лісцёвым дываном. З цягам часу кінецца ў вочы іх сарамлівая аголенасць. Тэрыторыя замацавана за ПМК-88.
Хочацца адзначыць актыўную работу па навядзенні парадку ў горадзе яго юных жыхароў – вучняў гарадскіх школ і навучэнцаў прафтэхкаледжа. Іх старанне – прыклад для пераймання.
Праблема добраўпарадкавання ў чарговы раз абмяркоўвалася на рабочай нарадзе ў райвыканкаме. Магчыма, пакуль матэрыял рэйду будзе надрукаваны, сітуацыя ў горадзе памяняецца. З улікам тых заўваг, якія ў ходзе абмеркавання выказаў Віктар Кот, кіраўнік раённай выканаўчай улады:
– Горад харошы, прыгожы, зялёны. Але трэба многа і настойліва прыводзіць яго ў парадак, – такое пажаданне-патрабаванне выказаў старшыня райвыканкама, фарміруючы чарговы пратакол даручэнняў.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара

У рэйдзе ўдзельнічалі: Аляксандр Корсак, начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, Марына Андрыеўская, намеснік дырэктара УП «Вілейская ЖКГ», Марына Броўка, супрацоўнік цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, і аўтар гэтых радкоў.

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 185 queries