Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Гэты мудры Алёшка…

Тое, што іх з Андрэем жыццё не клеіцца, Марына ўжо не спрабавала і хаваць. Напачатку яшчэ былі нейкія надзеі на тое, што ўсё наладзіцца, бо вельмі ж хацелася мець такую дружную сям’ю, як дома. А вось у іх маладой «ячэйцы грамадства» ўсё нешта не клеілася. «Пацярпі, дачушка, у маладосці заўсёды так, – угаворвала маці. – Вы ж зусім розныя людзі, ідзе прыцірка характараў…» Марына цярпела, а тая прыцірка ўсё ніяк не заканчвалася… Вось і першынцу іх, Алёшку, сем гадоў споўнілася, а ўсё прыціраліся. Ды яшчэ як – аж іскры сыпаліся. І калі ўсё, што адбывалася, Марына яшчэ неяк ўспрымала, то познія вяртанні мужа, нярэдка нецвярозага, яе выводзілі з сябе. Апошняй кропляй стаў тэлефонны званок салодкагалосай незнаёмкі, што познім вечарам захацела пачуць «Андрушку», якога, дарэчы, у гэты час дома не было. Сабраўшы няхітрыя пажыткі, Марына з Алёшкам у той жа вечар пайшла да маці. Думала, што муж прыбяжыць следам, стане прасіць прабачэння і верне іх дамоў. Але той пазваніў толькі ўранні і, як ні ў чым ні бывала,пацікавіўся: «Вы што, у маці заначавалі?» І тады маладая жанчына не стрымалася, сказала ўсё, што накіпела: і пра яго, ніякага сем’яніна і гаспадара, і пра познія гулянкі, і пра палюбоўніц. Выслухаўшы, ён сказаў толькі адно: «Ну і добра, што ты ўсё ведаеш. Бо я ўсё не мог асмеліцца расказаць». Марына зразумела, пра што ён гаварыў…
Некалькі дзён жанчына была сама не свая. Было цяжка не толькі ад таго, што даведалася пра здраду Андрэя, але і ад нямога папроку ў матчыных вачах: маўляў, кінула ўсё і прыбегла, а як будзе далей? Даймаў пытаннямі пра дом і тату і Алёшка, якому яна не магла пакуль нічога растлумачыць. А недзе ў падсвядомасці ўсё ж было чаканне, што муж пазвоніць, усё растлумачыць (і яна так хацела паверыць яго тлумачэнню!) і забярэ іх дамоў. Марына лавіла сябе на думцы, што без яго, «ніякага сем’яніна і гаспадара», ёй цяжка і вельмі няўтульна…
У другакласніка Алёшкі ў школе рыхтаваліся да сямейнага спартыўнага свята. Неяк, прыйшоўшы з заняткаў, сын агарошыў: «Нас запісалі выступаць у конкурсах». «Але як мы будзем удваіх? – здзівілася Марына. – Свята ж сямейнае…» «А мы не ўдваіх, тата таксама будзе, – адказаў сын. – Я ўчора яго бачыў каля нашага дома…» Марына не стала распытваць, чаго хлапчук хадзіў да іх дома аж у другі канец горада. Яна і так ведала, што Алёшка вельмі сумуе без Андрэя.
Пасля таго конкурсу ў школе яны памірыліся. Праўда, прабачэння Андрэй у Марыны не прасіў, ён толькі сказаў: «Вяртайся дамоў, Алёшка вельмі гэтага хоча. А ўсё астатняе – глупства». І Марына ў той жа дзень вярнулася. Упершыню за тры тыдні жыцця ў бацькоўскай кватэры яна ўбачыла свайго Алёшку шчаслівым, і жанчыне падумалася, што ўжо цяпер ніякіх непаразуменняў у іх не будзе. Хто ведае…
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries