Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Ярмарка в Вилейке

– А гэта наш новы прадукт, – дэманстравала пакупнікам пластыкавую ёмкасць з арыгінальным дызайнам прадавец фірменнай крамы «Віллюша» вілейскага філіяла Маладзечанскага малочнага камбіната Людміла Урублеўская. Ля павільёна прадпрыемства тоўпіліся наведвальнікі, прывабленыя добра вядомым ім брэндам. «Віллюша» – гэта сыры, ёгурты, цэльнамалочная прадукцыя… Усё разлічана на разнастайныя густы пакупніка. Асартымент вырабаў філіяла пастаянна ўдасканальваецца і абнаўляецца. Аб гэтым расказвае загадчык фірменнай крамы Таццяна Малафеева. Яна задаволена вынікамі суботняга выязднога гандлю:
– Людзі ў асноўным ішлі за бульбай і гароднінай, але праяўлялі спадарожна цікавасць і да нашага павільёна.
Апетытны пах распаўсюджваў шашлык, прыгатаваны паварамі ўнітарнага прадпрыемства «Садружнасць». Яго з сапраўды гаспадарскай гасціннасцю прапаноўвала наведвальнікам кірмаша Міраслава Шклянская.

Каб не гэты кірмаш, магчыма, і згубілася б недзе ў нетрах маёй памяці гэта імя. Андрэй Болатаў больш двух стагоддзяў таму быў вядомым вучоным-энцыклапедыстам кацярынінскіх часоў і… першым рускім аграномам. Менавіта такі статус свайго цёзкі выкарыстаў Андрэй Лістападаў, выбіраючы назву для ўласнай фермерскай гаспадаркі – «Балатоўскае». Гэта як даніна павагі да чалавека, што жыў у незапомныя часы, аднак змог занатаваць сваё імя ў гісторыі. Менавіта з ім звязана стварэнне знакамітых паркаў, якія захаплялі сучаснікаў уражальнымі ландшафтамі, што сталі ўзорам для садоўнікаў усіх наступных часоў.
Ну, гэта такі лірычны ўступ да дзеі, якая ў мінулую суботу ладзілася на цэнтральнай плошчы Вілейкі. А фермер Андрэй Лістападаў тут гандляваў прадукцыяй сваёй гаспадаркі ужо не першы дзень. Галоўны на сёння тавар, разумеецца, – бульба. Сарты «грацыя», «уладар»… Гаспадар для пасеву выбірае тыя, што маюць добрыя гастранамічныя якасці.
– Кажуць, Ваша прадукцыя вельмі чыстая ў экалагічным сэнсе…
– Калі Вы наконт «хіміі», то гэта сапраўды так. Дзяржава фермера не спансіруе. Даводзіцца абмяжоўваць выдаткі, – усміхаецца фермер, якому сёння выпала яшчэ і роль гандляра. Стараюся злавіць у аб’ектыў прадукцыю – і гэта маё намаганне – яшчэ адна прычына для добрага настрою гаспадара.
– Спазніліся… Усю бульбу раскупілі. Засталіся вось два апошнія мяхі. – І над імі, бачна, схіліўся патэнцыяльны пакупнік.
«Намалявалася» на кірмашы і адкрытае акцыянернае таварыства «Новая Любанія». У кузаве аўтамашыны – «архідэя», «скарб» (сарты бульбы – Аўт.), морква, буракі, капуста.
– Быў мёд, але ўжо закончыўся, – разводзяць рукамі прадаўцы.
– Усё, што маем… – падсумоўвае кіраўнік таварыства Пётр Вяжэвіч.
Скарысталіся выпадкам прэзентаваць, «што маюць», і ў райпалівазбыце. Ля стэнда з пералікам паслуг, якія сёння аказвае прадпрыемства, – майстар Віктар Анасовіч. Наведвальнікі кірмаша падоўгу тут затрымліваюцца, разглядаючы фота зваяных з дрэва зрубаў альтанак, лазняў і іншых збудаванняў гаспадарчага прызначэння.
– І гэта ўсё ў вас можна заказаць? – дзівуецца жанчына, што «паклала» вока на ажурную разьбу сцен занатаванай на фотаздымку альтанкі. Вось так і спрацоўвае дакладны рэкламны ход гаспадароў.
Запоўнена была плошча і «жывым» таварам – саджанцамі кустоў, пладовых і дэкаратыўных дрэў, кветкавымі кампазіцыямі. Іх выставілі на продаж гадавальнікі розных формаў уласнасці. Адзін індывідуальны прадпрымальнік прывёз у Вілейку тавар з Узды. Гандаль не вельмі бойкі, прапановы разлічаны на індывідуальны падыход пакупнікоў. Гэта вам не чарга за мясам. Дарэчы, гастранамічнымі тонкасцямі кірмаш не вызначаўся. Нават вілейскія гандлёвыя прадпрыемствы выставілі звыклы для пакупніцкага вока тавар сваіх паліц. Ад кірмаша чакалася больш святочнасці, імправізацый, арыгінальных прапаноў. Менавіта ў гэтым кірунку гучалі водгукі, якія давялося пачуць ад яго наведвальнікаў.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 185 queries