Па добрай традыцыі, што склалася ў нашым раёне за апошнія гады, у першы дзень кастрычніка прадстаўнікі ўлады, грамадскіх арганізацый, устаноў выязджаюць у сельскія Саветы, бальніцы, інтэрнат – усюды, дзе жывуць пажылыя людзі. Едуць, каб павіншаваць іх з Днём пажылых і каб унесці светлы праменьчык у невясёлае жыццё тых, хто некалі шчыраваў на палях і фермах, за станком і за гандлёвым прылаўкам…
Цяпер гэтым заслужаным людзям ужо няпроста абыходзіцца без пабочнай дапамогі, таму некаторыя з іх жывуць пры дзецях ды ўнуках, іншыя дзякуюць Богу за старанную ды клапатлівую «няньку» – сацыяльнага работніка, а тыя, каго даймаюць адзінота і хваробы, дажываюць век ва ўстановах, дзе пра іх клапоцяцца і даглядаюць. У дзвюх з гэтых устаноў – Куранецкі дом-інтэрнат і Іжскую бальніцу сястрынскага догляду – мне даводзіцца бываць даволі часта ў складзе групы, у якую ўваходзяць старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталія Радзевіч, прадстаўнікі раённага аддзялення Чырвонага Крыжа са сваім кіраўніком Святланай Лях, цудоўныя калектывы мастацкай самадзейнасці, валанцёры. На гэты раз з намі была вакальная група «Надзея» і яе кіраўнік Леанід Гайчук, а таксама таленавітая жанчына Зінаіда Крупская, песні і байкі якой заўсёды так цёпла ўспрымаюцца слухачамі. Едучы да нашых даўніх знаёмых, мы везлі і падарункі: ад дэпутатаў – вялізныя яблычныя пірагі, ад Чырвонага Крыжа – ласункі і цёплыя шкарпэткі, якія, напэўна ж, будуць дарэчы цяпер, у міжсезонне.
І ў Куранцы, і ў Іжы нас ужо чакалі. У інтэрнаце яго насельнікі звыкла размясціліся ва ўтульнай сталоўцы, дзе звычайна і праходзяць нашы сустрэчы. Цёпла прымалі яны галасісты калектыў «Надзея», дружнымі апладысментамі дзякавалі спявачкам за «Вёсачку» і «Рабіну», за «Чараўніцу» і «Бульбу». А калі выйшла Зінаіда Крупская, павіншавала ўсіх з днём элегантнага ўзросту (мне так спадабалася гэта назва!), прачытала свае вясёлыя і такія жыццёвыя байкі, а пасля ўзяла ў рукі баян – гледачы яшчэ больш, што называецца, разняволіліся. А неўзабаве той-сёй нават пусціўся з вясёлымі гасцямі ў скокі…
Практычна па тым жа сцэнарыі праходзіла віншаванне і ў Іжскай бальніцы. І тут, як і ў Куранцы, людзі з радасцю прымалі гасцей, слухалі, суперажывалі, падпявалі, смяяліся. Віншавальныя словы ад імя дэпутатаў раёна і ад сябе асабіста гаварыла, уручаючы падарункі, Наталія Радзевіч, жадаючы людзям цеплыні, здароўя, спагады. Гэтак жа цёпла, ад сэрца, звярталася да насельнікаў інтэрната і бальніцы Святлана Лях. А прыезджым дзякавалі старшыні Куранецкага і Іжскага сельвыканкамаў, якія знайшлі час папрысутнічаць на гэтым мерапрыемстве; кіраўнікі інтэрната і бальніцы.
«Осень жизни, как и осень года, надо благодарно принимать…» Словы з гэтай песні прыгадала, віншуючы пажылых, старшыня Іжскага сельсавета Валянціна Навасёлак. І шчыра падзякавала гасцям за прыезд і віншаванні – за дабрыню, тварыць якую стала добрай традыцыяй. А гэта так трэба і так важна для людзей!
Развітваліся са сваімі знаёмымі цёпла, як з роднымі людзьмі. Развітваліся ненадоўга – падобныя сустрэчы будуць на Каляды, Вялікдзень, Сёмуху, Дзень маці… Мы не сказалі: «Бывайце», мы паехалі са словамі: «Да новых сустрэч!»
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара
Прадстаўнікі ўлады, грамадскіх арганізацый, устаноў павіншавалі з Днём пажылых людзей
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ













