Амаль восем гадоў назад, у лістападзе 2006 года, на першым абласным бацькоўскім сходзе было вырашана стварыць каардынацыйны Савет па рабоце з сям’ёй. Членамі яго сталі педагогі, работнікі культуры, аховы здароўя, аддзелаў унутраных спраў – усе тыя людзі, хто і па службовым абавязку, і па закліку нераўнадушнага сэрца павінен выхоўваць дастойную змену, клапаціцца, каб яна была адукаванай, здаровай, усебакова развітай, надзейнай, законапаслухмянай. Старшынёй абласнога каардынацыйнага Савета быў абраны наш зямляк, дырэктар сярэдняй школы № 3, старшыня раённага аддзялення Дзіцячага фонду Мікалай Гіро. І пачалася работа…
На днях у нашым горадзе, на базе сярэдняй школы № 1, адбылося чарговае пасяджэнне абласнога Савета па каардынацыйнай рабоце з сям’ёй, мэтай якога было падвесці вынікі работы фарміравання за 2013/2014 навучальны год, выбраць старшыню Савета, спланаваць сваю работу на год наступны. На мерапрыемства прыбылі члены Савета з усёй вобласці, а праводзілі пасяджэнне Святлана Кісель – галоўны спецыяліст аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, і Таццяна Пятроўская, метадыст Мінскага абласнога метадычнага цэнтра. І знаёмства (а ў некага – чарговая сустрэча) з Вілейшчынай у гасцей пачалося з таго моманту, калі іх гасцінна сустрэла ў Маладзечна галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Ірына Бадзеева, а па дарозе на Вілейку многа цікавага ім расказала старшы навуковы супрацоўнік музея Вольга Коласава. Пазней гасцей цёпла сустракала першая школа, дзе прыезджым, па іх словах, спадабалася ўсё: ад шчырасці і абаяльнасці вілейскіх педагогаў да той вялікай справы па выхаванні, якую яны робяць.
Ва ўтульнай школьнай актавай зале старт мерапрыемству даў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Вілейскага райвыканкама Аляксандр Пуцэйка. Ён адзначыў, што выхаванне дзяцей – першачарговая задача кожнай навучальнай установы. Навучыць юных жыць у соцыуме – вось задача, якая павінна вырашацца намі, дарослымі.
«Сям’я як частка сучаснай грамадскай сістэмы» – такой была тэма выступлення Святланы Кісель, якая расказала пра ажыццяўленне сямейнага выхавання ў вобласці, яго новыя формы і ўвогуле пра работу каардынацыйнага Савета. Сям’я, школа, грамадскія аб’яднанні, праваслаўная царква, дзяржаўныя структуры – вось так усе разам мы працуем для таго, каб нашы ячэйкі грамадства былі здаровымі.
Сустрэчы, дзіцячыя і бацькоўскія клубы, традыцыйныя абласныя бацькоўскія сходы, у правядзенні якіх выкарыстоўваюцца самыя розныя формы: адкрытыя мікрафоны, бацькоўскія майстэрні, майстар-класы, студыі сямейнага выхавання, абласныя педагагічныя чытанні, месячнікі сямейнага выхавання, сямейныя святы і фестывалі… Няпроста нават пералічыць усё тое, што робіцца ў вобласці для таго, каб нашы дзеці выраслі сапраўднымі людзьмі, адукаванымі, працавітымі. А для гэтага трэба, каб яны раслі ў добрых сем’ях, дзе пануюць лад, узаемаразуменне, дабрыня. Такіх сямей у нас многа, але нямала і іншых, дзе таты і мамы, мякка кажучы, не зусім усведамляюць важнасць сваёй місіі. Таму інфармацыйна-асветніцкая работа – адзін з важнейшых накірункаў работы з сем’ямі. У вобласці створаны клубы татаў, функцыянуе адзіны ў рэспубліцы музей маці, які размяшчаецца ў Салігорску.
Святлана Анатольеўна ўзгадала і пра рэспубліканскі конкурс «Сям’я года», абласны этап якога прайшоў сёлета ў Крупках і ў якім вельмі ўдала выступіла вілейская сям’я Талстыкаў. Тата, мама і дзве дачушкі сталі своеасаблівым упрыгожваннем і актыўнымі ўдзельнікамі і гэтага пасяджэння.
Пра тое, што павышэнне прэстыжу сям’і – клопат агульны, гаварыў у сваім выступленні старшыня абласнога каардынацыйнага Савета па рабоце з сям’ёй Мікалай Гіро. Дзеці – гэта наша будучыня, узгадаў ён словы Макаранкі, дрэнныя – нашы слёзы, перажыванні, добрыя дзеці – наша шчаслівая старасць. Што ж робіцца ў раёнах вобласці, каб тых бацькоўскіх слёз і гора было як мага меней? Ці не ад іх саміх залежыць тое, якімі вырастаюць дзеці? На гэтыя і іншыя пытанні прысутныя знайшлі адказы ў выступленні старшыні каардынацыйнага Савета і,напэўна ж, усвядомілі галоўнае: патрэбен комплексны падыход і да выхавання дзяцей, і да пытання прэстыжу сям’і. Раўнадушных да гэтых праблем быць не павінна. «Што пасеем у душы дзяцей, тое і збяром, калі яны вырастуць», – гэтымі словамі завяршыў сваё выступленне Мікалай Гіро.
Пра арганізацыйна-метадычнае забеспячэнне каардынацыйнага Савета гаварыла Таццяна Пятроўская. Яна падзякавала за вялікую работу старшыні фарміравання, Вілейскаму аддзелу адукацыі, спорту і турызму, якімі многа робіцца па прафілактыцы дзіцячай злачыннасці. Характарызуючы работу старшыні, Таццяна Пятроўская прапанавала лічыць яе не проста здавальняючай, як гэта прынята, а добрай. З гэтым пагадзіліся і прысутныя, даверыўшы Мікалаю Мікалаевічу быць кіраўніком фарміравання і надалей.
Цікавай і вельмі пазнавальнай была і другая частка мерапрыемства – ток-шоу «Прыярытэты і перспектывы работы ў мэтах павышэння прэстыжу сям’і». Перад прысутнымі мерапрыемства выступілі эксперты – педагогі і сацработнікі, урач і міліцыянер, журналіст і святар. Вядучыя Мікалай Гіро і дырэктар СШ № 1 Іна Крышкоўская гутарылі з гэтымі людзьмі, шукалі адказы на самыя розныя пытанні сямейнага выхавання. Ці лёгка быць бацькамі? З якога ўзросту рыхтаваць дзяцей да дарослага жыцця? Як дапамагчы сем’ям, якія трапілі ў складаныя жыццёвыя сітуацыі? Што гэта за падмурак, на якім будуецца сапраўдная сям’я? Людзі разважалі, дзяліліся вопытам, пыталіся – карацей, ішла зацікаўленая размова пра самае важнае і галоўнае ў жыцці кожнага.
Мерапрыемства атрымалася. І гэта не толькі мая думка. І вельмі сімвалічна і шматабяцаюча тое, што ішла яна ў дзень Веры, Надзеі і Любові.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара
На базе сярэдняй школы № 1 адбылося чарговае пасяджэнне абласнога Савета па каардынацыйнай рабоце з сям’ёй
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ












