Спадарыню А. часта сустракаю на вуліцы. Прыветлівая, маладжавая, прывабная… А ў дадатак да ўсяго яшчэ і шчаслівая. Неяк пасля чарговай сустрэчы яна проста так папрасіла: «Напішы, калі ласка, аб маім шчасці… Я так удзячна гэтаму чалавеку!».
А чаму б не, падумалася, бо гэтага мужчыну я таксама ведала вельмі добра.
«Які гэта бацька.., – з адчаем гаварыла яго першая жонка. – Дзіця ў бальніцы ляжала, а ён вачэй не паказаў…» Прывабная, упэўненая, рашучая Г. і думкі не дапускала, каб адступіць, прабачыць, здрадзіць ідэалам і інтарэсам сям’і. Не даравала здраду і мужу. Адна мужна ўпраглася ў непамерныя клопаты і ўпарта цягнула гэты жыццёвы воз, забыўшыся на сябе….
«Ведаеш, я ні ў чым не павінна, – працягвала аповед А. – Проста працавалі разам. З мужам я была ўжо разведзена, раслі дзеці. А тут ён… Акружыў увагай, пяшчотай… А затым неўзабаве прыйшлі і пачуцці».
«Ніколі не ўзгадае, калі ў дзяцей ці ўнукаў дні нараджэння», – з уедлівасцю даказвала Г. сваю праўду аб гэтым чалавеку, некалі каханаму, бацьку яе дзяцей. На яе погляд, здрада – гэта горш смерці. Яна ўжо які дзясятак гадоў змагаецца з ім, тым, першым, каханым, каб даказаць ці яму, а хутчэй за ўсё самой сабе і дзецям, што яна ў правах, што яна ніколі не здрадзіць ні сабе, ні родным.
– Каб ты толькі бачыла, як ён ставіцца да маіх, цяпер ужо нашых, дзяцей і ўнукаў. Яны вельмі паважаюць яго. А дзеці толькі радуюцца нашаму шчасцю, – аж свеціцца ад шчасця А.
І сапраўды, радаваўся міжволі кожны, калі бачыў гэту дарослую пару – калі гэтыя двое, узяўшыся за рукі, ішлі заўжды з лагоднымі ўсмешкамі і, бяспрэчна, вельмі шчаслівыя. Яны свяціліся нейкім цудадзейным душэўным святлом, не маглі нарадавацца існаванню адзін аднаго.
А Г. працавала так, што іх калектыў быў нават сфатаграфаваны для мясцовай газеты. І ў кватэры – чысціня, парадак і дабрабыт. Старэйшыя дзеці звілі свае гнёзды і ніколі не забываюць на маці і любую бабулю, якая ўжо ў свае гады… паспела пагушкаць на руках нават праўнукаў.
А. выцерла з твару няпрошаныя слязінкі…. «Проста, на той момант гэты мужчына быў ужо свабодны. А сакрэт нашага шчасця – ва ўменні стварыць умовы для шчасця іншаму. Ён клапоціцца пра мяне, я – пра яго. Перажыць давялося і мне, бо я таксама некалі страціла любае дзіця…»
Дзве прыгожыя, мужныя жанчыны і адзін… любы. Так-так. Бо, злуючыся на таго, які падараваў ёй шчасце мацярынства, які столькі гадоў быў побач, Г. не магла забыцца на іх першыя сустрэчы, на нараджэнне кожнага з дзяцей, на гады сумеснага жыцця.
А А. дзячыла Богу за падаранае ёй на другой палове жыцця такое доўгачаканае жаночае шчасце.
Вуліцы горада зноў апрануліся ў рознакаляровае восеньскае адзенне. Ідзе пара бабінага лета. Яно заўжды прыгожае, ціхае і непаўторнае. Здаецца, само паветра напоўнена водарам кахання. І адзінокім у такую пару як ніколі хочацца сустрэць сваю адзіную палавінку. Цяпер усё залежыць ад Амура… Чарговае бабіна лета ўступае ў свае правы, але яно заўжды такое кароткае і непрадказальнае, як і жаночае шчасце.
Клаўдзія ДУБОВІК


