Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Суботнік

Каму давялося ў мінулую суботу ехаць з Рэчак у Балашы, той, вядома ж, бачыў, як кіпела праца на рэчкаўскім могільніку. Тут сабраліся мясцовыя жыхары і людзі з суседніх вёсак, прыезджыя, чые продкі знайшлі тут свой супакой. Запрашаць на суботнік не трэба было нікога, кожны, хто меў хоць крыху вольнага часу, прыйшоў сюды. З піламі, косамі, сякерамі спрытна ўпраўляліся мужчыны, жанчыны ж рвалі сухую расліннасць, прыбіралі і палілі голле. Працаваў тут і «Амкадор», які на некалькі гадзін згадзіўся выдзеліць старшыня «Алай зары» Мікалай Вайцяхоўскі. Машына вырывала карчы, раўняла зямлю.

– Працавалі ад паловы дзявятай да чатырнаццаці гадзін, – расказала старшыня Крывасельскага сельсавета Ірына Супрановіч. – Не было ў нас у гэтай справе ні начальнікаў, ні наглядаючых – усе дружна секлі, раўнялі, выносілі непатрэбнае, палілі. Мясцовыя жыхары сабралі больш за пяць мільёнаў рублёў на агароджу і вароты. Калі гэтай сумы не хопіць, астатняе бярэ на сябе сельсавет. А вясною вяскоўцы сабралі грошы на фарбу і самі дружна пафарбавалі плот.
Як адзначыла Ірына Аляксандраўна, людзі ў Рэчках вельмі працавітыя, неабыякавыя, лёгкія на пад’ём. Вырашылі штосьці – дружна збіраюцца разам і робяць. Тут многа людзей актыўных, якія не баяцца праяўляць ініцыятыву і браць на сябе адказнасць. Узяць, да прыкладу, мясцовага гандлёвага работніка Раісу Клімовіч. Без удзелу гэтай жанчыны ў Рэчках не робіцца ні адна добрая справа. Вось і на суботніку Раіса Мікалаеўна была ў першых радах.
– Прыемна ўразіла, што на суботнік з пілою ў руках выйшаў і мясцовы святар айцец Валянцін, – падзялілася Ірына Супрановіч. – Не адзін, а з сынам Маркам. Што тут скажаш, прыклад, варты пераймання.
А жыхары вёскі з гэткай жа падзякай гавораць пра свайго новага старшыню (Рэчкі адносяцца да Крывасельскага сельсавета з нядаўняга часу), якая працавала на суботніку разам з усімі. Вось гэта старшыня – ні кроплі фанабэрыстасці, простая з людзьмі, шчырая і ўсёразумеючая. Такім, мусіць, і павінен быць сапраўдны кіраўнік.
– Яна чалавек на сваім месцы і такая працаўніца – побач з намі, абуўшыся ў боты, цэлы дзень цягала тое голле, паліла, – сказала пра кіраўніка мясцовай улады Раіса Клімовіч. – З ёй разам пачалі мы вялікую справу па добраўпарадкаванні і, веру, усё задуманае зробім. Работа чакае яшчэ вялікая, але ж агульнымі намаганнямі ўсё лягчэй. Вось і грошы збіралі вельмі актыўна, нават тыя, хто не быў у вёсцы даўным-даўно, але памятае пра пахаваных тут продкаў. Дзякуй усім людзям, дзякуй нашаму старшыні.
Раіса Мікалаеўна падзялілася, што хоча, каб яе родная вёска жыла і квітнела. «Мы даб’ёмся, каб наш могільнік быў самым чыстым і дагледжаным у раёне», – запэўніла жанчына. І я веру, што даб’юцца. Бо працавітыя, актыўныя. А яшчэ таму, што берагуць памяць, гісторыю, што звязвае мінулае з будучыняй. Не для сябе – для сваіх нашчадкаў берагуць.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота прадстаўлены Ірынай СУПРАНОВІЧ

p style=»text-align: justify;»

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 185 queries