Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Больш рашучасці, меней абыякавасці запатрабаваў кіраўнік ад актыву

На чарговым пасяджэнні Даўгінаўскага сельвыканкама, якое прайшло на днях, закраналіся многія накірункі, па якіх працуюць вяскоўцы, і высвятляліся праблемы. Ішла самакрытычная размова-рада старшыні Аляксандра Маліноўскага з актывам. Тэмай пасяджэння стала выкананне мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі, а таксама па зносу пустуючых дамоў. І не толькі. У гэты ж дзень разглядаліся дзве сям’і, дзеці ў якіх знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Пра тое, што жыхары Даўгінава, ды і іншых населеных пунктаў сельсавета, клапоцяцца пра парадак, чысціню і прыгажосць сваіх сяліб, можна меркаваць, паглядзеўшы на падворкі, грамадскія месцы. Як адзначыў Аляксандр Маліноўскі, вяскоўцы і сапраўды сталі ўдзяляць пытанню добраўпарадкавання большую ўвагу. І ўсё больш і больш падворкаў, якія радуюць прыгожымі архітэктурнымі формамі – увасабленнем у рэальнасць ідэй творчых гаспадароў.
– На мэты добраўпарадкавання сёлета выкарыстана прыкладна сто мільёнаў рублёў, – адзначыў кіраўнік мясцовай улады. – За год, думаю, гэта лічбы будзе, як і летась, у межах 120-125 мільёнаў.
Адзначаючы арганізацыі, якія вызначаліся на добраўпарадкаванні, Аляксандр Мікалаевіч назваў у першую чаргу навучальныя ўстановы – Бубнаўскую, Пагосцкую, Даўгінаўскую школы, Язненскі садок. Тут дагледжаны тэрыторыі, створаны цікавыя экспазіцыі, высаджана мноства кветак і дэкаратыўных кустарнікаў. І ўсё гэта – справа рук і творчых настаўнікаў, і іх вучняў.
Гаворачы пра сельгаспрадпрыемствы (а іх на тэрыторыі сельсавета тры), старшыня сельвыканкама асабліва адзначыў філіял «Бубны» УП «Мінгаз» і УП «Вілія-агра», кіраўніцтвы якіх з разуменнем ставяцца да пытанняў добраўпарадкавання, па магчымасці дапамагаюць у розных справах.
Ёсць і арганізацыі, адзначыў Аляксандр Маліноўскі, да якіх яшчэ нямала пытанняў па навядзенні парадку. Ім, як малым дзецям, усё трэба падказаць і паказаць.
– Я лічу так: можаш зрабіць – зрабі, а не – прыйдзі ў сельсавет, скажы, што не ў стане ўхіліць нейкі недахоп – абавязкова пастараемся дапамагчы, – выказаў сваё меркаванне наконт гэтага старшыня. – Галоўнае, каб не было раўнадушша, абыякавасці.
Гэта ж датычыць не толькі арганізацый, але і жыхароў населеных пунктаў. Здараецца, зарослы пустазеллем падворак той-сёй апраўдвае адсутнасцю… касы. І яшчэ б можна было прыслухацца, каб гэта гаварыла адзінокая нямоглая бабулька (такім людзям у сельсавеце дапамагаюць ва ўсіх непад’ёмных для такога чалавека справах), дык жа і ад здаровага мужчыны іншы раз можна такое пачуць. Не дапамагаюць ні ўшчуванні, ні перакананні. У такіх выпадках, лічыць Аляксандр Маліноўскі, застаецца галоўны «козыр» – пратакол і пакаранне рублём. Што ж зробіш, калі іншае не дапамагае… А ўвогуле, мяркуе старшыня, ва ўсім бачна недапрацоўка санітарных камісій, работу якіх ён ацаніў на два балы. Больш рашучасці, меней абыякавасці пажадаў ён ім.
Падзячнымі словамі адзначыў кіраўнік мясцовай улады работу сацыяльнай службы, даўгінаўскіх працаўнікоў ЖКГ і дарожнай службы, з якімі ў сельвыканкама поўнае паразуменне. А ў такім выпадку і працаваць лягчэй.
Гаворачы пра перспектыву, кіраўнік мясцовай улады адным з прыярытэтаў назваў знос пустуючых дамоў, заклікаў вяскоўцаў дапамагаць сельсавету ў пошуку сваякоў тых, хто некалі жыў у гэтых дамах. Не прамінуў старшыня нагадаць і пра барацьбу з пустазеллем, якое да пэўнага часу лічылася ўпрыгожваннем вуліц, могільнікаў і нават прыдамавых кветнікаў – залатарнікам ды баршчавіком. Пра небяспеку, якую тоіць распаўсюджванне гэтых «кветачак», пісалася нямала, у тым ліку і ў нашай газеце.
Разглядаліся на пасяджэнні і дзве сям’і, дзе выхаванню дзяцей не надаецца належнай увагі. Недзе школьніца бачыць бясконцыя п’янкі-гулянкі, а там хлопчык, якога ведаюць у школе як адзіночку, «чужога сярод сваіх, свайго сярод чужых», часта застаецца без нагляду (бацька заняты на працы) – і ўзнікаюць канфлікты, ужо даволі сур’ёзныя… Неабыякава, з болем гаварылі пра гэта і старшыня, і настаўнікі, і суседзі. Далі слова і самім бацькам. Хочацца спадзявацца, што агульнымі намаганнямі сем’ям дапамогуць, і дзецям, што ў іх выхоўваюцца, будзе добра і цёпла (у поўным і пераносным сэнсе гэтага слова) дома са сваімі бацькамі, клапатлівымі і цвярозымі. Для гэтага ж трэба галоўнае – ваша, мамы і таты, жаданне і клопат пра сваіх дзетак.
Пасяджэнне закончылася прыемным – старшыня сельвыканкама Аляксандр Маліноўскі ўручыў падзячныя лісты прадстаўнікам арганізацый, якія сталі лепшымі ў добраўпарадкаванні сваіх тэрыторый. А прысутныя ў зале, павіншаваўшы перадавікоў цёплымі апладысментамі, змаглі паглядзець прыгожыя віды тых тэрыторый на камп’ютары.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара і прадастаўлены Галінай Ханашчак

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 185 queries